Вход/Регистрация
Навелы
вернуться

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

Потым малодшая прыспешвае сястру:

— Ну, расказвай, што там.

Старэйшая стаіць з задумлівым тварам. Нарэшце гаворыць разгублена, як бы самой сабе:

— Нічога не разумею.

— Што?

— Гэта так дзіўна.

— Што?.. Што?.. — задыхаючыся, пытаецца малодшая.

Старэйшая прыходзіць у сябе, а меншая моцна прыціснулася да яе, каб не прапусціць ніводнага слова.

— Гэта вельмі дзіўна… зусім не так, як я думала. Ён увайшоў у пакой і, мусіць, хацеў яе абняць ці пацалаваць, бо яна сказала яму: «Кінь гэта, мне трэба пагаварыць з табою сур’ёзна». Я нічога не бачыла, ключ тырчаў знутры, але я добра ўсё чула. «Што здарылася?» — спытаўся тут Ота, але не такім голасам, як звычайна. Ты ж ведаеш, звычайна ён гаворыць нахабна і гучна, а тут сказаў усё гэтак нясмела, што я адразу зразумела — ён чагосьці баіцца. І яна, мусіць, заўважыла, што ён прыкідваецца, бо сказала ціха-ціха: «Ты ж усё ведаеш». — «Не, я нічога не ведаю». — «Вось як, — сказала яна такім сумным, такім сумным голасам, — а чаму ж ты тады раптам пачаў пазбягаць мяне? Болей за тыдзень ты не перакінуўся са мною ні словам, абыходзіш мяне, дзе толькі можна, не ходзіш гуляць з дзецьмі, не бываеш болей у парку. Няўжо я табе адразу стала чужою? О, ты добра ведаеш, чаму раптам стаў трымацца ад мяне далей». Ён памаўчаў, а потым сказаў: «У мяне хутка экзамены, мне трэба шмат працаваць, і ў мяне ні на што болей не застаецца часу. Цяпер я не магу іначай». Яна заплакала і сказала праз слёзы, але так ласкава і хораша: «Ота, чаму ты маніш? Скажы праўду, няўжо ж я яе не заслужыла? Я ж нічога ад цябе не патрабую, але ўсё-такі павінны ж мы хоць пагаварыць пра гэта. Ты ж ведаеш, што я хачу сказаць табе, па вачах бачу». — «А што?» — прамармытаў ён зусім, зусім ціха. І тут яна сказала…

Дзяўчынка пачынае раптам дрыжаць і не можа ад хвалявання вымавіць ні слова. Малодшая яшчэ мацней прыціскаецца да яе.

— Што… што ж?

— І тут яна сказала: «У мяне ж дзіця ад цябе».

Малодшая аж падскоквае:

— Дзіця? Дзіця! Гэтага не можа быць!

— Але яна ж сказала гэта.

— Ты, мабыць, дрэнна пачула.

— Не, не! Ён паўтарыў яе словы; як і ты, ён аж падскочыў і сказаў: «Дзіця?» Яна доўга маўчала, а потым кажа: «Што ж цяпер будзе?» А потым…

— Што потым?

— Потым ты кашлянула, і мне прыйшлося ўцякаць.

Малодшая зусім разгублена глядзіць перад сабою.

— Дзіця! Гэтага не можа быць. Дзе ж у яе дзіця?

— Не ведаю. Вось гэтага я і не магу зразумець.

— Можа, дзе-небудзь дома… там, адкуль яна прыйшла да нас. Мама, канечне, не дазволіла ёй узяць яго з сабою з-за нас. І таму яна такая засмучаная.

— Ты што? Яна ж тады нават не ведала Ота.

Яны зноў змаўкаюць, доўга думаюць, але не знаходзяць адгадкі. І гэта мучыць іх.

Першай пачынае гаварыць малодшая:

— Дзіця — гэтага не можа быць! Адкуль у яе дзіця? Яна ж не замужам, а толькі ў замужніх бываюць дзеці, гэта я ведаю добра.

— Можа, яна была замужам?

— Глупства. Не за Ота ж.

— Але адкуль жа…

Яны разгублена пазіраюць адна на адну.

— Бедная фрэйлен, — засмучана гаворыць адна.

Зноў і зноў з іх вуснаў злятаюць гэтыя словы — уздых шчырага спачування. І тут жа зноў успыхвае цікаўнасць.

— Хто ў яе — дзяўчынка ці хлопчык?

— А хто яго ведае.

— Што ты думаеш — калі я ў яе папытаюся… вельмі, вельмі асцярожна?..

— Ты з глузду з’ехала!

— Чаму? Яна ж такая добрая да нас.

— Ці ж можна так? Нам пра такія рэчы не гавораць. Ад нас усё ўтойваюць. Калі мы ўваходзім у пакой, яны заўсёды адразу спыняюць размову і пачынаюць гаварыць усякае глупства з намі, быццам мы маленькія, а мне ж ужо трынаццаць гадоў. Навошта тады пытацца ў іх? Нам усё роўна скажуць няпраўду.

— А мне гэтак хочацца ведаць!

— А мне, думаеш, не хочацца?

— Ведаеш… што мне зусім не зразумела, — што Ота як бы нічога не ведаў. Кожны ведае, што ў яго ёсць дзіця, гэтак жа, як і кожны ведае, што ў яго ёсць бацькі.

— Ён прыкідваецца, нягоднік, ён увесь час прыкідваецца.

— Але ж не ў такой справе. Толькі… толькі… калі ён хоча нас падмануць…

Уваходзіць фрэйлен. Яны адразу змаўкаюць і робяць выгляд, што вучаць урокі. Але тайком касавурацца ў яе бок. Вочы ў яе як быццам чырвоныя, голас стаў ніжэйшы і дрыжыць. Дзяўчынкі прыціхлі і глядзяць раптам на яе пачціва і са страхам. «У яе ёсць дзіця, таму яна такая засмучаная», — не пакідае іх думка. І пакрысе яе смутак ахоплівае і іх саміх.

Назаўтра за абедам яны даведваюцца нечаканую навіну: Ота пакідае іх дом. Ён заявіў дзядзьку, што ў яго хутка экзамены і яму трэба старанна да іх рыхтавацца, а тут яму вельмі перашкаджаюць. Ён нойме сабе дзе-небудзь пакойчык на адзін-два месяцы, пакуль не скончацца экзамены.

Абедзвюх дзяўчынак ахоплівае страшэннае хваляванне. Яны ўгадваюць тайную сувяць гэтай навіны з учарашняй размовай, сваім абвостраным інстынктам адчуваюць нейкае ашуканства, баязлівыя ўцёкі. Калі Ота развітваецца з імі, яны груба паварочваюцца да яго спінаю. Але тайком сочаць за ім, калі ён падыходзіць развітвацца з фрэйлен. У яе дрыжаць губы, але яна маўчыць і спакойна падае яму руку.

За апошнія дні дзяўчынак быццам падмянілі. Яны не гуляюць, не смяюцца, вочы страцілі вясёлы, бесклапотны бляск. Імі валодаюць непакой і разгубленасць, пануры недавер да тых, хто іх акружае. Яны болей не вераць таму, што ім гавораць, у кожным слове падазраюць хлусню ці нейкі намер. Цэлымі днямі яны прыглядваюцца і цікуюць, сочаць за кожным рухам, ловяць кожны жэст, кожную інтанацыю. Як цені, сноўдаюцца яны за ўсімі, падслухоўваюць пад дзвярамі, спрабуюць даведацца што-небудзь. Горача імкнуцца яны зняць са сваіх незадаволеных плячэй цёмную сетку гэтых таямніц або кінуць хоць адзін позірк праз яе ячэйку на свет рэчаіснасці. Дзіцячая вера — гэтая вясёлая бесклапотная слепата — пакінула іх. Акрамя таго, яны прадчуваюць, што гэта яшчэ не ўсё, што трэба чакаць развязкі, і баяцца прапусціць яе. З таго часу, як дзеці ведаюць, што іх акружае мана, яны сталі прыдзірлівыя і падазроныя, самі пачалі хітраваць і прыкідвацца. У прысутнасці бацькоў яны надзяваюць на сябе маску дзіцячай прастаты, каб потым праявіць нечаканую актыўнасць. Яны незвычайна ўзбуджаныя, імі валодае нервовы непакой; вочы, якія раней свяціліся мяккім роўным бляскам, цяпер гараць ліхаманкавым агнём, а іх позірк стаў болей глыбокі. Яны такія бездапаможныя ў сваім пастаянным высочванні і падпільноўванні, што ўсё болей і болей прывязваюцца адна да аднае. Часам у іх раптоўна ўзнікае патрэба ласкі, яны падпарадкоўваюцца ёй і раптам парывіста абдымаюцца або, прыгнечаныя сваім няведаннем, пачынаюць плакаць. Без усякай, здаецца, прычыны ў іх жыцці нечакана настаў пералом.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: