Вход/Регистрация
Навелы
вернуться

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

Але я не хачу гаварыць пра гэта. Я не магу і не буду нічога апісваць. Скажу толькі пра першую хвіліну свайго абуджэння. Я прачнулася ад свінцовага сну, скінула з сябе аковы такой бяздоннай ночы, якой ніколі раней не ведала. Я доўга не магла расплюшчыць вочы, і першае, што ўбачыла, была чужая столь у мяне над галавою, потым абрысы чужога, незнаёмага, агіднага пакоя, у якім я невядома як апынулася. Спачатку я пераконвала сябе, што гэта сон, толькі больш лёгкі, больш празрысты, у якім я забылася пасля таго ўдушлівага сумбурнага кашмару; але за вокнамі было яркае, рэзкае сонечнае святло, святло раніцы, знізу даносіўся вулічны шум, грукат колаў, трамвайныя званкі і чалавечыя галасы. І тут я зразумела, што не сплю, што гэта ява. Міжволі я прыўзнялася, спрабуючы ўспомніць, дзе я, і раптам ўбачыла — мне ніколі не перадаць вам жаху, які ахапіў мяне, — чужога чалавека, ён спаў са мною на шырокім ложку… чужога, чужога, чужога, паўголага, незнаёмага чалавека…

Не, гэты жах не паддаецца апісанню; ён так нечакана зваліўся на мяне, што я бяссільна апусцілася на падушку. Але гэта была не выратавальная непрытомнасць, не страта прытомнасці, наадварот — я імгненна ўспомніла ўсё страшнае, розуму недаступнае, што здарылася са мною; у мяне было адно жаданне — памерці ад сораму і агіды. Як магла я апынуцца ў нейкай падазронай трушчобе, на чужым ложку, з абсалютна незнаёмым чалавекам! Я выразна помню, як у мяне перастала біцца сэрца: я затрымлівала дыханне, быццам гэтым магла спыніць жыццё і пагасіць памяць, гэтую ясную, страшна ясную памяць, якая ўсё разумела, але нічога не магла асэнсаваць.

Я ніколі не даведаюся, ці доўга я гэтак праляжала анямелая — мабыць, вось так ляжаць нябожчыкі ў труне; ведаю толькі, што я заплюшчыла вочы і малілася богу, нябесным сілам, прасіла, каб гэта было няпраўда, выдумка. Але мае абвостраныя пачуцці ўжо не дапускалі падману, я чула ў суседнім пакоі чалавечыя галасы і плёскат вады, у калідоры шорганне крокаў, і тыя гукі гаварылі, што ўсё — праўда, жорсткая, няўмольная праўда.

Цяжка сказаць, колькі часу працягвалася гэтае невыноснае становішча: такія імгненні маюць другую працягласць, чым спакойныя адрэзкі часу. Але раптам мною авалодаў іншага роду страх, пранізлівы, халодны страх; а раптам гэты чалавек, імя якога я не ведала, прачнецца і загаворыць са мною! І я адразу ж зразумела, што мне застаецца толькі адно: адзецца і ўцякаць, пакуль ён не прачнуўся, больш ніколі не трапляцца яму на вочы, не гаварыць з ім, ратавацца ўцёкамі, пакуль не позна. Хутчэй прэч адсюль, у сваю жыццёвую каляіну, у свой гатэль, і з першым цягніком прэч з гэтага праклятага месца, з гэтай краіны! Больш ніколі не сустракацца з ім, не глядзець яму ў вочы, не мець сведкі, абвінаваўцы і саўдзельніка! Гэтая думка дала мне сілы: вельмі асцярожна, крадком, як злодзей, цаля за цаляю (толькі б не шумець) прабіралася я ад ложка да сваёй адзежы. Вельмі асцярожна я адзелася; я дрыжала ўсім целам і кожную хвіліну чакала, што ён прачнецца, — але ўсё ўдалося, я ўжо гатова ісці. Толькі капялюш мой ляжаў з другога боку, у нагах ложка, і калі я падыходзіла на дыбачках, каб узяць яго, тут… я проста не магла зрабіць інакш; я мусіла яшчэ раз зірнуць на твар гэтага чужога чалавека, які зваліўся ў маё жыццё, як камень з карніза; толькі адзін раз хацела я зірнуць на яго; і што болей за ўсё мяне здзівіла: гэты малады чалавек, паглыблены ў сон, быў сапраўды чужы; у першы момант я нават не пазнала яго твару. Быццам сцерліся ўчарашнія, перакрыўленыя пачуццём, зведзеныя сутаргаю рысы смяротна ўзбуджанага чалавека, — у гэтага юнака быў зусім другі, зусім дзіцячы, хлапечы твар, які ззяў яснасцю і чысцінёю. Вусны, учора закушаныя і сціснутыя, былі пяшчотна, летуценна раскрытыя і, здавалася, усміхаліся; хвалістыя бялявыя пасмы мякка падалі на разгладжаны лоб, і роўнае дыханне лёгкімі хвалямі ўзнімала грудзі.

Помніце, я казала вам, што ніколі яшчэ не бачыла выразу такога страшэнна моцнага азарту, як на твары ў гэтага незнаёмца за сталом. Але ніколі, нават у нявінных дзяцей, якія часам у сне здаюцца азоранымі ззяннем анёльскай чысціні, не бачыла я выразу такога прамяністага, такога сапраўды шчаслівага спакою. На гэтым твары, які выдаваў найтанчэйшыя адценні пачуццяў, цяпер была райская адлучанасць ад усіх клопатаў і турбот выратаванага чалавека. Пры гэтым нечаканым відовішчы з мяне, быццам цяжкі чорны плашч, зваліліся ўвесь страх і ўся боязь — мне болей не было сорамна, я амаль радавалася. Усё страшнае, усё недаступнае розуму раптам набыло сэнс, я адчувала радасць, гордасць пры думцы, што, калі б я не прынесла сябе ў ахвяру, гэты малады, далікатны, прыгожы чалавек, які ляжаў тут ціхамірна і спакойна, нібы кветка, быў бы знойдзены дзе-небудзь на ўступе скалы акрываўлены, нежывы, са знявечаным тварам, з дзіка вытарашчанымі вачамі; ён быў выратаваны, і выратавала яго я. І я глядзела мацярынскім позіркам (інакш не магу назваць гэта) на спячага, якога я вярнула да жыцця, як бы зноў нарадзіла, з яшчэ большымі пакутамі, чым сваіх дзяцей. Можа, яно гучыць смешна, але ў гэтым завэдзганым, агідным пакоі, у гэтым брыдкім, брудным гатэлі мяне ахапіла такое пачуццё, быццам я ў царкве, шчаслівае адчуванне цуду і святасці. Самая жахлівая хвіліна майго жыцця ператварылася ў другую, самую цудоўную, самую прасветленую.

Ці закранула я што-небудзь, ці ў мяне міжволі вырвалася нейкае слова — не ведаю. Але спячы раптам расплюшчыў вочы. Я здрыганулася ад страху. Ён пачаў здзіўлена азірацца; відаць, ён гэтак жа, як і я, з цяжкасцю стрэсваў з сябе цяжкі, глыбокі сон. Яго позірк неўразумела блукаў па чужым, незнаёмым пакоі, потым здзіўлена спыніўся на мне. Але ён яшчэ не паспеў сказаць нешта, як я ўжо авалодала сабою: толькі не даць яму сказаць ні слова, не дазволіць ні пытання, ні фамільярнасці, нічога не растлумачваць, не гаварыць, што адбылося ўчора і гэтай ноччу.

— Мне трэба ісці, — паспешна сказала я. — А вы заставайцеся тут і адзявайцеся. У дванаццаць гадзін мы сустрэнемся каля ўвахода ў казіно, тады я паклапачуся там аб далейшым.

І, не чакаючы яго адказу, уцякла, каб толькі не бачыць гэтага пакоя; я ўцякала без аглядкі з гатэля, назвы якога не ведала, як не ведала імені чалавека, з якім я ў ім правяла ноч.

Місіс К. на хвіліну перапыніла свой расказ. Калі яна зноў загаварыла, у яе голасе ўжо не было пакутлівага напружання. Як павозка, якая з цяжкасцю паднялася на вяршыню гары і потым лёгка і хутка коціцца ўніз, так натуральна і вольна ліліся цяпер яе словы:

— Я спяшалася ў свой гатэль па вуліцах, залітых ранішнім сонцам; пасля ўчарашняга ліўню паветра было чыстае і лёгкае — і гэтак жа было ў мяне на душы. Прыгадайце, што я казала вам раней: пасля смерці мужа я адмовілася ад прыватнага жыцця; дзецям не патрэбна была мая дапамога, сабе самой я была цяжарам, а ўсякае існаванне без пэўнай мэты — бессэнсоўнае. Цяпер упершыню мне выпала задача: я выратавала чалавека, вялізным намаганнем вырвала яго з небыцця. Заставалася пераадолець яшчэ некаторыя перашкоды, і мая мэта была б дасягнута. Дык вось — я дабегла да свайго гатэля; парцье сустрэў мяне здзіўленым позіркам: я ж вярнулася дадому толькі ў дзевяць раніцаю; але мяне гэта ўжо не кранала, ні сорам, ні прыкрасць не прыгняталі мяне. Жаданне жыць, радаснае ўсведамленне, што я камусьці патрэбна, горача хвалявала кроў. У сябе ў пакоі я хутка пераадзелася, несвядома (я заўважыла гэта толькі пазней) зняла жалобнае, замяніла на больш светлае, пайшла ў банк па грошы, потым паспяшалася на вакзал, каб даведацца, калі адпраўляюцца цягнікі; з незвычайнай энергіяй зрабіла, акрамя таго, яшчэ некалькі патрэбных спраў. Заставалася толькі ажыццявіць ад’езд і канчаткова выратаваць падкінутага мне лёсам чалавека.

Праўда, нялёгка было цяпер сустрэцца з ім, бо ўсё| ўчарашняе адбылося ў цемры, у нейкім віхры, быццам нечакана сутыкнуліся два камяні, скінутыя вадаспадам; мы ледзь ведалі адно аднаго ў твар, я нават не была ўпэўнена, што незнаёмы мяне пазнае. Учора гэта была выпадковасць, ап’яненне, вар’яцтва двух разгубленых людзей, а сёння мне давядзецца расказаць яму болей пра сябе, чым учора, бо цяпер, у яркім, бязлітасным святле дня, я мусіла паўстаць перад ім такою, якою была, — жывою жанчынаю, у якой ёсць свае асаблівасці і свой твар.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: