Вход/Регистрация
Навелы
вернуться

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

Аднаго разу я прачнуўся, калі ў маёй маленькай магіле было ўжо зусім цёмна і ціха. Вентылятар я выключыў, і паветра падымалася да скроняў, ліпкае і вільготнае. Пачуцці былі нейкія прытупленыя, і мне спатрэбілся некалькі хвілін, каб уцяміць, дзе я і колькі цяпер часу. Відаць, было ўжо за поўнач, бо я не чуў ні музыкі, ні няспыннага шоргання ног; толькі машына, нястомнае сэрца левіяфана, пыхкала і штурхала скрыпучае цела карабля наперад, у неаглядную далячынь.

Вобмацкам я выбраўся на палубу. Яна была пустая. І калі я скіраваў позірк паверх дымнай вежы трубы і прывідна мігатлівага рангоўта, у вочы раптам ударыла яркае святло. Неба ззяла і здавалася цёмным побач з белізною зорак, якія пранізвалі яго, але ўсё-такі яно ззяла, быццам аксамітны полаг заслаў ярка асветленую паверхню, а іскрыстыя зоркі былі толькі адтулінамі і проразямі, праз якія прабіваўся гэты неапісальны бляск. Ніколі не бачыў я неба такім, як у тую ноч, такім ззяючым, халодным як сталь і разам з тым пералівіста-пеністым, залітым святлом, якое выпраменьвалі месяц і зоркі і якое быццам палымнела ў нейкай таямнічай глыбіні. Белым лакам блішчалі ў месячным святле абрысы парахода, якія рэзка вырысоўваліся на цёмным аксаміце неба: канаты, рэі, усё вузкае, усе контуры раствараліся ў гэтым струменістым бляску; нібы ў пустаце віселі агні на мачтах, а над імі круглае вока на Марсе — зямныя жоўтыя зоркі сярод ззяючых нябесных.

Над самаю галавою стаяла таямнічае сузор’е Паўднёвага Крыжа, мігатлівымі дыяментавымі цвікамі прыбітае да неба; здавалася, яно гайдаецца, хоць рух гэты быў выкліканы толькі ходам карабля, плыўца-волата, які з лёгкім дрыжаннем дыхаў на поўныя грудзі, то падымаўся, то апускаўся і падаваўся наперад, рассякаючы цёмныя хвалі. Я стаяў і глядзеў угору, адчуваў сябе, як пад душам: зверху цякла цёплая вада, — толькі гэта было святло, белае і цёплае, яно лілося мне на рукі, на плечы, яно ласкава струменілася вакол галавы і, здавалася, пранікала ўсярэдзіну, усё цьмянае ў маёй душы раптам праяснілася. Я дыхаў вольна, лёгка і неяк шчасліва адчуваў на вуснах, як празрысты напітак, мяккае, нейкае шыпучае, п’янлівае паветра, напоенае дыханнем пладоў і водарам далёкіх астравоў. Толькі цяпер, упершыню пасля таго, як я ступіў на сходні, я адчуў свяшчэнную радасць мараў і другую, больш пачуццёвую: аддацца, нібы жанчына, асалодзе, якая абкружала мяне. Мне хацелася легчы і скіраваць позірк угору на белыя іерогліфы. Але ўсе крэслы кудысьці прыбралі, і нідзе на пустыннай палубе не было відаць зручнага месца, каб адпачыць і памарыць.

Я пачаў вобмацкам прабірацца далей, да насавой часткі парахода, аслеплены святлом, якое ўсё мацней лілося на мяне з усіх бакоў. Мне было амаль балюча ад гэтага рэзка белага зорнага святла; мне хацелася схаваццца куды-небудзь у цень, выцягнуцца на цыноўцы, не адчуваць бляску на сабе, а толькі над сабою і на залітых ім рэчах, — гэтак глядзяць на пейзаж з зацемненага пакоя. Спатыкаючыся аб канаты і абыходзячы жалезныя лябёдкі, я дабраўся нарэшце да бака і стаў глядзець, як фарштэвень рассякае змрок і расплаўленае месячнае святло закіпае пенаю па абодва бакі ляза. Нястомна падымаўся і зноў апускаўся плуг, урэзваўся ў струменістую чорную глебу, і я адчуваў усе мукі пераможанай стыхіі, усю радасць зямной магутнасці ў гэтай іскрыстай гульні. Паглыблены ў сузіранне, я страціў адчуванне часу. Не ведаю, гадзіну я гэтак прастаяў ці некалькі хвілін; гойданне вялізнай калыскі карабля панесла мяне за межы зямнога. Я адчуваў толькі, што мною авалодвае прыемная стома. Мне хацелася спаць, марыць, але шкада было развітвацца з гэтымі чарамі, спускацца ў сваю магілу. Неўсвядомлена я намацаў нагою бухту каната. Я сеў на яе, заплюшчыў вочы, але ў іх усё-такі пранікаў серабрысты бляск, які струменіўся адусюль. Унізе я адчуваў ціхае журчанне вады, наверсе — нячутны звон белага патоку сусвету. І мала-памалу гэтае журчанне напоўніла ўсю маю істоту — я болей не ведаў самога сябе, не адрозніваў, маё гэта дыханне ці біццё далёкага сэрца карабля; я нібы растварыўся ў неспакойным цурчанні начнога свету.

Ціхі сухі кашаль пачуўся побач са мною. Я здрыгануўся і адразу прачнуўся ад свайго ап’янення. Вочы, аслепленыя белым бляскам, які пранікаў нават праз заплюшчаныя павекі, з цяжкасцю адкрыліся: якраз насупраць мяне, у цені борта, блішчала нешта, што нагадвала водбліск акуляраў; потым успыхнула вялікая круглая іскра, мабыць, агеньчык люлькі. Відаць, паглыблены ў сузіранне пены ўнізе каля носа карабля і Паўднёвага Крыжа наверсе, я не заўважыў гэтага суседа, які нерухома сядзеў тут увесь час. Міжвольна, яшчэ не ачуўшыся як след, я сказаў па-нямецку:

— Прабачце!

— О, калі ласка… — па-нямецку ж адказаў голас з цемры.

Не магу выказаць, як дзіўна і жудасна было сядзець моўчкі ў змроку побач з чалавекам, якога я не бачыў. Я міжвольна адчуваў, што ён глядзіць на мяне гэтак жа напружана, як і я на яго; струменістае і мігатлівае белае святло над намі было такое яркае, што кожны з нас бачыў у цені толькі абрысы другога. Але мне здавалася, што я чую, як дыхае гэты чалавек і як ён смокча сваю люльку.

Маўчанне зрабілася нязносным. Я з радасцю пайшоў бы, але гэта выглядала б вельмі ўжо няветліва. Ад збянтэжанасці я дастаў цыгарэту. Успыхнула запалка, і трапяткі агеньчык на момант асвятліў наш цесны закутак. За шкельцамі акуляраў я ўбачыў чужы твар, якога ні разу не сустракаў на борце — ні за абедам, ні на палубе, — і я не ведаю, ці то рэзнула мне ў вачах ад нечаканай успышкі, ці то была галюцынацыя, але твар здаўся мне змрочным, страшэнна перакрыўленым, нечалавечым. Аднак перш чым я паспеў добра разгледзець яго, змрок зноў паглынуў рысы твару, які толькі на момант аказаўся ў святле; я бачыў адно абрыс постаці, цёмнай на цёмным фоне, і часам круглае вогненнае кальцо люлькі. Мы абодва маўчалі, і гэтае маўчанне гняло, як душнае трапічнае паветра.

Нарэшце я не вытрымаў. Устаўшы на ногі, я ветліва сказаў:

— Добрай ночы.

— Добрай ночы, — адказаў з цемры хрыплы, цвёрды, быццам заржавелы, голас.

Я пабрыў, спатыкаючыся аб стойкі і такелаж. Раптам ззаду пачуліся крокі, паспешныя і няцвёрдыя. Гэта быў усё той самы незнаёмы. Я міжвольна спыніўся. Ён не падышоў да мяне ўпрытык, і я праз змрок адчуў нейкую нясмеласць і засмучанасць у ягонай хадзе.

— Прабачце, — паспешна загаварыў ён, — што я звяртаюся да вас з просьбаю. Я… я, — ён запнуўся і ад збянтэжанасці не мог адразу працягваць гаварыць, — я… у мяне ёсць асабістыя… чыста асабістыя прычыны шукаць адзіноты… цяжкая страта… я пазбягаю другіх пасажыраў… Вас я не маю на ўвазе… не, не… Я хацеў толькі папрасіць вас… вы мне зробіце вялікую ласку, калі нікому на борце не паведаміце пра тое, што бачылі мяне тут… На гэта ёсць… так сказаць, асабістыя прычыны, якія перашкаджаюць мне цяпер быць на людзях… так… толькі… мне было б вельмі непрыемна, калі б вы ўпамянулі пра тое, што хтосьці тут ноччу… што я…

Словы зноў заселі ў яго ў горле. Я паспяшаўся вывесці яго са збянтэжанасці і адразу ж паабяцаў выканаць гэтую просьбу. Мы паціснулі адзін аднаму рукі. Потым я вярнуўся ў сваю каюту і заснуў цяжкім, трывожным сном, поўным вычварных мрояў.

Я стрымаў абяцанне і нікому не расказаў аб дзівоснай сустрэчы, хоць спакуса была вялікая. У час марскога падарожжа ўсякая драбяза — здарэнне, ці то парус на гарызонце, ці то дэльфін, што падскочыць над вадою, ці то чый-небудзь выяўлены флірт або выпадковы жарт. Акрамя таго, мяне мучыла жаданне даведацца што-небудзь пра гэтага незвычайнага пасажыра; я прагледзеў суднавыя спісы ў пошуках прозвішча, прыглядваўся да людзей, намагаўся адгадаць, ці маюць яны да яго дачыненне; цэлы дзень я быў ва ўладзе ліхаманкавага нецярпення і чакаў вечара, спадзеючыся зноў сустрэцца з незнаёмым. Псіхалагічныя загадкі неадольна прыцягваюць мяне; яны хвалююць надзвычайна, і я не супакойваюся, пакуль мне не ўдаецца раскрыць іх таямніцу; людзі з дзівацтвамі адною сваёю прысутнасцю могуць выклікаць у мяне такую прагу заглянуць ім у душу, якая не шмат чым адрозніваецца ад неадольнага жадання жанчыны завалодаць чым-небудзь. Дзень здаўся мне бясконца доўгім. Я не мог знайсці сабе ніякага занятку. Я рана лёг спаць, бо ведаў, што апоўначы прачнуся, што нейкая сіла разбудзіць мяне.

І сапраўды, я прачнуўся ў той час, што і ўчора. Свяціўся цыферблат гадзінніка, стрэлкі якраз зліліся ў адну палоску святла. Я паспешна падняўся з душнай каюты ў яшчэ больш душную ноч.

Зоркі ззялі, як учора, і залівалі дрыготкі параход рассеяным святлом; у вышыні гарэў Паўднёвы Крыж. Усё было як учора; у тропіках дні і ночы — блізняты і яшчэ больш падобныя, чым у нашых шыротах, толькі ў мяне не было ўчарашняга ласкавага, хісткага, летуценнага ап’янення. Штосьці цягнула мяне, трывожыла, і я ведаў, куды мяне цягне: туды, да чорнай блытаніны снасцяў на носе, — даведацца, ці сядзіць ён там, нерухомы і таямнічы. Зверху пачуўся ўдар карабельнага звона. Мяне нібы нешта падштурхнула. Крок за крокам я рухаўся наперад, нехаця паддаючыся нейкай прыцягальнай сіле. Не паспеў я яшчэ дабрацца да месца, як наперадзе штосьці ўспыхнула, быццам чырвонае вока, — яго люлька. Значыцца, ён там.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: