Шрифт:
Яна выходзіць, не заўважаючы хвалявання дзяцей.
— Ты бачыла, якія ў яе заплаканыя вочы? Я не разумею, як мама магла з ёю гэтак абысціся.
— Бедная фрэйлен!
І зноў гучаць гэтыя словы, поўныя спачування і слёз. Дзеці не ведаюць, што і думаць. Уваходзіць мама і пытаецца, ці не хочуць яны пакатацца з ёю. Дзеці адмаўляюцца. Яны адчуваюць страх перад мамаю. Іх абурае, што ім нічога не кажуць пра звальненне фрэйлен. Яны лічаць за лепшае застацца адны. Як дзве ластаўкі ў цеснай клетцы, яны лётаюць сюды-туды, задыхаюцца ў атмасферы хлусні і замоўчвання. Яны раздумваюць, ці не пайсці ім да фрэйлен і папытацца ў яе, угаварыць яе застацца, сказаць ёй, што мама памыляецца. Але яны баяцца пакрыўдзіць яе. І потым яны саромеюцца: усё, што яны ведаюць, яны ж падслухалі і высачылі. Трэба прыкідвацца дурнымі, такімі дурнымі, якімі яны былі два-тры тыдні таму назад. Яны застаюцца адны і ўвесь бясконца доўгі дзень думаюць і плачуць, а ў вушах увесь час гэтыя жудасныя галасы — злая бессардэчная водпаведзь мамы і роспачныя рыданні фрэйлен.
Вечарам фрэйлен мяльком заглядвае ў іх пакой і гаворыць ім дабранач. Дзеці дрыжаць, яны бачаць, як яна выходзіць, ім хочацца што-небудзь сказаць ёй. Але тут, ужо каля дзвярэй, фрэйлен раптам сама паварочваецца — як быццам яе спыніла іхняе маўклівае жаданне. На вачах у яе блішчаць слёзы. Яна абдымае дзяўчынак, тыя пачынаюць плакаць наўзрыд. Фрэйлен яшчэ раз цалуе іх і хутка выходзіць.
Дзеці ў слязах. Яны адчуваюць, што гэта было развітанне.
— Мы яе болей не ўбачым! — гаворыць адна праз слёзы. — Пабачыш — калі мы заўтра вернемся са школы, яе ўжо не будзе тут.
— Можа, мы наведаем яе калі-небудзь пазней. Тады яна, канечне, пакажа нам дзіця.
— Але, яна такая добрая.
— Бедная фрэйлен! — Гэта як яшчэ адзін уздых іхняга ўласнага лёсу.
— Можаш уявіць сабе, як мы будзем жыць без яе?
— Я ніколі не палюблю другую фрэйлен.
— Я таксама.
— Ні адна не будзе такою добраю да нас. А потым… Яна не адважваецца дагаварыць да канца. Але інстынктыўнае жаноцкае пачуццё выклікала ў іх да яе пашану, як толькі ім стала вядома, што ў яе ёсць дзіця. Абедзве ўвесь час думаюць пра гэта, і цяпер ужо не з ранейшаю дзіцячаю цікаўнасцю, а з замілаваннем і глыбокім спачуваннем.
— Паслухай, — гаворыць адна, — што я скажу.
— Слухаю.
— Ведаеш, я хацела б абрадаваць чым-небудзь фрэйлен, перш чым яна паедзе. Каб яна ведала, што мы яе любім і што мы не такія, як мама. Хочаш?
— Як ты можаш пытацца?
— Я падумала, што ёй вельмі падабаецца белы гваздзік, і яшчэ я падумала, што заўтра раніцаю, ведаеш, перш чым ісці ў школу, мы купім кветак і паставім іх у яе пакой.
— Калі?
— У абед.
— Яе тады, пэўна, ужо не будзе там. Ведаеш, я лепш збегаю ранічкаю па кветкі і хуценька прынясу іх, каб ніхто не ўбачыў. А потым мы паставім іх у яе пакой.
— Добра. І ўстанем раненька.
Яны дастаюць свае скарбонкі і шчыра высыпаюць на стол усе грошы. Цяпер яны зноў павесялелі, бо ведаюць, што яшчэ змогуць выказаць фрэйлен сваю нямую верную любоў.
Яны ўстаюць на досвітку. З цудоўнымі свежымі гваздзікамі ў крыху дрыготкіх руках стукаюць у дзверы да фрэйлен, але ніхто не адказвае. Яны думаюць, што фрэйлен яшчэ спіць, і ўваходзяць на дыбачках у пакой. Але там нікога няма, пасцель некранутая. Усё раскідана ў беспарадку, на цёмным абрусе на стале бялеюць лісты.
Дзеці палохаюцца. Што здарылася?
— Я пайду да мамы, — рашуча заяўляе старэйшая. І дзёрзка, без ніякага страху, са змрочным позіркам яна паўстае перад мамаю і пытаецца: — Дзе наша фрэйлен?
— Яна, мусіць, у сябе ў пакоі, — здзіўлена адказвае мама.
— У пакоі яе няма, пасцель некранутая. Яна, відаць, пайшла яшчэ ўчора ўвечары. Чаму нам нічога не сказалі пра гэта?
Мама нават не заўважае сярдзітага, задзірлівага тону пытання. Яна збялела і пайшла да таты, той хутка знікае ў пакоі фрэйлен.
Ён доўга застаецца ў пакоі. Дзяўчынка злоснымі вачамі сочыць за мамаю, якая, відаць, моцна ўсхвалявана і не адважваецца сустрэцца з ёю позіркам.
Тата вяртаецца нарэшце. Ён вельмі бледны, у яго ў руцэ ліст. Ён з мамаю заходзіць у пакой фрэйлен і ціхенька шэпчацца там з ёю. Дзеці стаяць за дзвярамі, але падслухоўваць не асмельваюцца. Яны баяцца татавага гневу: такім, як цяпер, яны яго яшчэ ніколі не бачылі.
Мама выходзіць з пакоя з заплаканымі вачамі і вельмі ўсхваляваная. Дзеці самі сабою, быццам гнаныя страхам, падбягаюць да яе з пытаннямі. Але яна рэзка асаджае іх:
— Ідзіце цяпер у школу, вы спозніцеся.
І дзяўчынкі вымушаны ісці. Як у сне, яны сядзяць на ўроках чатыры, пяць гадзін, з другімі вучнямі, але не чуюць ніводнага слова. Потым стрымгалоў імчацца дадому.
Там усё па-ранейшаму, толькі адчуваецца, што ўсіх гняце адна страшэнная думка. Усе маўчаць, але ў іх, нават у чэлядзі, нейкія дзіўныя позіркі. Мама ідзе дзяўчынкам насустрач. Яна, відаць, падрыхтавалася да размовы з дзецьмі.
— Дзеці, — пачынае яна, — ваша фрэйлен болей не вернецца, яна…