Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Iлья. Беларусам заўсёды шанцуе.
Радзівіл. Ён бы, вас адбіўшы, жыва Іцкавічаў, вось іх, вярнуў, і тут бы вам літасці не было.
Лаўрэн. Тут бы тады і вам усім літасці не было.
Радзівіл. Ого! А што, можа, мне і вярнуць іх вам? Пад канвоем палкі ў тры? Га?
Iлья. Вярні, княжа. Палкі нам – раз плюнуць. А яны? Ты ведаеш, колькі яны вышэй паложанага сабе ў кішэнь узялі?
Радзівіл. Ведаю. I чаму ўзялі – ведаю. Частку – аддалі.
Ілья. Паўтара мільёна яны сабе ўзялі.
Радзівіл. Ко-колькі?
Ілья. Паўтара мільёна.
Радзівіл (злавесна, аж усё сціхнула). Та-ак.
Гдаль. Ваша яснавяльможнасць! Ой, не вер!
Шмуйла. Маняць! Маняць!
Радзівіл. Не, не маняць. Та-ак. Ты, Пястжэцкі, зоймешся справай брата. Узяць! У жа-жалеза! У яму пад вежай. А то рас-рас-пусціліся з-з-занадта! Каб усіх яўрэяў пад замком, пакуль братца ў яму не кіну. Каб з ніводным з іх словам не па-паспеў пе-перакінуцца! Я-я-я стакрот гэта ўсё выб’ю. Я-я-я сінагогі вашы дымам пушчу. Прэч з вачэй!
Іцкавічы кінуліся ў дзверы.
Абселі! I брата абселі і мяне! (У ярасці.) Усіх дымам пушчу. I з вамі, што іх абагацілі, мужыцкія морды, тое ж будзе. (Прыпадак ярасці страшны.) За рабрыну іх на крук! На палю! Узяць!
Данаван, Пястжэцкі і Капітан набліжаюцца.
Iлья (спакойна). А яшчэ Радзівіл. Ніякай велічы. Іншыя Радзівілы ваююць, пракудзяць, кнігі выдаюць.
Лаўрэн. Крычыць, як рэзаны бугай. Іншыя Радзівілы – баявыя пеўні, а пан – кураня. Зносак.
Радзівіл. Агнём! Агнём выпалю.
Iлья (грымотным голасам). Хай вось тут кабеціна выйдзе.
Аліцыя. Чаго, я пагляджу.
Iлья. Ну што ж. Хай паглядзіць, калі цікава. (Цягне экран да каміна.) Чакалі доўга, то назапасілі.
Радзівіл. Агнём!
Iлья. Назапасілі. Знойдзецца на ваш агонь наша вада.
Стае за экран, з-за якога хутка засычэла і рванула пара. Iлья выходзіць, падцягваючы порткі. Усе стаяць збаранелыя.
Пёкур. Ды... ды што гэта? Ды... бог жа бачыць. (Сам сабе.) А ўрэшце, якога толькі растуды ён, бедны, на гэтай зямлі не бачыў.
Iлья (паказвае на Радзівіла). Чалавек стварыў бога па сваім вобразе і падабенстве.
Аліцыя. Геранім. Князь. Што тут пры мне робіцца?! (Пайшла да выхаду.)
Лаўрэн (ціха). Гэх, валіць, як ступа. Дрэнна йдзе.
Аліцыя (учула). Князь! Яшчэ й абражае. Ён, хамуйла гэты, сказаў, што я дрэнна йду.
Радзівіл (блізкі да ўдару). Ш-ш-ш-што?!
Лаўрэн. Пано-очак! Велькая вашамосць. Яна ў вас да таго ж і глухая. Дык я басам скажу, што шэптам сказаў:
Усе дзеўкі дрэнна йдуць, Мая дзеўка добра йдзець. Мая дзеўка добра йдзець: Круціць задам, як мядзведзь.I тут Радзівіл няўмела і зусім нечакана разрагатаўся. Нават крыху істэрычным смехам. I тут зарагаталі ўсе.
Аліцыя (трохі ўлешчаная). Бач ты... Эх, князь. Такі спектакль смехам сапсуў.
Радзівіл (рагоча). Ні-ні-ні-нічога. Паслоў не за-забіваць. Ідзіце, мужыкі. Я разгледжу ваш ліст. Адпраўце іх. Але глядзіце, калі па-па-падзецеся не пасламі, ды пад дрэнны настрой.
Лаўрэн. Які ж гэта ў вас, паночак, дрэнньі настрой, калі гэты называецца добры?
Ідуць да дзвярэй.
Радзівіл. Але ве-едай сваё месца, горад! Калі што – канец вам.
Iлья (заўважыўшы дыван перад дзвярыма, да Лаўрэна). Бачыш хаднік? Мужык! Бушацкая морда! Ты дзе? У палацы! I куд-ды ты прэш? Куд-ды ідзеш? Выцеры ногі, хамуйла!
Выціраюць ногі і выходзяць. Усе ашаломлена глядзяць ім наўздагон.