Вход/Регистрация
Навелы
вернуться

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

І яны грымнулі — аднадушныя, расчуленыя, шалёныя. Паглядзіце толькі на абрысы сцягенцаў у гэтага дзіцяці, калі яно схіляецца ў жаноцка-манерным паклоне! Пляскайце! Пляскайце! Чакайце, я здыму пальчаткі! Брава, малютка Саколафікс, ці як там цябе! Ну й пракуда!

Бібі тры разы выходзіць з-за сваёй шырмы, перш чым публіка супакойваецца. Некалькі запозненых слухачоў, націскаючы ззаду, прадзіраюцца ў залу. Канцэрт ідзе далей.

3-пад пальцаў Бібі струменяцца яго «Reverie», яны ўсе складаюцца з арпеджыо, над якімі час-пары ўспырхваюць на кволых крылах фрагменты мелодыі. А потым ён грае «Le hibou et les moineaux».

Гэтая штучка мае грымучы поспех, яна заўсёды выклікае самае гарачае захапленне. «Le hibou et les moineaux» — сапраўдная дзіцячая музыка, у ёй усё дзівосна празрыста. У басах так і бачыш саву, — вось яна сядзіць і лыпае круглымі вачыма, тым часам як у верхніх галасах дзёрзка і палахліва чывікаюць вераб’і. Чатыры разы Бібі выклікаюць пасля гэтай п’ескі. Гатэльны служка з бліскучымі гузікамі выносіць яму на эстраду вялізныя лаўровыя вянкі і стаіць каля Бібі, пакуль той дзякуе. Нават прынцэса бярэ ўдзел у авацыі, і гэта выяўляецца ў тым, што яна бязважка-пяшчотна складвае плоскія далонькі, не робячы пры гэтым аніякага шуму…

Як гэты маленькі хітрулік умее падаграваць публіку! Ён не адразу выходзіць з-за шырмы, прымушае чакаць сябе, крыху прыпавольвае на прыступках, з дзіцячай непасрэднасцю любуецца стракатымі стужкамі на вянках, хоць яны ўжо даўным-даўно абрыдлі яму, чароўна кланяецца, дае публіцы часу пашалець, каб не ўпусціць ніводнага каштоўнага пляску. «„Meditation“ — гвозд маёй праграмы, — думае ён; гэтаму выразу навучыў яго імпрэсарыо. — Потым я зайграю вам фантазію, якая, калі ўжо на тое, лепшая за „Саву“, асабліва тая мясціна, пераход у до-дыез. Але ўсе вы звіхнуліся на гэтай саве і нэндзаецеся з ёю, хоць яна — мая самая першая, самая дурная рэч». — І ён грацыёзна выходзіць на камплімент.

Потым грае «Meditation» [4] , а там яшчэ і эцюд. Праграма ў Бібі даволі ёмістая. «Meditation», праўда, дужа нагадвае «Reverie», але ў Бібі гэта не загана, бо ў эцюдзе вундэркінд ззяе тэхнікай, якая, зрэшты, крыху саступае яго кампазітарскаму таленту. Але вось нарэшце і «Фантазія». Гэта яго любімая рэч. Яе ён грае кожнага разу крышачку інакш, дазваляе сабе маленькія вольнасці, і выпадаюць шчаслівыя вечары, калі ён сам бывае здзіўлены, як адкрыццём нябесным, раптоўным нечаканым паваротам мелодыі.

4

«Роздум» (фр.).

Ён сядзіць і грае, такі маленькі і сляпуча-белы перад вялікім чорным раялем, там, на сцэне, самотны выбранец, узнесены над безаблічным натоўпам, які ўвесь разам мае толькі адну нячуйную, няпругкую душу, над якою трэба валадарыць яго самотнай, яго інакшай душы… Мяккія чорныя валасы разам з шаўковай стужкай упалі на лоб, гнуткія трэніраваныя пальцы бегаюць па клавішах, і відаць, як пацепваюцца мускулы на смуглых дзіцячых шчоках. Часам прыходзяць секунды адсутнасці, самазабыццёвай адзіноты — тады яго дзіўныя, падведзеныя ценямі вочы касавурацца ўбок ад публікі, на размаляваную сцяну за раялем, і глядзяць праз яе, растаюць у мройнай далечы, населенай дзівосным жыццём. Але варта яму хоць краёчкам вока ўбачыць залу, як ён зноў тут, перад натоўпам.

Стогн і енк! Узлёт і падзенне!.. «Мая фантазія! — любоўна думае Бібі.— Слухайце ж, слухайце, зараз пойдзе тая мясціна, той самы пераход у до-дыез. — Яны заўважылі? Вой, дзе там! Нічога яны не заўважылі!» І вось, каб хоць чым павесяліць іх, Бібі эфектна ўскідвае вочы на плафон.

Людзі сядзяць доўгімі радамі і глядзяць на вундэркінда, і кожны думае пра сваё, пра самае рознае. Адзін стары сівабароды пан, з пярсцёнкам-пячаткай і шышкаватым гузаком на лысіне, думае сам сабе: «Даволі сорамна, шчыра кажучы, так і не адолець за ўсё жыццё песеньку пра „Трох паляўнічых з Курфальца“ — і цяпер сядзець тут такім сівагаловым ёлупам і набірацца розуму ў гэтага вундэркінда — рос-рос-недарос! Зрэшты, гэта дадзена яму зверху, гасподзь раздае свае шчадроты, тут нічога не парадзіш, і зусім не брыдка быць звычайным чалавекам. Гэта як з маленькім Ісусам. Дзіцяці можна пакланяцца не саромеючыся! А як дабратворна гэта ўплывае!» Ён не адважваецца падумаць: «Якая асалода!» «Асалода» — слова не да вуснаў тоўстаму старому геру. Але адчувае ён так! Адчувае ён менавіта так!

«Мастацтва… — думае насаты, як папугай, дзялок. — Што ж, вядома, яно дадае жыццю пэўнай вастрыні, усё гэта дрынканне, і белы шоўк, і розная іншая драбяза…

Але ж і малое не прападае. Прададзена не менш пяцідзесяці месцаў па дванаццаць марак, гэта ўжо шэсцьсот марак, без уліку астатніх білетаў. Калі адкінуць выдаткі на наём залы, асвятленне, праграмкі, дык і без таго застаецца дзве тысячы марак гатоўкай. Гэта не на пропадзь!»

«Ну, тое, што ён нам цяпер падносіць, гэта, напэўна, Шапэн! — думае выкладчыца музыкі, дзюбатая дама ў тых гадах, калі надзеі слепнуць, а розум абрастае з’едлівасцю. — Аднак, трэба сказаць, яму бракуе шчырасці. Так і буду казаць: хлопчыку бракуе шчырасці. Гэта гучыць няблага. Да таго ж у яго не тая школа, не, не тая, і няправільная аплікатура. Руку трымаць трэба так, каб з яе не спаўзала манетка. У мяне ён дастаў бы лапы!»

Маладзенькая дзяўчына, якая здаецца васковай, — такая бледная, у тым уражлівым узросце, калі наўме толькі розныя казытлівыя думкі, сама сабе маракуе: «Ды што гэта?!. Што ён грае? Ён жа грае палкасць! А сам яшчэ зусім дзіця горкае… Калі б ён цалаваў мяне, было б так, быццам цалуе мой маленькі брат, — гэта не цалунак. Значыцца, палкасць, магчымая сама па сабе, палкасць беспрадметная, без зямнога ўвасаблення. Проста такая дзіцячая гульня! Добра, скажы я гэта ўголас, і мяне запояць рыбным тлушчам. Такі ўжо гэты свет!»

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: