Шрифт:
На добры лад ехаць у Торэ-дзі-Вэнэрэ след у верасні, калі самая гарачая публіка раз’язджаецца і курорт пусцее, альбо ў траўні, пакуль мора яшчэ не нагрэецца настолькі, каб хто з тутэйшых рызыкнуў у ім апаласнуцца. Праўда, і ў міжсезонне там не пуста, але ж не дужа шумна і не так наітальянена. Англійская, нямецкая, французская гаворка пераважае пад тэнтамі будак на пляжы і ў сталовых пансіёнаў, тым часам як яшчэ ў жніўні, прынамсі, у «Гранд-гатэлі», дзе мы мусілі спыніцца, не маючы прыватных адрасоў, такая навалач фларэнтыйцаў і рымлян, што чужаземец адчувае сябе не толькі чужым, але як бы пастаяльцам другога гатунку. Гэта мы з некаторай прыкрасцю заўважылі першага ж вечара, калі спусціліся паабедаць у рэстаран і папрасілі мэтрдатэля паказаць нам вольны столік. Супроць прапанаванага нам століка запярэчыць, зрэшты, не было прычыны, але нас прывабіла зашклёная веранда на бок мора, што, як і зала, была запоўнена, але там яшчэ заставаліся вольныя месцы і на століках гарэлі лямпачкі пад чырвонымі абажурамі. Такая святочнасць вельмі спадабалася нашым дзецям, і мы з шчырым сэрцам заявілі, што хацелі б на веранду — і тым самым выявілі сваю поўную недасведчанасць, бо нам, крыху сумеўшыся, сказалі, што гэтая раскоша толькі «нашым кліентам», «ai nostri clienti». Нашым кліентам? Ну, тады гэта нам. Мы ж не якія там матылькі-пырхункі, мы пастаяльцы, якія прыехалі на тры тыдні, а можа, і на месяц, мы пенсіянеры. Зрэшты, мы не настойвалі, каб нам удакладнілі розніцу паміж намі і той кліентурай, што мае права акладацца пад чырвонымі лямпачкамі, мы з’eлі наш pranzo [8] за сталом, асветленым сціпла і будна, у агульнай зале — абед так сабе, сярэдненькі, безаблічны і нясмачны гатэльны стандарт; кухня пансіёна «Элеанора», што, можа, крокаў за дзесяць далей ад мора, здалася нам пазней куды смачнейшай.
8
Абед (іт.).
Туды мы перабраліся дні праз тры-чатыры, яшчэ як след не асвойтаўшыся ў «Гранд-гатэлі» — і нават зусім не за тую веранду і чырвоныя лямпачкі: дзеці адразу здружыліся з афіцыянтамі і пасыльнымі, без памяці радаваліся мору і неўзабаве начыста забыліся на прыгожыя прынады. Але з некаторымі заўсёднікамі веранды ці, правільней, з дырэкцыяй гатэля, што плазам плазавала перад імі, адразу ўзнік адзін з тых канфліктаў, якія з самага пачатку псуюць жыццё на курорце. Сярод іх былі рымскія багацеі і нейкі princire [9] Ікс з сям’ёй, нумар гэтага панства быў суседні з нашым, і княгіня, велікасвецкая дама і разам з тым палкай любові маці, была напалохана рэшткамі ядухі, якою абое нашыя малыя незадоўга да таго перахварэлі і слабое водгулле якой яшчэ часам уначы парушала звычайна здаровы сон нашага меншанькага. Сутнасць гэтай хваробы не вельмі ясная, што дае прастору ўсялякім прымхам, а таму мы зусім не пакрыўдзіліся на нашу элегантную суседку за тое, што яна падзяляла дужа пашыраную думку, быццам ядухай заражаюцца акустычна, — інакш кажучы, проста баяліся благога прыкладу сваім дзецям. Па-жаночы гордая сваёй знакамітасцю, яна звярнулася ў дырэкцыю, пасля чаго апрануты ў сурдут службовец паспяшаўся з вялікім-вялікім жалем абвясціць нам, што пры такіх акалічнасцях наша перасяленне ў флігель гатэля проста мусовае. Дарма талкавалі мы яму, што гэтая дзіцячая хвароба на апошняй стадыі затухання, што яна фактычна пераадолена і не нясе ніякай небяспекі нікому. Адзінае, у чым ён саступіў нам, быў дазвол вынесці выпадак на суд медыцыны, гатэльны ўрач — і толькі ён, а не які-небудзь наш запрашэнец — можа быць пакліканы развязаць пытанне. Мы згадзіліся на гэтую ўмову, бо не сумняваліся, што такім чынам і княгіня ўгамоніцца, і нам не давядзецца перабірацца. Прыходзіць доктар, ён аказваецца сумленным і вартасным слугою навукі. Ён абследуе малога, выяўляе, што той зусім ужо здаровы, і выключае якую-колечы небяспеку. Мы ўжо лічым, што справа ўладжана, аж не — службовец заяўляе, што, нягледзячы на заключэнне ўрача, нам трэба вызваліць нумар і перабірацца ў флігель.
9
Князь (іт.).
Такое халуйства абурыла нас. Сумняваюся, што вераломная ўпартасць ішла ад княгіні. Хутчэй за ўсё дагодлівы службовец проста не адважыўся давесці ёй заключэнне ўрача. Як бы там яно ні было, мы сказалі яму, што лепей ужо зусім з’едзем, без адкладу лішняга, — і пачалі пакавацца. Мы маглі так зрабіць без ніякіх дакораў сумлення, бо тым часам паспелі пабыць мімаходзь у пансіёне «Элеанора», які адразу ўпадабаўся нам сваім ветла-сямейным выглядам, мы пазнаёміліся з яго гаспадыняй, сіньёрай Анджальеры, якая зрабіла на нас самае добрае ўражанне. Мілавідная, чарнавокая дама, тасканскага тыпу, мабыць, крыху за трыццаць, з матавай, колеру слановай косці скурай, мадам Анджальеры і яе муж, заўсёды дбайна апрануты, ціхі і лысы спадарок, трымалі ў Фларэнцыі большы пансіён і толькі ўлетку і ранняй восенню ўзначальвалі філію ў Торэ. Раней, да замужжа, наша новая гаспадыня была кампаньёнкай, касцюмеркай, больш за тое — сяброўкай Дузе, — эпоха, якую яна, відаць, лічыла самай значнай і шчаслівай у сваім жыцці і пра якую ўжо ў першы наш прыход пачала жвавенька расказваць. Безліч здымкаў вялікай акторкі з сардэчнымі надпісамі і іншыя рэліквіі іх ранейшага жыцця ўпрыгожвалі сцены і этажэркі гасцёўні сіньёры Анджальеры, і хоць ясна было, што гэты культ яе цікавага мінулага ў нейкай меры таксама закліканы павялічыць панадную сілу яе сённяшняга занятку, мы, ідучы за ёю па доме, з прыемнасцю і нават крыху спагадліва слухалі яе расказ пра бясконцую дабрыню, сардэчную шчырасць і мілату яе нябожчыцы гаспадыні, які яна падавала на адрывістым і зычным тасканскім дыялекце.
Вось туды мы і сказалі перанесці нашыя рэчы на вялікі жаль слугоўцаў «Гранд-гатэля», якія ў добрай італьянскай завядзёнцы вельмі любілі дзяцей; памяшканне, якое нам далі, было ізаляванае і прыемнае, дарога да мора, сярод прысадаў маладога тапольніку, што аж выбягалі на прыморскі праменад, блізкая і зручная, сталовая, дзе сіньёра Анджальеры штодня аполудні сваімі рукамі налівала суп, зацішная і чысценькая, прыслуга далікатная і ласкавая, стол выдатны, мы нават спаткалі ў пансіёне знаёмых з Вены, з якімі пасля абеду можна перакінуцца словам-другім і якія, у сваю чаргу, звялі нас са сваімі сябрамі, так што ўсё магло быць цудоўна, мы толькі радаваліся перамене жытла, і нішто, здавалася, не замінала добра адпачываць.
Але душэўнага спакою не было. Магчыма, нас усё яшчэ даймала бязглуздая прычына пераезду — я павінен сказаць вам, што заўсёды цяжка даходжу да раўнавагі, калі сутыкаюся з такімі пашыранымі чалавечымі ўласцівасцямі, як прымітыўнае злоўжыванне ўладай, несправядлівасць, халуйская разбэшчанасць. Гэта ўжо даўно грызе мяне, змушае да роздуму, бясплённага і дражлівага, бо такія праявы зрабіліся занадта звычайнымі і буднымі. Да таго ж мы нават не адчувалі, што пасварыліся з «Гранд-гатэлем». Дзеці, як і раней, вадзіліся з персаналам, калідорны папраўляў ім цацкі, і час ад часу мы пілі чай у садзе гасцініцы, часам бачылі там княгіню, якая, з крыху падведзенымі каралавай шмінкай вуснамі, велічна-цвёрдым поступам выходзіла, каб зірнуць на сваіх, давераных англічанцы дарагіх дзетак, і не здагадвалася пра нашу небяспечную блізкасць, бо мы свайму малому строга-строга наказалі нават не сморкацца пры ёй.
Ці варта казаць, што стаяла страшэнная спёка? Спёка была проста афрыканская: жудасная тыранія сонца, варта было толькі адарвацца ад сіняй, колеру індыга прахалоды, была такая няўмольная, што нават адна подумка пра тое, каб прайсці некалькі крокаў ад пляжа да стала, прымушала ўздыхаць. Як вы пераносіце спёку? Скажам, калі яна стаіць тыднямі? Вядома, гэта поўдзень і класічнае паўднёвае надвор’е, клімат, які паслужыўся росквіту чалавечай культуры, сонца Гамера і так далей. Але праз нейкі час, мімаволі, я ўжо схільны лічыць, што гэты клімат атупляе. Дзень у дзень усё тая самая распаленая пустэча неба спакваля пачынае мяне гнясці, стракацізна фарбаў, залішне рэзкае і бясхітраснае святло хоць і абуджаюць святочны настрой, пасяляюць у душы бесклапотнасць і ўпэўненасць у сваёй незалежнасці ад капрызаў і зменлівасці надвор’я, аднак, хай спачатку сам таго не разумееш, высушваюць, не даюць задаволіць больш глыбокія і няпростыя вымогі нардычнай душы, а з часам навязваюць нават нешта падобнае на пагарду. Праўда ваша, не будзь гэтай дурной гісторыі з ядухай, я, мусіць, успрыняў бы ўсё інакш: я быў раздражнёны, можа, нават хацеў успрымаць усё менавіта так і амаль несвядома падхапіў гатовы штамп калі не дзеля таго, каб выклікаць у сабе такое ўспрыманне ўсяго, што вакол мяне, дык каб хоць бы неяк яго апраўдаць і падмацаваць. Але калі нават дапусціць нейкую нашую злую волю, — дык у тым, што да мора, што да ранішніх гадзін на пяску перад яго нязменнай велічнасцю, ні пра што такое і гаворкі быць не магло; і ўсё-такі, насуперак усяму нашаму мінуламу вопыту, мы і на пляжы не пачуваліся лёгка і радасна. Так, мы прыехалі занадта, занадта рана: як я ўжо сказаў, я ўсё яшчэ быў ва ўладзе мясцовага сярэдняга класа — несумненна, прыемная разнавіднасць людзей, вы маеце рацыю, сярод моладзі можна было сустрэць і высокую душэўнасць, і фізічную прыгажосць, але, як правіла, вакол нас была чалавечая пасрэднасць і мяшчанская безаблічнасць, якія, вы не будзеце пярэчыць, адштампаваныя ў тутэйшым поясе, нічым не лепшыя за тыя экземпляры, што пракідаюцца і пад нашым небам. Але ж бо і галасы ў тутэйшых кабет! Часам проста не верылася, што мы ў Італіі — калысцы ўсяго заходнееўрапейскага вакальнага мастацтва. «Fuggiero!» Дагэтуль у вушах стаіць гэты крык, нездарма ж цэлых дваццаць дзён ён грымеў амаль побач са мною, бессаромна хрыпаты, жахліва акцэнтаваны, з віскліва расцягнутым «е», быццам яго вырывала з яе нейкая ўжо прывычная роспач: «Fuggiero! Rispondi almeno!» [10] . Пры гэтым «sp» вымаўлялася вельмі вульгарна, як «шп», што ўжо само па сабе раздражняе, асабліва калі ты і без таго не ў гуморы. Крык гэты быў адрасаваны мярзотнаму хлапчаняці з агіднай язвай ад сонечнага апёку паміж лапаткамі, які не меў сабе роўні ў зацятасці, свавольстве і ліхой шкодлівасці, усё, з чым я калі сутыкаўся — тут нішто; да таго ж ён быў страшэнны баязлівец і не пасаромеўся ў сваёй абуральнай маладушнасці перапалошыць увесь пляж. Неяк аднаго разу яго ў вадзе ўшчыкнуў за нагу краб, а горасны енк, які быў вывергнуты ім з такой нікчэмнай прычыны на манер антычных герояў, проста душу раздзіраў, і ўсе падумалі, што сталася няшчасце. Мабыць, ён лічыў сябе цяжка параненым. Ён выпаўз на бераг і ў невыносных, здавалася, пакутах качаўся па пяску, лямантаваў «ohi!» i «oime!», біў рукамі і нагамі, не слухаў матчыных заклёнаў і ўгавораў блізкіх і знаёмых, што абступілі яго. З усіх бакоў збегліся людзі. Прывялі доктара, таго самага, які так добра разабраўся з нашай ядухай, і зноў пацвердзілася яго навуковая непрадузятасць. Дабрадушна суцяшаючы пакутніка, ён заявіў, што ўсё гэта дробязь, і проста параіў свайму пацыенту яшчэ пакупацца, каб ахаладзіць драпіну ад крабавых клюшняў. Замест гэтага Фуджэра, быццам ён сарваўся са скалы альбо ўтапіўся, паклалі на зымправізаваныя насілкі і праз натоўп пляжнікаў панеслі з пляжа, — але гэта не перашкодзіла яму на раніцу зноў там паявіцца і, як бы незнарок, таптаць пясчаныя крэпасці другіх дзяцей. Адным словам, кашмар адзін, а не дзіця!
10
Фуджэра! Азвіся! (іт.).
У дадатак гэты дванаццацігадовы бэйбус быў адным з галоўных барометраў пэўных настрояў, якія амаль няўлоўна віселі ў паветры ды засмуцілі нас і сапсавалі нам прыемны адпачынак каля мора. Чамусьці тутэйшай атмасферы бракавала прастаты і нязмушанасці, мясцовая публіка «пільнавалася», спачатку нават цяжка было вызначыць, у якім сэнсе і духу, яна лічыла сваім абавязкам выпінацца, выстаўляла напаказ адзін перад адным і перад іншаземцамі сваю сур’ёзнасць і прыстойнасць, адмысловую патрабавальнасць у пытаннях гонару — што б гэта азначала? Але неўзабаве нам стала зразумелая палітычная дамешка — тут спрычынілася ідэя нацыі. І сапраўды пляж кішэў юнымі патрыётамі — маркотнае і агіднае прыродзе відовішча. Дзеці ж як бы складаюць асобы чалавечы род, так сказаць, адмысловую нацыю; усюды ў свеце яны лёгка і проста сыходзяцца дзякуючы аднолькаваму ладу жыцця, нават калі іх малы слоўны запас належыць да розных моваў. І нашыя малышы вельмі скора пачалі гуляць з тутэйшымі, як, зрэшты, і з дзецьмі іншаземцаў. Але іх спасцігала адно незразумелае расчараванне за другім. Сюд-туд паўставалі крыўды, заяўляла пра сябе самалюбства, надта хваравітае і нахрапістае, каб быць прынятым на поўным сур’ёзе; выбухалі разладзіцы паміж флангамі, спрэчкі за месца і першынства; дарослыя ўмешваліся не так прыміраючы іх, як спыняючы спрэчкі і ахоўваючы ўстоі, грымелі фразы пра веліч і гонар Італіі, фразы зусім не пацешныя і псотныя ў любой гульні; мы бачылі, што абодва нашы малыя адыходзяць заклапочаныя і разгубленыя, і стараліся, як маглі, растлумачыць ім стан рэчаў: гэтых людзей, казалі мы ім, ліхаманка трасе, яны перажываюць такі стан, ну, накшталт хваробы, не вельмі прыемны, але, відаць, непазбежны.
Нам толькі заставалася наракаць на сябе і сваю бестурботнасць, калі ў нас дайшло да канфлікту з гэтым, хоць зразуметым і прынятым намі ў разлік станам, — яшчэ аднаго канфлікту; выдае на тое, што ранейшыя таксама не былі выпадковыя. Карацей кажучы, мы зняважылі маральнасць. Наша дачушка — ёй восем гадоў, але па фізічным развіцці ёй і сямі не дасі, такая яна шчупленькая, — досыць накупаўшыся, перастала гуляць на пляжы ў мокрым касцюмчыку і атрымала ад нас дазвол папаласкаць у моры купальнік, на які наліп пясок, каб потым надзець яго і ўжо болей не пэцкаць. Голенькая, яна бяжыць нейкіх там некалькі метраў да вады, акунае касцюмчык і вяртаецца назад. Ці ж маглі мы прадбачыць тую хвалю зласлівасці, абурэння, пратэсту, якую выклікаў яе, а значыцца, наш учынак? Я не збіраюся чытаць вам лекцыю, але ўсюды ў свеце адносіны да чалавечага цела і да яго галізны за апошнія дзесяцігоддзі рэзка перамяніліся, зрабіўшы свае ўплывы і на нашыя пачуцці. Ёсць рэчы, на якія проста «не зважаюць», да іх належала і свабода, дадзеная гэтаму дзіцячаму цельцу, якое ніякіх эмоцый не выклікала. Але тут гэта было ўспрынята як выклік. Юныя патрыёты загалёкалі. Фуджэра, заклаўшы пальцы ў рот, свіснуў. Узбуджаныя гамонкі дарослых побач з намі рабіліся ўсё гучнейшыя і не наканавалі нічога добрага. Панок у фраку і ссунутым на патыліцу, вельмі не пляжным кацялку ледзь не божыцца сваёй скандальнай даме, што гэтага ён так не пакіне; ён вырастае перад намі, і на нас валіцца філіпіка, у якой увесь пафас тэмпераментнага поўдня пастаўлены на службу самым чапурыстым патрабаванням прыстойнасці.