Вход/Регистрация
Навелы
вернуться

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

Вы, мабыць, думаеце, што першым маім імкненнем было схапіць кніжку, прагледзець яе, пачаць чытаць? Не і яшчэ раз не! Перш за ўсё я пачаў смакаваць радасць валодання ёю; мне хацелася доўга-доўга казытаць свае нервы, штучна адцягваць асалоду, гадаць, якую ж я ўкраў кніжку; мне хацелася, каб яна была з вельмі дробным, спорным шрыфтам, каб у ёй было вельмі-вельмі многа літар і вельмі-вельмі многа тоненькіх старонак, каб я мог чытаць яе як мага даўжэй. Добра было б, каб гэта былі — дзёрзкая мара! — Гамер ці Гётэ. Нарэшце я болей не мог справіцца з прагнаю цікавасцю. Я выцягнуўся на ложку, каб не выклікаць падазрэння ў наглядчыка, калі ён нечакана адчыніць дзверы, і дастаў з-пад папругі кніжку.

Першы позірк на яе не проста расчараваў мяне; я моцна ўзлаваўся: здабыча, з-за якой мне пагражала такая вялізная небяспека, якая выклікала ў мяне такія гарачыя надзеі, аказалася ўсяго толькі падручнікам па шахматнай гульні, зборнікам ста пяцідзесяці партый буйнейшых шахматыстаў свету. Калі б я не быў акружаны з усіх бакоў сценамі і кратамі, я б выкінуў кніжку ў прыступе злосці ў акно. Якая карысць, ну якая карысць мне ад гэткай лухты? Як большасць гімназістаў, я зрэдку, бавячы час, гуляў у шахматы. Але навошта мне гэтая тэарэтычная абракадабра? У шахматы нельга гуляць аднаму, тым болей без фігур і без дошкі. Я перагортваў са злосцю кніжку, думаў знайсці хоць што-небудзь для чытання — якую-небудзь прадмову ці тлумачэнне, — але не знайшоў нічога, акрамя роўных квадратных табліц з партыямі майстроў, з незразумелымі для мяне знакамі: «а2-а3», «Кf1-gЗ» і гэтак далей. Усё гэта было чымсьці накшталт алгебраічных формул, да якіх я не меў ключа. Толькі паступова здагадаўся я, што літары «а», «b», «с» абазначалі вертыкальныя рады, а лічбы ад 1 да 8 — гарызантальныя і што яны сведчылі аб знаходжанні там у гэты момант той ці іншай фігуры. Значыцца, гэтыя чыста графічныя дыяграмы ўсё-такі штосьці гаварылі. «Хто яго ведае, — думаў я, — калі мне ўдасца змайстраваць нешта накшталт шахматнай дошкі, то, можа, я змагу ўзнавіць гэтыя партыі». Прасціна ў мяне была выпадкова клятчастая, і гэта здалося мне божым дарам. Я склаў яе адпаведна, і ў мяне атрымалася поле, расчэрчанае на шэсцьдзесят чатыры квадраты. Я вырваў з кніжкі першы ліст, а яе саму схаваў пад матрац. Потым пачаў ляпіць з хлебнага мякіша караля, ферзя і другія фігуры (што з гэтага выйшла, было, канечне, смехатворна недасканала); нарэшце я адолеў незлічоныя цяжкасці і змог узнавіць на прасціне адну з пазіцый, прыведзеных у кніжцы. Але як толькі я паспрабаваў разыграць усю партыю, высветлілася, што няшчасныя фігуркі з хлеба, палову якіх, каб адрозніць чорных ад белых, я замазаў пылам, зусім не падыходзілі для мае мэты. У першыя дні я ўвесь час блытаўся, і прыходзілася пачынаць партыю зноў і зноў — пяць, дзесяць, дваццаць разоў. Але ў каго яшчэ было столькі лішняга вольнага часу, як у мяне, нявольніка навакольнай пустаты? У каго яшчэ магло быць такое ўпартае жаданне дабіцца свайго і такое цярпенне? Праз шэсць дзён я без ніводнай памылкі даводзіў партыю да канца, яшчэ праз восем дзён мне ўжо не трэба былі фігуры з хлебнага мякішу на прасціне, каб узнавіць у памяці расстаноўку фігур у партыях з падручніка, а яшчэ праз восем дзён мне непатрэбна стала і сама прасціна. Абстрактныя дагэтуль знакі «а1», «а2», «с7», «с8» самастойна паўставалі ў маім уяўленні як выразныя пластычныя вобразы. Пераход гэты адбыўся без ніякіх цяжкасцей: сілаю ўяўлення я мог узнавіць у памяці шахматную дошку і фігуры і дзякуючы строгай канкрэтнасці правіл адразу ж у думках ацаніць любую пазіцыю. Гэтак вопытны музыкант, ледзь зірнуўшы на партытуру, чуе партыю кожнага інструмента паасобна і ўсе галасы разам. Яшчэ праз два тыдні я без ніякага намагання мог згуляць любую партыю з кніжкі на памяць, ці, як гавораць спецыялісты, усляпую; толькі цяпер я да канца зразумеў, якім цудоўным падарункам стаў мне мой дзёрзкі крадзеж. Бо ў мяне з’явіўся занятак, хай бяссэнсавы і бязмэтны, але ўсё-такі занятак, які заступіў месца пустаты. З гэтага часу, імкнучыся зберагчы чароўнасць навізны, я пачаў дзяліць свой дзень: дзве партыі раніцаю, дзве партыі пасля абеду і кароткі разбор партый увечары. Вось так мой дзень, дагэтуль бясформны, як халадзец, аказаўся запоўненым; я быў заняты, але не стамляўся, бо выдатная асаблівасць шахмат у тым, што розум строга абмежаваў поле сваёй дзейнасці і не стамляецца нават пры вельмі моцным напружанні; наадварот, ён робіцца больш жывы, энергічны і востры. Спачатку я разыгрываў партыі механічна, але паступова, раз за разам паўтараючы партыі майстроў, я пачаў знаходзіць у гэтым мастацкае, эстэтычнае задавальненне. Я навучыўся адрозніваць тонкасці, хітрасці і пасткі нападу і абароны, зразумеў, як можна прадбачыць развіццё гульні на некалькі хадоў наперад, як падрыхтоўваюцца камбінацыі з атакаю і контратакаю, і хутка мог адрозніваць індывідуальную манеру гульні кожнага майстра, адрозніваць гэтак жа беспамылкова, як па некалькіх вершаваных радках можна вызначыць, хто іх аўтар; і тое, што спачатку служыла толькі сродкам, каб бавіць час, ператварылася ў асалоду, і непераўзыдзеныя стратэгі шахматнага майстэрства — Алёхін, Ласкер, Багалюбаў, Тартакавер, — як дарагія сябры дзялілі са мною турэмную адзіноту. Штодня ў маю камеру наведвалася мноства гасцей, а рэгулярныя заняткі шахматамі садзейнічалі таму, што мае разумовыя здольнасці, якія пачалі ўжо слабець, пачалі вяртацца да мяне; асвежаны мозг зноў працаваў, як і раней, і нават зрабіўся яшчэ больш гібкі і востры, дзякуючы пастаяннай разумовай дысцыпліне. Перш за ўсё ўзноўленая здольнасць ясна і лагічна мысліць выявілася на допытах; за шахматнаю дошкаю я несвядома выпрацаваў у сабе ўменне абараняцца ад ілжывых пагроз і замаскіраваных выпадаў і з таго часу не дазваляў сабе на допытах рабіць памылак. Мне нават здавалася, што гестапаўцы пачалі ставіцца да мяне з пэўнай павагай. Іх, відаць, здзіўляла, з якой невядомай крыніцы чэрпаю я сілу для далейшага супраціўлення, калі ўжо столькі людзей зламалася ў іх на вачах.

Шчаслівы час, калі я сістэматычна, дзень у дзень, разыгрываў гэтыя сто пяцьдзесят партый, цягнуўся два с паловаю — тры месяцы. А потым я нечакана зноў апынуўся ў тупіку. Вакол мяне раптам зноў была пустата. Як толькі я разоў дваццаць-трыццаць паўтарыў кожную партыю, прывабнасць навізны страцілася, камбінацыі больш не хвалявалі мяне, не зараджалі энергіяй. І таму заставалася адно выйсце з гэтага лабірынта: замест старых, добра вядомых партый самому стварыць новыя. Значыцца, трэба было паспрабаваць гуляць сам з сабою ці, дакладней, супраць сябе.

Не ведаю, ці задумваліся вы калі-небудзь над тым, як дзейнічае на інтэлект чалавека гэтая самая цудоўная з гульняў. Дастаткова, аднак, крыху падумаць, і стане ясна, што ў шахматах, як чыста разумовай гульні, дзе няма месца выпадковасці, гульня супраць самога сябе з’яўляецца абсурдам. Галоўная прывабнасць шахмат менавіта перш за ўсё ў тым, што стратэгія гульні развіваецца адначасова ў галовах двух розных людзей, і кожны з іх пры гэтым выбірае свой шлях; у гэтай бітве розуму чорныя не ведаюць, які манеўр зробяць белыя, і намагаюцца разгадаць яго, а белыя, са свайго боку, робяць усё, каб пранікнуць у тайную задуму чорных і даць ёй адпор. Пажадай адзін чалавек адначасова быць і белымі і чорнымі, узнікне недарэчнае становішча, калі адзін і той самы мозг у адзін і той самы час і ведае нешта, і не ведае яго; калі ён робіць ход за белых, ён павінен, як па камандзе, забыцца пра той хітры план, які задумаў ён толькі што за чорных. Такое раздваенне патрабавала б, акрамя расшчаплення свядомасці, і яе папераменнага ўключэння і выключэння, як у аўтамаце; карацей, гуляць супраць самога сябе гэтак жа парадаксальна, як спрабаваць пераскочыць цераз свой цень. Адным словам, я некалькі месяцаў адчайна спрабаваў зрабіць немагчымае, абсурднае. Але ў мяне не было выбару, акрамя гэтай недарэчнасці, бо інакш я рызыкаваў бы канчаткова страціць розум і ўпасці ў поўны душэўны маразм. У такім роспачным становішчы, каб не быць зусім раздушаным страшэннаю пустатою, я вымушаны быў хоць паспрабаваць дасягнуць гэтага раздваення паміж чорным і белым «я».

Дык вось, мне думаецца, што дагэтуль я ўсё тлумачыў вам даволі ясна. Але, на жаль, я не ўпэўнены, што гэтак зразумела будзе вам і тое, што здарылася далей. Справа ў тым, што гэты новы занятак патрабаваў такога ўсёабдымнага напружання розуму, што любы другі кантроль над астатняю яго дзейнасцю зрабіўся абсалютна немагчымым. Я ўжо казаў вам, што гульня ў шахматы з самім сабою — недарэчнасць, але, тым не менш, нейкая мінімальная магчымасць для такой гульні існавала б, калі перада мною ляжала б шахматная дошка, бо дошка — адчувальная рэч і выклікала б пачуццё прасторы, стварала б нейкую матэрыяльную мяжу паміж «праціўнікамі». Седзячы за сапраўднаю шахматнаю дошкаю і гуляючы сапраўднымі шахматнымі фігурамі, можна дазволіць сабе пэўны час на абдумванне кожнага ходу, можна знаходзіцца спачатку з аднаго боку і ўявіць сабе, як выглядае пазіцыя за чорных, а потым — як яна ўяўляецца белым. Але таму што гульню супраць сябе ці, калі ласка, з самім сабою, я мусіў весці на ўяўнай дошцы, то мне прыходзілася ўвесь час утрымліваць у галаве становішча ўсіх фігур на шасцідзесяці чатырох квадратах, і пры гэтым не толькі становішча ў цяперашні момант, але і разлічваць наперад усе магчымыя хады абодвух праціўнікаў. Я добра разумею, што ўсё гэта гучыць як абсалютнае вар’яцтва; для кожнага з маіх «я» мне прыходзілася ўяўляць сабе іх пазіцыю двойчы, тройчы, ды не, болей — шэсць, восем, дванаццаць разоў, ды яшчэ на чатыры ці пяць хадоў наперад. Прабачце, калі ласка, што я прымушаю вас разбірацца ва ўсёй гэтай вар’яцкай блытаніне; разыгрываючы ў абстрактнай прасторы фантастычныя партыі, я мусіў разлічваць некалькі хадоў наперад за белых і столькі ж хадоў за чорных, мусіў узважваць усе камбінацыі то з пункту гледжання чорных, то з пункту гледжання белых, іншымі словамі, спалучаць у адным сваім розуме і розум чорных і розум белых. Але самая сур’ёзная небяспека гэтага жудаснага эксперыменту заключалася не ў раздваенні майго «я». Яна была ў тым, што я мусіў самастойна разыгрываць мною ж прыдуманыя партыі і раз за разам траціў усякую глебу пад нагамі і быццам падаў у нейкую прорву. Пакуль я апошнія тыдні разыгрываў партыі майстроў, усё было добра: я проста паўтараў тое, што ўжо аднаго разу мела месца. Менавіта таму, што разыгрыванне чужых партый ніяк не закранала майго «я», яно дабратворна і супакойліва ўздзейнічала на мае разладжаныя нервы. Мне было абсалютна ўсё роўна, хто выйграе, чорныя ці белыя, бо за пальму першынства змагаліся Алёхін з Багалюбавым, у той час як я сам, мой розум, мая свядомасць толькі смакавалі тонкасці паядынку. Але як толькі я пачаў гуляць супраць сябе, я несвядома пачаў сапернічаць сам з сабою. Мае «Я» — белае і чорнае — павінны былі спаборнічаць адно з адным, і кожным з гэтых «я» валодала нецярплівае і славалюбнае жаданне выйграць, перамагчы; зрабіўшы ход за чорнае «я», я ліхаманкава чакаў, што адкажа маё белае «я». Абодва «я» папераменна трыумфавалі, калі другое «я» рабіла няправільны ход, і злаваліся, калі самі рабілі промах. Усё гэта выглядае зусім недарэчна, і, канечне, такая штучна створаная шызафрэнія, такое наўмыснае раздваенне свядомасці з усімі яго небяспечнымі вынікамі былі б немагчымыя ў чалавека ў нармальных абставінах. Не забудзьце, аднак, што з нармальных абставін я быў вырваны сілаю, бязвінна кінуты за краты, шмат месяцаў мяне вытанчана катавалі — катавалі адзінотай; злосць, якая сабралася, мусіла рана ці позна неяк выліцца. Але таму што маім адзіным заняткам была гэтая бяссэнсавая гульня з самім сабою, то злосць, прага помсты фанатычна вылівалася менавіта ў гэтай гульні. Я заўсёды хацеў узяць верх, але ўзяць верх я мог толькі над другім «я», з якім быў у стане пастаяннай барацьбы; вось чаму ў час гульні мною авалодвала амаль маніякальнае ўзбуджэнне. Спачатку я яшчэ гуляў спакойна і разважліва, рабіў перапынкі паміж партыямі, каб адпачыць. Але паступова мае хворыя нервы не маглі болей вытрымліваць гэтай перадышкі. Варта было беламу «я» зрабіць ход, як чорнае «я» ўжо ліхаманкава перасоўвала фігуру, і, як толькі канчалася адна партыя, я тут жа патрабаваў ад сябе наступнай, дакладней, кожны раз, калі адно маё шахматнае «я» цярпела паражэнне, яно неадкладна патрабавала ў другога «я» рэваншу. Я нават прыблізна не магу сказаць, колькі партый супраць сябе самога я згуляў, апанаваны гэтаю ненаеднаю прагнасцю, за доўгія месяцы зняволення, — можа, тысячу, а можа, і болей. Гэтае вар’яцтва запаўняла не толькі час, калі я не спаў, але пранікала потым і ў сон. Я мог думаць толькі пра шахматы, пра шахматныя хады, пра шахматныя задачы; часам я прачынаўся ў халодным поце і адчуваў, што гульня неўсвядомлена працягваецца і ў сне. Калі я бачыў у сне людзей, яны хадзілі, як слон ці тура, скакалі наперад і назад, як конь. Нават калі я быў на допытах, я ўжо забываўся пра адказнасць за свае словы і ўчынкі; мусіць, я выказваўся блытана і цьмяна: следчыя часам неяк дзіўна пазіралі адзін на аднаго. На самай жа справе, пакуль яны задавалі пытанні і думалі над маімі адказамі, я проста з нецярпеннем чакаў, каб мяне хутчэй вялі назад у камеру, дзе я зноў мог бы вярнуцца да свайго вар’яцкага занятку: пачаць новую гульню, потым яшчэ і яшчэ адну. Перапынкі ў гульні ўсё болей злавалі мяне. Нават у тыя пятнаццаць хвілін, калі наглядчык прыбіраў у камеры, у тыя дзве хвіліны, калі ён аддаваў мне ежу, мяне мучыла нецярпенне; часам абед заставаўся некрануты да вечара, бо я, захоплены гульнёю, забываўся пра яго. Адзінае фізічнае пачуццё, якое валодала мною, была страшэнная смага; мусіць, тут выяўлялася ліхаманкавае адчуванне пастаяннага разумовага напружання і гульні. Я двума глыткамі выпіваў бутэльку вады і маліў наглядчыка прынесці яшчэ адну, але праз якую хвіліну ў роце ў мяне зусім перасыхала. Нарэшце я пачаў прыходзіць у час гульні ў такое ўзбуджэнне — тады я з раніцы да ночы ўжо не думаў ні аб чым іншым, — што болей ні хвіліны не мог заставаццца спакойным; абдумваючы ход, я няспынна хадзіў па камеры — туды і назад, усё хутчэй і хутчэй, наперад і назад, наперад і назад. І чым хутчэй набліжалася развязка, тым імклівей лётаў я з кутка ў куток. Прага перамогі, перамогі над самім сабою, прыводзіла мяне ў шаленства, я дрыжаў ад нецярпення, бо адно з маіх шахматных «я» заўсёды адставала ад другога. Адно «я» падганяла другое, і — я разумею, што вам гэта здасца ідыёцтвам, — калі адно з маіх «я» недастаткова хутка рэагавала на ход, зроблены другім «я», то я злосна крычаў «хутчэй, хутчэй!» або «далей, далей!». Нарэшце насланнё пачало разбуральна ўздзейнічаць не толькі на мой мозг, але і на маё цела. Я моцна схуднеў, сон стаў трывожны; прачнуўшыся, я ледзь падымаў цяжкія павекі; часам я адчуваў сябе такім слабым, што, калі браў у рукі шклянку з вадою, дык ледзьве мог паднесці яе да вуснаў — так моцна дрыжалі ў мяне рукі. Але як толькі пачыналася гульня, мяне перапаўняла шалёная энергія. Я бегаў па пакоі, сціснуўшы кулакі, і часам да мяне даносіўся голас, які хрыпла крычаў «шах!» ці «мат!».

Не ведаю, як гэты жудасны, неапісальны стан скончыўся крызісам. Ведаю толькі, што аднаго разу раніцаю я прачнуўся, і абуджэнне было зусім незвычайнае. Знік цяжар ва ўсім целе, мне было лёгка і спакойна. Прыемная стомленасць, якой я не адчуваў ужо шмат месяцаў, ляжала на павеках, і мне было так утульна і добра, што я проста не мог прымусіць сябе расплюшчыць вочы. Нейкі час я ляжаў і цешыўся адчуваннем млявасці.

Раптам мне здалося, што я чую побач жывыя чалавечыя галасы, словы, якія гучалі ціха і асцярожна; вы можаце ўявіць сабе маё захапленне — бо мінула шмат месяцаў, можа, цэлы год, як я не чуў нічога, акрамя рэзкіх, жорсткіх, злых слоў маіх катаў.

«Ты спіш, — сказаў я сабе, — ты спіш. Нізавошта не расплюшчвай вачэй, хай гэты сон цягнецца як мага даўжэй, інакш ты зноў убачыш праклятую камеру, з крэслам, умывальнікам, сталом, шпалеры з нязменным малюнкам. Ты спіш — і спі далей».

Але цікаўнасць перамагла. Павольна, асцярожна расплюшчыў я вочы. І ўбачыў цуд: я быў у другім пакоі, больш прасторным, чым мая камера ў гатэлі; на акне не было кратаў, у яго вольна лілося святло, за акном замест цаглянага муру відаць былі дрэвы, зялёныя дрэвы, і вецер хістаў іх галіны, сцены ў пакоі былі белыя і бліскучыя, і столь — белая і высокая. Я ляжаў на новым. незнаёмым ложку, і — не, гэта не сон — побач са мною па-ранейшаму чуваць быў шэпт. Здзіўлены, я міжвольна зрабіў рэзкі рух і адразу пачуў, як нехта лёгкаю хадою накіраваўся да майго ложка. Падышла жанчына ў белай наколцы — сядзелка, сястра. Я ледзь ачуўся ад шчасця: цэлы год я не бачыў жанчын. Неадрыўна глядзеў я на гэты дзіўны прывід, і, мусіць, у маім позірку было такое шалёнае хваляванне, што яна спыніла мяне: «Спакойна, ляжыце спакойна!» Я слухаў толькі яе голас: няўжо са мною размаўляў чалавек? Няўжо на зямлі яшчэ ёсць людзі, якія не збіраюцца мяне дапытваць і катаваць? І потым — недаступны розуму цуд — гэта быў жаночы голас, мяккі, сардэчны, я б сказаў, нават ласкавы. Я неадрыўна, прагна глядзеў на яе губы — пасля года ў пекле мне здавалася неверагодным, што адзін чалавек можа ласкава гаварыць з другім. Яна ўсміхнулася мне, так, яна ўсміхнулася! Значыцца, на свеце яшчэ ёсць людзі, якія могуць прыветліва ўсміхацца. Потым яна прыклала палец да вуснаў і бясшумна адышла. Але паслухацца яе я не мог. Я яшчэ не насыціўся сузіраннем цуда. Мне захацелася сесці і праводзіць вачамі гэтае дзіўнае ласкавае стварэнне. Але калі я паспрабаваў абаперціся на край ложка, я не мог гэтага зрабіць. Замест правай рукі з далонню, пальцамі і кісцю я ўбачыў нешта чужое — вялікую, тоўстую белую выпукліну. Мая рука была моцна забінтавана. Я няўцямна глядзеў на вялікае патаўшчэнне і спачатку не зразумеў, што са мною; толькі потым я паволі пачаў здагадвацца, дзе я і што са мною здарылася. Мяне, мусіць, паранілі, і я ў бальніцы.

Апоўдні прыйшоў доктар, прыемны чалавек у гадах. Ён ведаў пра маю сям’ю, і мне адразу чамусьці здалося, што ён хоча паказаць сваю схільнасць да мяне, бо ён вельмі пачціва адазваўся пра майго дзядзьку — лейб-медыка імператара. Потым ён задаў мне некалькі пытанняў, адно з іх асабліва здзівіла мяне: хто я — матэматык, хімік? Я адказаў, што не.

— Дзіўна, — прамармытаў ён, — калі вы трызнілі, то ўвесь час выкрыквалі нейкія незразумелыя формулы «с3», «с4». Мы нічога не маглі зразумець.

Я спытаўся ў яго, што здарылася са мною.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: