Шрифт:
Вядома, што яшчэ задоўга да таго, як нацысты рушылі свае арміі супраць усяго свету, яны пачалі ствараць у суседніх з Германіяй краінах яшчэ адну не менш небяспечную і добра вымуштраваную армію — легіёны з людзей, пакрыўджаных, абыдзеных і абдзеленых лёсам. У кожнай канторы, на кожным прадпрыемстве існавалі іхнія так званыя ячэйкі; у іх былі шпіёны і выведнікі ўсюды, уключна да асабістых рэзідэнцый Дольфуса і Шушніга. Быў іхні агент і ў нашай несамавітай канторы, пра што я, на жаль, даведаўся занадта позна, — нікчэмны бяздарны канцылярыст, якога я ўзяў па рэкамендацыі аднаго святара, каб надаць нашай канторы выгляд сапраўднай дзелавой установы. Давалі мы яму толькі самыя нявінныя даручэнні: ён адказваў на тэлефонныя званкі, насіў пошту, падшываў паперы — зразумела, паперы, якія не мелі сур’ёзнага значэння. Яму ніколі не дазвалялася распячатваць карэспандэнцыю, усе важныя лісты пісаў я сам на машынцы і толькі ў адным экземпляры, усе істотныя дакументы я трымаў у сябе дома, а тайныя перагаворы вёў толькі ў пакоі прыёра ў манастыры ці ва ўрачэбным кабінеце майго дзядзькі. Дзякуючы гэтым мерам засцярогі выведнік не мог даведацца нічога істотнага; але, мусіць, няшчасная выпадковасць дазволіла ўбачыць славалюбіваму і фанабэрыстаму чалавеку, што яму не давяраюць і што за яго спінаю адбываюцца цікавыя рэчы. А можа, у маю адсутнасць адзін з кур’ераў неасцярожна сказаў «яго вялікасць» замест умоўленага «барон Берн», ці, можа, нягоднік распячатваў тайком лісты — як бы там ні было, яшчэ да таго, як я пачаў падазраваць што-небудзь, ён ужо атрымаў загад з Мюнхена ці Берліна сачыць за намі. Ужо значна пазней, пасля майго арышту, я ўспомніў, як ён, спачатку лянівы на службе, стаў праяўляць раптам у апошнія месяцы незвычайную стараннасць, шмат разоў настойліва прапаноўваў мне свае паслугі, каб занесці на пошту карэспандэнцыю. Мушу прызнацца, што я праявіў пэўную неасцярожнасць, але ж ці не здолеў Гітлер каварна абысці і перахітрыць буйнейшых дыпламатаў і генералаў? Гестапа сачыла за кожным маім крокам, — гэта наглядна пацвярджае той факт, што эсэсаўцы арыштавалі мяне ўвечары таго ж самага дня, калі адрокся Шушніг, і за дзень да таго, як Гітлер увайшоў у Вену. На шчасце, пачуўшы па радыё развітальную прамову Шушніга, я паспеў спаліць усе найбольш важныя дакументы, а другія, у тым ліку распіскі на каштоўныя паперы, якія былі за мяжою і належалі манастырам і двум эрц-герцагам, схаваў у кош з бруднаю бялізнаю і даручыў вернай аканомцы занесці ў дзядзькаў дом. Усё гэта было зроблена літаральна ў апошнюю хвіліну, калі нацысты ўжо грукалі ў дзверы.
Доктар Б. перарваў свой расказ, каб закурыць цыгару. Успыхнула запалка, і я ўбачыў, што правы куточак рота ў доктара нервова торгаецца. Я ўжо раней заўважыў гэтае мімалётнае, ледзь прыкметнае паторгванне, яно паўтаралася кожныя дзве-тры хвіліны і надавала яго твару надзвычайна неспакойны выгляд.
— Вы, відаць, чакаеце, што я раскажу вам пра канцэнтрацыйны лагер, у які кінулі ўсіх прыхільнікаў старой Аўстрыі і дзе іх мучылі, катавалі і зневажалі. Мая сціплая асоба сама па сабе, канечне, зусім не цікавіла гестапа, але яны здагадваліся, што мы былі падстаўныя асобы, апекуны маёмасці і давераныя іх лютых ворагаў. Яны хацелі прымусіць мяне перадаць ім у рукі дакументы, якія б выкрывалі манастыры, каб абвінаваціць іх ва ўтойванні капіталу; яны хацелі здабыць матэрыял супраць імператарскага дома і ўсіх прыхільнікаў аўстрыйскай манархіі. Яны падазравалі — і мелі на гэта ўсе падставы, — што значная частка фондаў, якія ішлі праз нашы рукі, была добра прыхавана і недасягальная для іх грабежніцкіх намераў. Вось таму яны і арыштавалі мяне ў першы ж дзень; яны разлічвалі, што, ужыўшы выпрабаваныя метады, даб’юцца ад мяне патрэбных звестак. Па гэтай прычыне людзей маёй катэгорыі, з якіх трэба было выціснуць грошы або важныя дакументы, не выслалі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Вы, можа, помніце, што нашага канцлера, а таксама барона Ротшыльда, ад сваякоў якога яны разлічвалі атрымаць мільёны, не кінулі ў лагер за калючы дрот; наадварот, ім стварылі асобыя ўмовы — іх змясцілі ў асобныя нумары ў гатэлі «Метраполь», дзе таксама размяшчаўся штаб гестапа.
Асобны пакой у гатэлі — гучыць вельмі чалавечна, ці не праўда? Але, паверце, яны зусім не збіраліся ствараць нам чалавечыя ўмовы. Замест таго каб загнаць нас, «важных асоб», у ледзяныя баракі па дваццаць чалавек у кожным, яны далі нам параўнальна цёплыя нумары ў гатэлі, але пры гэтым кіраваліся тонкім разлікам. Атрымаць ад нас патрэбныя звесткі яны збіраліся без ужывання, як звычайна, пабояў ці катаванняў, а з дапамогаю больш вытанчанага мучэння — мучэння поўнай ізаляцыяй. Яны нічога з намі не рабілі, яны проста змясцілі нас у вакуум, у пустату, добра ведаючы, што мацней, за ўсё ўздзейнічае на чалавечую душу адзінота. Яны ізалявалі нас ад свету. Я быў адзін, сам-насам з чатырма-пяццю маўклівымі рэчамі — сталом, ложкам, акном, умывальнікам. Я быў адзін, нібы вадалаз у батыскафе, якога апусцілі ў чорны акіян маўчання і які няясна адчувае, што выратавальны канат да знешняга свету адарваны і што яго ніколі не выцягнуць з нямой глыбіні. Я нічога не рабіў, нічога яе чуў, нічога не бачыў. Усюды ўвесь час была пустата — без адчування часу і прасторы. Можна было хадзіць з кутка ў куток, і за табою неадчэпна ішлі следам твае думкі. Туды і назад, туды і назад. Але нават думкам патрэбен які-небудзь пункт апоры, інакш яны пачнуць бяссэнсава кружыцца вакол сябе — яны таксама не выносяць пустаты. З раніцы і да вечара ты ўсё чакаеш чагосьці, але нічога яе адбываецца. Ты чакаеш, чакаеш і нічога не адбываецца. І ўсё чакаеш, чакаеш, усё думаеш, думаеш, думаеш, пакуль не пачне балець у скронях. Нічога не адбываецца. Ты па-ранейшаму адзін. Адзін. Адзін.
Так ішло два тыдні. Я жыў па-за часам, па-за жыццём. Пачніся тады вайна, я ніколі не даведаўся: мой свет абмяжоўваўся толькі сталом, дзвярамі, ложкам, умывальнікам, крэслам, акном, сценамі. Кожны раз, калі я глядзеў на шпалеры, мне здавалася, што хтосьці паўтарае іх зігзагападобны малюнак стальным разцом у мяне ў мозгу. Потым нарэшце пачаліся допыты. Выклікалі раптоўна — я не ведаў, удзень гэта было ці ўночы. Па выкліку прыходзілася ісці невядома куды, некалькімі калідорамі, потым чакаць невядома дзе. Нарэшце вы заўважалі, што стаіце перад сталом, за ім сядзіць некалькі чалавек у форме. На стале ляжалі стосы папер — дакументы, зместу якіх вы не ведалі; потым пачыналіся пытанні: патрэбныя і непатрэбныя, прамыя і каварныя, пытанні-шырмы і пытанні-пасткі. Пакуль вы адказвалі на іх, чужыя нядобрыя пальцы перагортвалі паперы, і вы не ведалі, што ў іх напісана, і чужая нядобрая рука запісвала вашы паказанні, і вы не ведалі, што, уласна, яна запісвала. Але самым страшным на допытах было тое, што я не ведаў і не мог даведацца, што сапраўды ўжо вядома гестапа пра аперацыі, якія рабіліся ў маёй канторы, і што яны яшчэ толькі спрабуюць выпытаць у мяне. Я ўжо казаў вам, што ў апошні момант аддаў аканомцы для перадачы дзядзьку самыя важныя паперы. Ці дайшлі да яго гэтыя дакументы? І што мог выдаць той канцылярыст? Колькі лістоў яны перахапілі? Што маглі яны ўжо выпытаць у якога-небудзь праставатага святара ў адным з германскіх манастыроў, чые інтарэсы мы прадстаўлялі? А яны ўсё пыталіся і пыталіся. Якія каштоўныя паперы купляў я такому-та манастыру? З якімі банкамі вёў дзелавую перапіску? Ці ведаў я вось такого пана? Ці атрымліваў я лісты са Швайцарыі ці з бог ведае яшчэ якога месца? Я не мог прадбачыць, да чаго яны ўжо дакапаліся, і кожны мой адказ тоіў вялізную небяспеку.
Але допыты былі яшчэ не самае страшнае. Горш за ўсё было вяртацца пасля допыту ў пустату — у той самы пакой, з тым самым сталом, з тым самым ложкам, з тым самым умывальнікам, тымі самымі шпалерамі. Калі я заставаўся адзін, я адразу пачынаў узнаўляць у памяці ўсё, што было на допыце, думаць, як я больш разумна мог бы адказаць на пытанні, перабіраць, што мне сказаць наступны раз, каб развеяць падазрэнне, выкліканае маёю неабдуманаю заўвагаю. Я ўсё гэта перабіраў у галаве, абдумваў з усіх бакоў, правяраў, узважваў кожнае слова, якое гаварыў следчаму, узнаўляў у памяці яго пытанні і мае адказы; я спрабаваў разабрацца, што з маіх паказанняў заносіцца ў пратакол, хоць добра ўсведамляў, што разлічыць і ўстанавіць усё гэта проста немагчыма. Але варта было мне застацца аднаму ў пустаце, думкі пачыналі шалёна круціцца ў галаве, яны выклікалі ўсё новыя меркаванні, не давалі мне спакою нават у сне; кожны раз услед за допытам у гестапа за работу бязлітасна браліся мае ўласныя думкі. Тут толькі я цалкам усвядоміў, з якою д’ябальскаю вытанчанасцю, з якім жахлівым веданнем чалавечай псіхалогіі была прыдумана сістэма турэмнай адзіноты ў гатэлі. У канцэнтрацыйным лагеры, мабыць, прыйшлося б вазіць на тачцы камяні, пакуль не натрэш на руках крывавых мазалёў і пакуль не адубеюць ногі, жыць у смярдзючай і халоднай каморцы разам з двума дзесяткамі няшчасных людзей. Але ж там вакол сябе можна было б бачыць чалавечыя твары, якое-небудзь поле, тачку, дрэва, зорку, там можна было б на чымсьці запыніць свой позірк; а тут навокал усё было нязменнае, увесь час адно і тое, жахліва нязменнае. Тут не было нічога, што адцягнула б мяне ад думак, ад назойлівых ідэй, ад хваравітых разлікаў. Гэтага яны і дабіваліся: яны хацелі, каб думкі душылі мяне, душылі да таго часу, пакуль я не пачну задыхацца, пакуль у мяне не будзе іншага выйсця, як здацца і нарэшце прызнаць, прызнаць усё, што ім патрэбна, выдаць людзей і дакументы. Паступова я пачаў адчуваць, што пад страшэнным ціскам пустаты нервы мае пачынаюць здаваць. Я разумеў, як гэта небяспечна, і з усіх сіл напружваў волю; каб канчаткова не страціць улады над сабою, я спрабаваў хоць чым-небудзь заняцца. Я спрабаваў дэкламаваць вершы, узнавіць у памяці ўсё, што калі-небудзь ведаў на памяць, — народныя песні, дзіцячыя вершыкі, Гамера, якога калісьці вывучалі ў гімназіі, параграфы грамадзянскага кодэксу. Потым я пачаў рашаць арыфметычныя задачкі, складаў і дзяліў у памяці разнастайныя лічбы, але ў пустаце свядомасці не было за што ўчапіцца. Я не мог ужо ні на чым сканцэнтравацца. У галаву лезла адна і тая ж думка, ліхаманкава пыталася: што яны ведаюць? Што я сказаў учора, што мне трэба сказаць заўтра?
Гэты стан перадаць немагчыма, і быў я ў ім чатыры месяцы. Чатыры месяцы — гэта лёгка напісаць, усяго некалькі літар! Лёгка і сказаць — усяго шэсць складоў. Губы скажуць за чвэрць секунды гэтыя гукі: чатыры месяцы! Але хто можа расказаць і вымераць, хто можа наглядна паказаць, як бясконца доўга цягнуўся гэты час за межамі часу і прасторы? Нікому не растлумачыш, ні сабе, ні каму-небудзь іншаму, як губіць і разбурае чалавека адзінота, калі навокал адна пустата, пустата і той самы стол і ложак, і ўмывальнік, і шпалеры, і ўвесь час цішыня, і ўсё той самы служка, які, не падымаючы вачэй, прасоўвае ў дзверы ежу, усё тыя ж думкі, якія ўночы не даюць табе спакою да таго часу, пакуль не пачнеш траціць розум. Па некаторых нязначных прыкметах я з жахам зразумеў, што мозг мой перастае дзейнічаць нармальна. Спачатку я прыходзіў на допыты з зусім яснаю галавою; я даваў паказанні спакойна і асцярожна і выразна адчуваў, што я павінен гаварыць і чаго не павінен. Цяпер жа я мог толькі адно — запінаючыся, гаварыць самыя простыя фразы, бо вочы мае неадступна сачылі за пяром, як загіпнатызаваныя, а пяро бегала па паперы, запісваючы паказанні, і мне самому хацелася імчацца ўслед за сваімі словамі. Я адчуваў, што сіла ў мяне канчаецца, адчуваў, што набліжаецца момант, калі дзеля выратавання я раскажу ўсё, што ведаю, а можа, нават і болей. Каб вырвацца з гэтай задушлівай пустаты, я выдам дваццаць чалавек і іх таямніцы, выдам без ніякай выгады сабе, атрымаю, мабыць, толькі кароткую перадышку. Аднаго разу ўвечары дайшло да таго, што, калі турэмны наглядчык прынёс мне ежу, я раптам закрычаў яму ўслед:
— Вядзіце мяне на допыт! Я хачу ва ўсім прызнацца! Я ўсё скажу! Я скажу, дзе паперы і грошы!
Але, на шчасце, ён не чуў мяне. А мо не хацеў чуць. І вось у гэты момант крайняй безнадзейнасці адбылося нешта непрадбачанае, што давала мне шанц на выратаванне, хай часовае, але ўсё-такі выратаванне. Быў канец ліпеня, цёмны, хмурны, дажджлівы дзень. Перад допытам заўсёды прымушалі доўга чакаць, гэта ўваходзіла ў іхнюю сістэму. Спачатку ўзбуджалі нервы раптоўным выклікам з камеры сярод ночы, потым, калі вы бралі сябе ў рукі і падрыхтоўваліся да допыту, калі ваша воля і розум былі напружаны і гатовы да супраціўлення, вас прымушалі чакаць, стаяць перад зачыненымі дзвярыма адну, дзве, тры гадзіны. Гэтая бяссэнсавая паўза была разлічана на тое, каб стаміць вас фізічна і зламаць маральна. У той чацвер, 27 ліпеня, яны трымалі мяне асабліва доўга, дзве гадзіны я стаяў і чакаў у прыёмнай. Зразумела, мне ніколі не дазвалялі садзіцца, і за гэтыя дзве гадзіны ногі мае зусім здранцвелі. Ёсць асаблівая прычына, чаму я добра запомніў дату — у пакоі, дзе я чакаў, вісеў каляндар; мне, паверце, цяжка растлумачыць вам, як прагнуў я ўбачыць што-небудзь надрукаванае, што-небудзь напісанае, і таму я, як зачараваны, утаропіўся ў гэтыя лічбы і літары: «27 ліпеня»; я проста ўпіваўся ў іх вачамі. Потым я зноў чакаў, усё чакаў, глядзеў на дзверы, пытаўся ў сябе: калі ж яны нарэшце адчыняцца? Я прыкідваў у галаве, якія пытанні паставяць мне гэты раз мае інквізітары, але добра разумеў, што спытаюцца яны пра нешта зусім іншае, а не пра тое, да чаго я падрыхтаваўся. І ўсё-такі, нягледзячы ні на што, я бласлаўляў гэтую пакутлівую невядомасць, неабходнасць стаяць: бо я быў ў другім, не ў сваім пакоі. Гэты пакой быў крыху большы за мой, з двума вокнамі замест аднаго, без ложка, без умывальніка і без мільён разоў бачанай трэшчыны на падаконніку. Дзверы былі афарбаваны ў другі колер, каля сцяны стаяла другое крэсла, а злева — шафа пад паперы і вешалка, на якой віселі тры ці чатыры мокрыя шынялі, шынялі маіх катаў. Перада мною было нешта новае, нешта іншае, свежае відовішча згаладалым вачам, і яны прагна ўбіралі ўсе падрабязнасці. Я разглядваў кожную складку на шынялях; я заўважыў, напрыклад, што на адным мокрым каўняры павісла кропля, і — вам гэта, пэўна, будзе смешна — я з бяссэнсавым хваляваннем чакаў, ці адарвецца нарэшце гэтая кропля і скоціцца з каўняра, ці яна здолее пераадолець зямное прыцягненне і ўтрымаецца на месцы. Гэта праўда, на некалькі хвілін я затоіў дыханне і сачыў за кропляю, быццам ад яе залежала маё жыццё. Калі кропля нарэшце скацілася, я ўзяўся пералічваць гузікі на шынялях, — на адным было восем, на другім таксама восем, на трэцім — дзесяць; потым я параўноўваў знакі адрознення. І ўбачыў такое, на чым зачаравана замёр мой позірк. Я заўважыў, што бакавая кішэня аднаго шыняля крыху адтапырваецца. Я падсунуўся бліжэй і па прамавугольных абрысах таго, што ляжала ў кішэні, здагадаўся, што гэта была кніжка. Калені мае задрыжалі. Кніжка! Чатыры месяцы я не трымаў у руках кніжкі, і ўжо сама думка пра кніжку, што словы ў ёй могуць складвацца ў радкі, а тыя ў старонкі, аркушы і нарэшце ўсё гэта ў кніжку, у якой можна знайсці і запомніць новыя, невядомыя мне дагэтуль, цікавыя думкі, — усё гэта адначасова і ўзбуджала, і адурманьвала мяне. Я, як загіпнатызаваны, глядзеў на адтапыраную кішэню, у якой ляжала кніжка, глядзеў з такою моцнаю прагаю, быццам хацеў прапаліць сваім позіркам дзірку ў шынялі. Нарэшце я не мог болей стрымліваць нецярпення; міжволі я ўсё бліжэй падсоўваўся да шыняля. Рукі мае моцна дрыжалі пры адной думцы, што я магу дакрануцца да кніжкі, — хоць бы толькі праз тканіну. Ужо хутчэй несвядома, не ведаючы, што я раблю, я ўсё бліжэй падсоўваўся да вешалкі. На шчасце, наглядчык не звяртаў увагі на мае не зусім звычайныя паводзіны; мусіць, ён не бачыў нічога асаблівага ў тым, што чалавек, які прастаяў на нагах дзве гадзіны, хоча абаперціся аб сцяну. Нарэшце я стаяў ужо зусім блізка ад шыняля. Каб атрымаць магчымасць непрыкметна дакрануцца да яго, я адвёў рукі за спіну. Я пакратаў рукою кішэню і пераканаўся, што ў ёй сапраўды было нешта прамавугольнае, гнуткае, крыху хрусткае, — кніжка, кніжка! І раптам у мяне маланкай пранеслася ў галаве думка: «Украдзі гэтую кніжку! Калі табе ўдасца гэта, ты можаш схаваць яе ў камеры і чытаць, чытаць, чытаць, нарэшце-такі зноў чытаць!» Ледзь толькі гэтая думка ўзнікла ў маёй галаве, як яе атрута адразу ж пачала моцна дзейнічаць: у мяне зазвінела ў вушах, моцна затахкала сэрца, пальцы на руках пахаладзелі і адмаўляліся слухацца. Але калі першае здранцвенне мінула, я непрыкметна прыціснуўся да шыняля і, ні на імгненне не зводзячы вачэй з наглядчыка, пачаў схаванымі за спіну рукамі выштурхоўваць кніжку з кішэні — вышэй, вышэй, а потым рывок, асцярожны і лёгенькі рух на сябе, і ў руках у мяне раптам аказалася невялічкая кніжачка. Толькі тут я спалохаўся таго, што зрабіў. Але адступаць было нельга. А куды ж схаваць кніжку? Я засунуў яе ззаду пад штаны так, каб яе трымала папруга, а потым паступова перасунуў набок. Цяпер я мог пры хадзьбе трымаць кніжку на адным месцы, прыціснуўшы па-вайсковаму рукі па швах. Трэба было паспрабаваць, што з гэтага выйдзе. Я зрабіў крок.
Потым пачаўся допыт. Ён патрабаваў ад мяне большага напружання, чым звычайна; адказваючы на пытанні, я не думаў над адказамі, а сканцэнтроўваў усе намаганні на тым, каб не даць упасці кніжцы. На шчасце, допыт гэты раз цягнуўся нядоўга, і мне ўдалося без перашкод пранесці кніжку ў камеру. Не буду стамляць вас падрабязнасцямі; скажу толькі, што ў калідоры быў вельмі небяспечны момант: кніжка выслізнула з-пад папругі ў штаны, і мне прыйшлося сімуляваць бурны прыпадак кашлю, каб сагнуцца аж да падлогі і зноў надзейна засунуць кніжку за папругу. Але якое было маё шчасце, калі я прынёс яе ў сваё пекла і нарэшце застаўся адзін, але болей я ўжо не быў адзін!