Вход/Регистрация
  1. библиотека Ebooker
  2. Проза
  3. Книга "Навелы"
Навелы
Читать

Навелы

Цвэйг Штэфан

Проза

:

классическая проза

.
1996 г.
Аннотация

У кнігу ўвайшлі найбольш значныя навелы, што адлюстроўваюць розныя этапы творчасці пісьменнікаў, якія працавалі ў гэтым жанры: класіка нямецкай літаратуры Томаса Мана (1875–1955) і аўстрыйскай — Штэфана Цвэйга (1881–1942).

Навелы Томаса Мана рэалістычныя, як і ўся яго творчасць, якая, з’яўляючыся вяршыняй крытычнага рэалізму дваццатага веку, назаўсёды ўвайшла ў скарбніцу сусветнай літаратуры як адна з найбольш яркіх і змястоўнейшых яе старонак.

Сучаснік Ралана і Барбюса, Томаса Мана і Уэлса, Шоу і Горкага, таленавіты мастак Штэфан Цвэйг належаў да плеяды пісьменнікаў, якія працягвалі і развівалі ў дваццатым веку традыцыі крытычнага рэалізму. Лепшыя яго творы, прасякнутыя, па словах М. Горкага, «дзівоснай міласэрнасцю да чалавека», па праву могуць быць аднесены да найбольш значных з’яў навейшай заходнееўрапейскай літаратуры.

Барыс Сучкоў

Томас Ман

(1875–1955)

Пераклад Васіля Сёмухі

Вундэркінд

Вундэркінд выходзіць, у зале настае цішыня.

Настае цішыня, а потым людзі пачынаюць пляскаць, бо тут сярод іх апынуўся нехта, хто нарадзіўся, каб загадваць, вадзіць чалавечы статак, — той нехта запляскаў першы. Яны пакуль што нічога не чулі, але пляскаюць усе як адзін, бо ўсемагутная рэклама выперадзіла вундэркінда, і людзі ўжо абдураныя, і невядома, ці ўсведамляюць яны гэта.

Вундэркінд выходзіць з-за прыгожай шырмы, затканай вянкамі ў стылі ампір і вялікімі казачнымі кветкамі, якіх не бывае ў прыродзе, борздзенька лезе па прыступках на эстраду і ўвесь абвалокваецца воплескамі, быццам хвалямі, золка пацепваецца, абвеяны лёгкімі дрыжыкамі вусцішнасці,— і тым не меней гэта як бы яго родная, свойская стыхія. Ён падыходзіць да краю эстрады, усміхаецца, нібы каб яго фатаграфавалі, і дзякуе лёгкім, нясмелым, жаноцка-мілым паклонам, хоць ён — хлопчык.

Вундэркінд увесь у белым шоўку, і гэта, вядома, расчульвае залу. На ім белая шаўковая блуза, пад ёю такі самы шалік і нават туфлі з белага шоўку. Але з белых шаўковых штонікаў рэзка выступаюць калені, зусім карычневыя: вундэркінд — маленькі грэк.

Бібі Сакелафілакас — так яго завуць. Якім імем яго назвалі, адкуль узялося тое «Бібі», памяншальнае яно ці ласкальнае, ніхто не ведае, апрача імпрэсарыо, які лічыць гэта камерцыйнай тайнай. У Бібі абвіслыя да плячэй чорныя гладкія валасы, прабраныя касым радочкам і прыхопленыя вузкай шаўковай стужкай. У яго самы бестурботны дзіцячы тварык, яшчэ не сфармаваны носік, поўны няведання рот… толькі верх твару, пад смаляна-чорнымі, як у мышаняці, вачыма, ужо як бы абхуканы лёгкаю стомаю і пазначаны дзвюма характарнымі рыскамі. 3 выгляду яму гадоў дзевяць, ад роду ж — восем, выдаюць яго за сямігадовага. Папраўдзе, людзі і самі не ведаюць, ці верыць гэтаму. Магчыма, яны ўсё добра разумеюць, але вось жа вераць, — людзі спакон веку прывыклі так рабіць. «Прыгажосці,— думаюць яны, — патрэбна хоць каліўца ашукі. Што засталося б, — думаюць яны, — ад узнёслага лунання над будзёншчынай, калі б не свядомая згода прымаць яго нават за пяцігадовага?» І далібог жа, яны слушна разважаюць, людзі!

Вундэркінд дзякуе, пакуль не аціхаюць воплескі, потым падыходзіць да раяля, і людзі апошні раз кідаюць вокам на праграмку. Ага, спачатку будзе «Marche solenelle» [1] , потым «Reverie» [2] , а пасля «Le hibou et les moineaux» [3] — музыка Бібі Сакелафілакаса. Уся праграма складзена з ягоных твораў, гэта яго ўласныя кампазіцыі. Праўда, ён яшчэ не ўмее запісваць іх, усе яны ашчадна пакояцца ў яго маленькай, але незвычайнай галаве, і — як важка і непрадузята пазначана ў афішах, складзеных імпрэсарыо, — іх нельга не прызнаць сапраўдным мастацтвам. Падобна на тое, што гэтае прызнанне далося імпрэсарыо ў суровым змаганні з уласцівымі яму крытычнымі схілкамі.

1

«Урачысты марш» (фр.).

2

«Мроі» (фр.).

3

«Сава і вераб’і» (фр.).

Вундэркінд залазіць на табурэт-круцёлку, ёрзае, боўтае ў паветры ножкамі, намацваючы педалі, якія дзякуючы хітрамудраму прыстасаванню падняты вышэй звычайнага, каб Бібі мог даставаць да іх. Гэта яго, свой раяль, ён усюды возіць яго з сабою. Раяль умацаваны на драўляных блоках, паліроўка яго чаго толькі не пабачыла за час частых пераездак, але ад гэтага ўсё робіцца яшчэ больш цікавым.

Бібі ўладжвае свае бела-шаўковыя ножкі на педалі, робіць хітраваты твар, глядзіць у прастору перад сабою і падымае правую руку. Смуглае далікатна-дзіцячае ручаня, адна пясць не па-дзіцячы моцная, суглобы пальцаў рухавыя і пругкія.

Хітруе Бібі, бо ведае, што павінен іх крыху пазабаўляць. А сам сабе спадціха адчувае сваё шчасце, шчасце, якога не здолеў бы нікому апісаць. Шчыпучая радасць, таямнічае трымценне асалоды захлістваюць яго што раз, як толькі сядзе за раяль, — гэта яму ўжо дадзена назаўсёды. Клавіятура, сем чорна-белых актаў, па якіх ён так часта блукаў сярод прывідных відзежаў і трывожнага лёсу, зноў аддаецца на волю ягонай улады, — вось яно зноў усё перад ім, як некранутая, як начышчаная аспідная дошка. Музыка, музыка, вось яна ўся перад ім! Яна ляжыць перад ім неабсяжная і вабная, як мора, і Бібі можа ўкінуцца ў яе і шчаслівенька плыць, можа дазволіць ёй падхапіць, панесці яго, увабраць яго ў глыбіню, але ён умее ўтрымаць у руках уладу над ёю, умее загадваць, кіраваць ёю… Яго правая рука завісае ў паветры.

Зала затаіла дыханне. Усе напятыя, чакаюць першага гуку… Як гэта пачнецца? Пачалося! Бібі ўказальным пальцам здабывае гук з сярэдняга рэгістру, нечакана моцны гук, які нагадваў трубны. Новыя гукі сплятаюцца з ім, узнікае інтрадукцыя — зала пераводзіць дыханне.

Гэта шыкоўная зала ў адным з самых модных першакласных гатэляў, з сценамі, пазамазванымі ружовымі целамі, з люстрамі ў мудрагелістых завітках, з грувасткімі калонамі і незлічонай процьмай, цэлай зорнай сістэмай электрычных лямпачак, якія гронкамі, суквеццямі распускаюцца ўсюды, пранізваюць памяшканне куды больш яркім за дзённае, тонкім, залацістым, нябесным святлом. Ніводнага вольнага месца, нават у бакавых праходах і каля дзвярэй — людзі. У першых радах, дзе месца каштуе дванаццаць марак (імпрэсарыо ўзяў за прынцып трымацца высокіх цэн), размясціліся самыя выбраныя. Вундэркінд зацікавіў сабою высокі свет. Куды ні глянь — парадныя мундзіры, выштукаваныя ўборы паняў… Ёсць тут і дзеці: прыстойненька звесіўшы ногі з крэслаў, яны бліскучымі вачыма ўляпіліся ў свайго памечанага ласкай і мілатою божай, белашаўковага равесніка…

Наперадзе, злева, сядзіць вундэркіндава мама, дзябёлая мама з двайным падбароддзем і з пяром у прычосцы. Побач з ёю — імпрэсарыо, мужчына ўсходняга кшталту, з масіўнымі залатымі запінкамі, якія ладна вылазяць з рукавоў. А яшчэ бліжэй, пасярэдзіне рада, сядзіць прынцэса. Гэта малюпасенькая, сухенькая, зморшчаная прынцэса, але апякуецца мастацтвамі, калі толькі тыя вытанчана-далікатныя. Яна сядзіць у глыбокім аксамітным крэсле, а пад нагамі ў яе персідскі дыван. Склаўшы рукі пад грудзямі, на шаўковай у шэрую палоску сукенцы, прынцэса сузірае працоўнага вундэркінда і ўсёю сваёю пазітурай увасабляе спакой. Каля яе прыдворная дама. У гэтай на сукенцы палоскі ярка-зялёныя, але тым не меней яна ўсяго толькі прыдворная, якой нават не дазваляецца ямчэй умасціцца на крэсле. Як уладна гэтае малое распараджаецца раялем. Вушам сваім не верыш! Тэма марша — натхнёны ўзлёт палкай мелодыі — узнікае яшчэ раз у поўнай гарманічнай завершанасці — шырокая, дзёрзка-пераможная, і Бібі ў кожным такце адкідваецца назад, быццам сам маршыруе ва ўрачыстым шэсці. Магутны заключны акорд, — ён бачком спаўзае з табурэта, усміхаецца і чакае апладысментаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • ...
Купить и скачать
в официальном магазине Литрес

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: