Мавр Янка
Шрифт:
Апошнія людзі ледзь паспелі ўзлезці на дрэвы, як драпежнікі абхінулі іх. Махайродаў было штук восем-дзесяць. Відаць, яны былі вельмі галодныя, бо не адыходзілі ад дрэў, на якіх сядзелі людзі, увесь час пазіралі на іх і нават станавіліся на заднія лапы, каб дастаць да іх. Жудасна было глядзець, як яны круціліся навокал.
Адзін з іх неяк падскочыў і зачапіўся пярэднімі лапамі і зубамі за ніжэйшую галіну. Ён круціўся, блытаўся, матаючы заднімі нагамі ў паветры. Людзі падняліся вышэй і з жахам сачылі за яго рухамі. Але, нарэшце, ён абарваўся і зваліўся на зямлю.
Другія прабавалі грызці дрэвы так, што трэскі ляцелі з-пад іх страшэнных іклаў. Але праз некаторы час яны супакоіліся і паляглі пад дрэвам. Здавалася, яны парашылі чакаць, пакуль хто сам злезе...
Мінула гадзіна, другая. Махайроды і не думалі адыходзіць. А калі некаторыя і адыходзілі, то зараз жа зноў вярталіся. Відаць было, што яны зрабілі тут прыпынак на доўгі час.
Яшчэ гадзіна прайшла. Становішча людзей рабілася дрэнным.
Тады яны паспрабавалі пашукаць іншага выхада - уцячы па дрэвах, як малпы.
Важак пералез на суседняе дрэва; за ім яго таварышы. Потым перабраліся на трэцяе. Горш за ўсіх было маткам з дзецьмі, але неяк перайшлі і яны. А далей было ўжо горш. Наступнае дрэва стаяла не так блізка, каб усе маглі лёгка перайсці. Спрытны Ра пераскочыў на суседнюю галіну, але яна так нахілілася і расхісталася, што іншым не варта было і думаць следаваць за ім.
Каб нашыя людзі маглі разважаць, то цяпер пэўна пашкадавалі б, што яны яшчэ мала падобныя да малпаў.
Тым часам махайроды пачулі шум у галлі і кінуліся ў гэты бок. Далейшая дарога была адрэзана...
Але вось у лесе пачуўся шум. Драпежнікі паўскаквалі і прыслухаліся. Сярод дрэў паказаўся насарог. Раптам махайроды кінуліся да яго і абкружылі з усіх бакоў.
Насарог глуха зароў, схіліў галаву і рынуўся на пярэдняга. Той адскочыў, а ў гэты самы момант чатыры пары іклаў прабілі бруха насарога ў чатырох месцах.
Страшны роў пракаціўся па лесе, і насарог, як шалёны, пачаў кідацца ва ўсе бакі. З роспачы ён выявіў такую спрытнасць, якой нават нельга было і чакаць ад гэткага нязграбнага волата. Але толькі аднаго ворага яму ўдалося разарваць сваім рогам, тады як сам ён атрымаў не менш дзесятка ран.
Хоць і страшэнныя былі гэтыя раны, але для такой вялізнай таўстаскурай жывёліны яны не былі яшчэ смяртэльныя, бо не папсавалі ўнутраных органаў. Бойка працягвалася...
Насарог знішчыў яшчэ аднаго ворага, затое сам ён меў выгляд нейкай кучы мяса, якое кавалкамі вісела з усіх бакоў. Ён сабраў апошнія сілы і пабег наперад. Але хутка грукнуўся на зямлю, і на яго населі махайроды.
Тады толькі людзі асцярожна злезлі з дрэў і ціхенька пайшлі далей.
IV
Нянасце.
– Прытулак у пячоры.
– Выгнаныя.
– Дзіўнае з'явішча.
– Агонь згас...
Ужо некалькі дзён цягнецца дажджлівае надвор'е. Сонца выгляне на кароткі час і зноў схаваецца, не паспеўшы асушыць зямлю. Асабліва вільготна і халодна ў лесе ўначы. Доўгія гадзіны сядзяць людзі дзе-небудзь пад дрэвам, прытуліўшыся адзін да аднаго, каб сагрэцца. Па ўсім целе безупынна цячэ вада; пад імі лужыны. А ноч цягнецца, цягнецца бясконца...
Надыходзіць дзень, таксама хмарны і дажджлівы, і прыносіць з сабой толькі голад. Маўклівыя, хмурыя, бадзяюцца людзі навакол, здавальняючыся ўсім, што трапіць у рукі. Няма ўжо таго таварыства паміж іх, што заўважалася перад гэтым. Няма тых «гутарак», тых рухаў. Мала ўжо чалавечага на іх звярыных тварах: усё часцей і часцей выбухае злосць. Два хлапцы пасварыліся з-за нейкай жабы, ледзь адзін аднаму горла не перагрызлі.
Паступова пачалі яны выходзіць з вільготнага лесу, накіроўваючыся ў той бок, дзе мясцовасць павышалася. Лес парадзеў, надвор'е крыху праяснілася, і яны ўбачылі перад сабой ужо інакшую мясцовасць: замест лесу цягнуўся шэраг камяністых узгоркаў, сярод якіх было параскідана шмат велізарных скал. За некалькі крокаў ад іх дзве такія скалы, наваліўшыся адна на адну, стварылі нібыта страху ці будку, у якой можна было схавацца ад дажджу. І калі ў гэты момант зноў запырскаў дожджык, людзі, зразумела, накіраваліся ў гэтую пячору. З якой прыемнасцю мокрыя, змораныя людзі размясціліся ў сухой пячоры! Здавалася, што яны адразу забыліся на голад і на холад, і на ўсе іншыя ліхасці. Яны расселіся і разлягліся на сухой зямлі і, можа, першы раз у сваім жыцці адчувалі сябе «як дома».
А там, па-за сцяной, надвор'е разгулялася не на жарт. Асабліва злаваў вецер, які намерваўся перайсці ў буру. Набліжаўся грукат грому.
Нарэшце і кроплі дажджу пачалі дасягаць сярэдзіны пячоры. Тут толькі заўважылі, што з другога боку, крыху вышэй, таксама была дзірка, праз якую і дасягаў дождж. Але бяда была невялікая: прытуліліся па кутках - і ўсё добра.
Бура тым часам мацнела; гром грукацеў ужо над самай пячорай. Але ж затое як прыемна было адчуваць, што цябе гэта не тычыцца, што тутака суха і ціха, у той час як там...