Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Войт. Не! Не! Не хачу! Пусціце! Не магу-у!
Карпач. А тады – мог. А за многа год да таго вёў служак на хату твайго бацькі. I дом таксама гарэў, з чалавекам.
Агна. То гэта ён. Дакраніся, Вецер. А пасля я.
Войт. Імем бога! Не-а! Не-а! Брудныя свінні! Не трэба чапаць мяне.
Вецер. I далонь мая нясе ворагу смерць.
Войт. Не-е-е-е!!! (У панічным жаху.) Ён не клятву! Ён!..
Вецер нібы прыпячатаў далонь яму да лба. Крык абарваўся. Усе глядзяць, як войт пакінуў звівацца, стаў як скамянелы, а пасля рухнуў на зямлю, як падсечанае дрэва. Мёртвая цішыня.
Карпач (падышоў і варухнуў яго наском чобата). Гатовы... То ты што, на самай справе?
Агна. Ён на самай справе. Хто дакранецца нас... хто дакранецца яго, – я змацавала, а ён даў слова, – той памрэ.
Вецер. О божа! З аднаго страху... (Уголас.) Куды гэтага?
Агна. Кінуць яго ў тварыла з нягашанай вапнай... Не будзе яго – не будзе і праклёну.
Народ стаіць, як уражаны Перуном.
Добра. Бывайце, дзеці. Не заклінаю вас ад стрэлу чужынскага, ад сухоты агнявой, ад корда, і шаблі, і пісталета, і доўбні, і ад стралы. Калі вам і мне суджана памерці – мы памрэм іначай. Але на ворага вашага перад бітвай нападзе трасенне ступіц і жылы падкаленнай, і нядужасць рукі, і цемра ў вачах, і жах смяротны, як у гэтага... і ён памрэ таксама верна, як вось гэты, што ляжыць перад вамі.
Карпач. Не цалую тваёй рукі. Мне яшчэ трэба жыць. Але людзі! Людзі! Гэта маці Ветра... Хіба яна маці Ветра?.. Яна маці нашага ўрагану!
Мужыкі моўчкі падымаюць зброю ўгору.
Маці ўрагану.
Цемра, тупат ног і пошчак капытоў.
Захрабошчуць пад доўбнямі латы. Звон на могілках поўнач прабіў. Скача ў цемры помста на катаў. Вый, магнат. Замахніся! Бі!Дзея другая
Карціна чацвёртая
Вялізная святліца ў карчме Магды Мякенькай. Злева – паліцы з сулеямі і пляшкамі, бочкі. Перад усім гэтым – стойка. За стойкаю – ачаг і дзверы ў кухаварню. У дальнім левым куце – дзверы на вуліцу. Тры акенцы ў задняй сцяне, адно – у правай. За імі роў, валы і над імі драўляныя муры і цагельныя, “бутавыя”, вежы Крычаўскага замка. Пад сценамі доўгае “Г” стала, лавы вакол яго. Стаяць дзве-тры бочкі ў якасці дадатковых сталоў. За стойкай Магда, ля яе дудар Яўхім Xмыз. За вялікім сталом сядзяць у кампаніі з куфлямі поп з Бесавічаў і поп Антох Крапіла.
Антох. Іцкавічы – цю-цю! Няма іх. Свой у нас цяпер арандатар.
Поп з Бесавічаў (сербануўшы). А табе што, ойча? Яны, як іудзеі, да цябе, папа, справы не мелі. Ты што пры іх, што пры Храптовічу наліжашся, як папова свіння, дый канец.
Антох. Ну і ты ледзь не кожны дзень п’яны як гразь. Але ты з распусты п’яны. А я – з жаласці да людзей, да парафіян сваіх.
Поп. Мялі, млын. Проста яны, абдзёртыя, табе за хрышчэнне ды адпяванне заплаціць не могуць, вось ты і точыш зубы на Іцкавічаў.
Антох. Бо ў мяне сумленне. Яно не дазваляе з голага ўзяць. А ты як? Ты з сыноў жабрака добрага каня вымагаў за адпяванне. А не было яго, то нябожчыка пахавалі неадпетага, як сабаку. Тры дні людзі на каленях стаялі, пакуль не згадзіўся магілу адпець... за мерку пшаніцы.
Поп. А чаго ты п’еш са мною? Унь як зямля напіўся.
Антох. Гэта ты падсеў. Праўда, людзі?
Магда з Яўхімам. Так... Анягож... Падсеў.
Антох. Падсеў. I лепей бы я з бесам піў, чым з папом, які з Бесавічаў.
Поп. Ой, заклею я твой вобраз.
Антох. Паспрабуй, асёл Валаамаў.
Магда . Цыц!
Яўхім. Не хапала яшчэ, каб папы пабіліся.
Магда. У мяне не паб’юцца. Я іх – жыва.
Яўхім. I праўда. У цябе бойка толькі, пакуль ты не ўмяшаешся. Гэта ж за дзесяць год ніводнага членапсавання.
Антох. Дзіва што. Грудзі – як дзве машыны сценабітныя... Азадак – вось як гэтыя дзве бочкі. А мы што? Мы людзі звычайныя, дзе ўстаяць?