Вход/Регистрация
Навелы
вернуться

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

— Лепш я пайду з вамі гуляць, мама, — сказаў ён з прытворнаю дружалюбнасцю і паглядзеў ёй у вочы. Адказ яўна не спадабаўся ёй. Яна марудзіла і быццам шукала чагосьці.

— Пачакай мяне тут, — нарэшце сказала яна і пайшла ў сталовую.

Эдгар застаўся чакаць, але насцярожыўся. Цяпер у кожным слове сваіх ворагаў ён бачыў тайны злосны намер. Падазронасць, якая авалодала ім, рабіла яго незвычайна здагадлівым. Так, замест таго каб чакаць у вестыбюлі, як яму было сказана, Эдгар палічыў за лепшае выбраць месца для назірання на вуліцы, адкуль ён мог сачыць не толькі за галоўным пад’ездам, але і за ўсімі астатнімі выхадамі. Інстынктыўна ён адчуваў падман. Але ён не дасць ім выслізнуць. Ён схаваўся за штабелем дроў — дакладна так, як у кніжках пра індзейцаў. Праз паўгадзіны — ён нават засмяяўся ад задавальнення — мама сапраўды выйшла праз бакавыя дзверы з букетам цудоўных руж у руках, і з ёю быў здраднік-барон.

Абое выглядалі вельмі вясёлымі. Радыя, што пазбавіліся ад яго і засталіся сам-насам са сваёю таямніцаю? Балбочучы і смеючыся, яны падаліся ў бок лесу.

Пара было дзейнічаць. Павольна, быццам ён трапіў сюды выпадкова, Эдгар выйшаў з-за дроў. Вельмі спакойна, няспешна падыходзіў ён да іх, каб уволю нацешыцца з іх збянтэжанасці. Убачыўшы Эдгара, абое абмяняліся неўразумелымі позіркамі. Павольна, нібы так яно і было трэба, ён падышоў бліжэй, не зводзячы з іх насмешлівага позірку.

— А вось і ты, Эдзі, а мы цябе ўжо там шукалі, — сказала нарэшце мама. «Як жа нахабна яна маніць», — падумаў хлопчык. Але вусны яго не растуліліся. За сціснутымі зубамі яны моцна трымалі таямніцу нянавісці.

Усе трое нерашуча спыніліся. Кожны сачыў, як паводзіць сябе другі.

— Ну што ж, пойдзем, — уздыхнуўшы, сказала Эдгарава маці, ад прыкрасці абрываючы пялёсткі прыгожай ружы. Лёгкае ўздрыгванне ноздраў выдавала яе гнеў. Эдгар стаяў, быццам гэта яго не датычылася, глядзеў па баках, пачакаў, пакуль яны не крануліся з месца, і потым сабраўся ісці за імі следам. Барон зрабіў яшчэ адну спробу:

— Сёння тэнісны турнір. Ты калі-небудзь бачыў такое?

Эдгар нават не адказаў, толькі пагардліва зірнуў на яго і склаў губы, быццам збіраўся свістаць. Вось яго адказ. Нянавісць паказала свае вострыя зубы.

Нязносным цяжарам гняла абаіх няпрошаная хлопчыкава прысутнасць. Гэтак зняволеныя ходзяць услед за турэмшчыкам, тайком сціскаючы кулакі. Хлопчык нічога кепскага не рабіў, і ўсё ж з кожнай хвілінай усё цяжэй рабілася выносіць яго пільны позірк, вільготныя ад нявыплаканых слёз вочы, хмурную зласлівасць, якая бурчаннем адказвала на любую спробу збліжэння.

— Ідзі паперадзе! — раптам сярдзіта сказала маці, устрывожаная яго назойлівым падслухоўваннем. — Не тапчыся ўвесь час пад нагамі, гэта мне дзейнічае на нервы.

Эдгар паслухаўся, але праз кожныя пару крокаў ён паварочваўся, спыняўся, калі яны адставалі, і позірк яго кружыў вакол іх, як Мефістофель у абліччы пудзеля, аблытваючы іх вогненнай сеткай нянавісці, з якой — яны гэта адчувалі — ім не вырвацца.

Жорсткае маўчанне, быццам кіслатою, раз’ела іх весялосць, падазроны позірк забіваў кожную спробу весці размову. Барон ужо не адважваўся сказаць ніводнага ліслівага слова, ён са злосцю адчуваў, што жанчына выслізгвае з яго рук, што з такою цяжкасцю распаленае ў ёй пачуццё астывае з-за страху перад надакучлівым, агідным хлапчуком. Яны зноў і зноў спрабавалі завесці размову — і кожны раз яна абрывалася. Нарэшце яны ўтраіх толькі моўчкі ішлі па дарозе, прыслухоўваліся да шолаху дрэў і ўласных сярдзітых крокаў. Хлопчык задушыў у іх усякае жаданне размаўляць.

Цяпер усе трое былі ва ўладзе раздражнення і злосці. Эдгар помсціў за здраду, упіваўся іх бяссільным гневам і разам з тым з нецярпеннем і нянавісцю чакаў, калі гэты назапашаны гнеў вырвецца наверх. Насмешліва прыжмуранымі вачамі паглядаў ён на сярдзіты баронаў твар. Ён заўважыў, што барон лаецца праз зубы і ледзь стрымліваецца, каб не абрушыць на яго паток лаянкі, і зларадна сачыў за маці, якая ўсё больш злавалася; абое яны толькі і чакалі зачэпкі, каб накінуцца на яго, устараніць або абясшкодзіць яго. Але ён не даваў ніякай зачэпкі; яго нянавісць, якая расла доўгі час, навучыла яго быць асцярожным, і ён не рабіў памылак.

— Давайце вернемся, — раптам сказала маці. Яна адчувала, што болей не вытрымае, што павінна штосьці зрабіць — хоць бы закрычаць ад гэтага катавання.

— Як шкада, — спакойна адазваўся Эдгар, — тут так хораша.

Абое яны разумелі, што хлопчык здзекуецца з іх. Але яны не адважваліся што-небудзь сказаць, так бездакорна маленькі тыран за два дні навучыўся валодаць сабою. Ніводзін мускул на яго твары не выдаваў злой іроніі. Не сказаўшы ні слова за ўсю доўгую дарогу, яны павярнулі назад. Калі маці засталася ў сваім пакоі адна з сынам, яна ўсё яшчэ не магла супакоіцца і сярдзіта адкінула ўбок парасон і пальчаткі. Эдгар адразу заўважыў, што нервы яе напружаны да крайнасці і яна толькі шукае, на чым спагнаць гнеў; але ён прагнуў выбуху і наўмысна заставаўся ў пакоі, каб яшчэ болей раззлаваць яе. Яна прайшлася ўперад і назад, села, пабарабаніла пальцамі па стале, потым зноў ускочыла з месца.

— Які ты раскудлачаны, брудны. Пасаромеўся б людзей! Бо ты ж ужо не маленькі!

Без пярэчання хлопчык пайшоў і прычасаўся. Гэтае маўчанне са здзекліваю ўсмешкаю на вуснах прыводзіла яе ў шаленства. Яна з радасцю адлупцавала б яго.

— Ідзі ў свой пакой! — крыкнула яна, не могучы болей выносіць яго прысутнасць. Эдгар усміхнуўся і выйшаў.

Як яны абое дрыжалі цяпер перад ім, як яны, барон і мама, баяліся застацца ўтраіх, як яны баяліся ягонага ўчэпістага бязлітаснага позірку! Чым горш яны адчувалі сябе, тым большае задавальненне свяцілася ў яго вачах, тым больш адкрытаю рабілася яго радасць. Эдгар мучыў безабаронных з амаль неўсвядомленаю дзіцячаю жорсткасцю. Барон яшчэ стрымліваў свой гнеў, спадзеючыся, што яму ўдасца перахітрыць хлопчыка, і думаў толькі пра сваю мэту. Але Эдгарава маці раз-пораз траціла самавалоданне. Было палёгкаю прыкрыкнуць на яго.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: