Шрифт:
— Не круці відэльцам! — накінулася яна на яго за сталом. — Ты не ўмееш паводзіць сябе, цябе нельга садзіць побач з дарослымі.
Эдгар толькі ўсміхаўся, крыху нагнуўшы галаву ўбок. Ён ведаў, што яна крычыць з роспачы, і ганарыўся, што яны ўвесь час выдаюць сябе. Яго позірк быў цяпер зусім спакойны, як позірк урача. Раней ён, мусіць, гаварыў бы дзёрзкасці, каб пазлаваць маму, але нянавісць хутка навучае шмат чаму. Цяпер ён толькі маўчаў, маўчаў і маўчаў, пакуль яна не пачынала стагнаць пад цяжарам яго маўчання.
Яна болей не магла стрымлівацца. Калі яны выйшлі з-за стала і Эдгар з той самай упартаю назойлівасцю сабраўся ісці за імі, яе раптам скаланула. Яна забылася пра асцярожнасць і кінула яму ў твар усю праўду. Не могучы трываць яго неадступнае высочванне, яна ўстала на дыбкі, як змучаны мухамі конь.
— Чаго ты ўсё бегаеш за мною, як трохгадовае дзіця? Я не хачу, каб ты ўвесь час мазоліў мне вочы. Дзецям не месца сярод дарослых. Запомні гэта! Займіся чым-небудзь хоць на гадзіну! Чытай ці рабі што хочаш. Пакінь мяне ў спакоі! Ты нервуеш мяне сваім высочваннем і агідным настроем.
Нарэшце ён вырваў у яе прызнанне! Эдгар усміхнуўся, а барон і маці адчувалі сябе збянтэжанымі. Яна адвярнулася і хацела пайсці, злуючы на сябе, што не здолела схаваць ад сына сваю прыкрасць. Але Эдгар спакойна адказаў:
— Тата не хоча, каб я заставаўся адзін. Тата ўзяў з мяне слова, што я буду ўвесь час з табою.
Ён напіраў на слова «тата», бо ўжо заўважыў, што яно ўздзейнічала на іх прыгнятальна. Значыцца, і тата неяк ублытаны ў гэтую таямніцу; мабыць, тата мае над імі нейкую тайную, незразумелую ўладу, калі яны палохаюцца аднаго яго імя. І гэтым разам яны зноў нічога не адказалі. Яны склалі зброю. Мама пайшла наперад, барон побач з ёю. Эдгар ішоў за імі, але не пакорна, як слуга, а сурова і строга, як няўмольны вартавы. Ён звінеў нябачным ланцугом, які яны беспаспяхова спрабавалі разарваць. Нянавісць загартавала яго дзіцячую сілу; ён, каму не была адкрыта тайна, быў мацней за тых, каму яна звязвала рукі.
Ілгуны
Але часу заставалася ўсё меней, усяго некалькі дзён, і трэба было спяшацца. Яны разумелі, што зламаць упартасць раздражнёнага хлопчыка немагчыма, і звярнуліся да апошняга, самага ганебнага сродку, каб хоць на адну-дзве гадзіны пазбавіцца ад яго дэспатычнага прыставання, — да ўцёкаў.
— Здай гэтыя заказныя лісты на пошту, — сказала Эдгару маці. Яны стаялі ў вестыбюлі, барон каля пад’езда наймаў фіякр.
Эдгар недаверліва ўзяў лісты; перад гэтым ён заўважыў, што адзін слуга нешта гаварыў маме. Ці не задумваюць яны, зрэшты, разам што-небудзь супраць яго?
Ён марудзіў ісці.
— Дзе ты будзеш мяне чакаць?
— Тут.
— Праўда?
— Але.
— Толькі не адыходзь нікуды! Значыцца, ты будзеш чакаць мяне тут, у вестыбюлі, пакуль я не вярнуся?
Усведамляючы сваю перавагу, ён ужо гаварыў з маці загадным тонам. Шмат што змянілася з пазаўчарашняга дня.
Ён пайшоў з лістамі на пошту. У дзвярах ён сутыкнуўся з баронам і ўпершыню за апошнія два дні загаварыў з ім:
— Я толькі здам гэтыя два лісты. Мама будзе чакаць, пакуль я не вярнуся. Калі ласка, без мяне нікуды не ідзіце.
Барон хутка прашмыгнуў міма.
— Але, але, мы пачакаем.
Эдгар памчаўся на пошту. Яму прыйшлося чакаць: пан перад ім задаваў дзесяткі нудных пытанняў. Нарэшце ён выканаў даручэнне і, заціснуўшы квітанцыі ў руцэ, стрымгалоў пабег назад. Ён паспеў у самы раз, каб пабачыць, як барон і мама ад’язджалі ад гатэля.
Эдгарам авалодала шаленства. Ён ледзь не схапіў з зямлі камень, каб шпурнуць ім услед. Уцяклі-такі ад яго, і як подла, як нізка яны манілі! Ён ужо ведаў з учарашняга дня, што мама маніць. Але тое, што яна магла так бессаромна парушыць сваё абяцанне, знішчыла ў ім апошнія рэшткі даверу да яе. Ён перастаў разумець жыццё з таго часу, калі ўбачыў, што словы, якія дагэтуль увасаблялі рэчаіснасць, лопаюцца як мыльныя пузыры. Але што гэта за страшэнная тайна, якая даводзіць дарослых да таго, што яны маняць яму, дзіцяці, і ўцякаюць, быццам зладзеі? У кніжках, якія ён чытаў, людзі забівалі і падманвалі, каб здабыць грошы, магутнасць або царствы. А тут якая прычына? Чаго яны хочуць, чаго хаваюцца ад яго, што спрабуюць утоіць і чаму ўвесь час падманваюць яго? Ён ламаў галаву над гэтаю загадкаю, цьмяна адчуваў, што іх тайна — ключ да замка яго дзяцінства; авалодаць ёю — значыцца стаць дарослым, стаць, нарэшце, мужчынам. Ах, толькі б даведацца! Але думаць ён не мог. Яго душыў гнеў, што яны выслізнулі ад яго, і думкі блыталіся, быццам ён трызніў.
Ён пабег у лес, і там, у выратавальным змроку, дзе яго ніхто не бачыў, даў волю слёзам.
— Ілгуны, сабакі, манюкі, нягоднікі!
Яму здавалася, што, калі ён не выкрыкне гэтых слоў, яны задушаць яго. Гнеў, нецярпенне, прыкрасць, цікаўнасць, бездапаможнасць і крыўда апошніх дзён, задушаныя нясталаю воляю дзіцяці, якое ўявіла сябе дарослым, вырваліся і праліліся слязьмі… Гэта былі апошнія слёзы дзяцінства, апошні раз ён плакаў наўзрыд, з асалодаю, як плачуць жанчыны. Ён выплакаў у гэты час шалёнага сневу і даверлівасць, і любоў, і прастадушнасць, і павагу — усё сваё дзяцінства.
Хлопчык, які вярнуўся ў гатэль, быў ужо не той, хто плакаў у лесе. Ён не хваляваўся і дзейнічаў абдумана. Перш за ўсё ён пайшоў да сябе ў пакой і старанна памыў твар і вочы, бо не жадаў даць ім задавальненне бачыць сляды яго слёз. Потым ён распрацаваў план, як разлічыцца з імі. Ён чакаў цярпліва, зусім спакойна.
У вестыбюлі было даволі людна, калі фіякр з уцекачамі спыніўся каля пад’езда. Некалькі мужчын гулялі ў шахматы, другія чыталі газеты, дамы балбаталі. Тут жа нерухома сядзеў бледны хлопчык з дрыготкімі павекамі. Калі маці і барон увайшлі ў вестыбюль і, крыху збянтэжаныя тым, што адразу наткнуліся на яго, ужо сабраліся прамармытаць прыгатаваную адгаворку, ён спакойна пайшоў ім насустрач і сказаў з выклікам: