Шрифт:
Эдгар пачырванеў ад прыкрасці. Гэта была ўжо другая спроба зняважыць яго на вачах у сябра. Навошта яна гэта робіць, навошта яна так намагаецца паказаць яго дзіцём, калі ён цвёрда перакананы, што ўжо дастаткова дарослы? Няйначай, яна зайздросціць яму і хоча адабраць у яго сябра. І гэта, напэўна, яна наўмысна павяла барона другою дарогаю. Але ён не дазволіць, каб з ім так абыходзіліся, — яна гэта хутка ўбачыць. Ён здолее пастаяць за сябе. І Эдгар вырашыў ні слова не гаварыць з ёю сёння за сталом і звяртацца толькі да сябра.
Але гэты намер яму здзейсніць не ўдалося. Здарылася тое, чаго ён менш за ўсё чакаў: ніхто не заўважыў, што ён злаваўся. Ды яны і яго самога як быццам не заўважалі, а яшчэ ж учора ён быў у цэнтры ўвагі; цяпер яны размаўлялі толькі паміж сабою, жартавалі, смяяліся, быццам яго і не існавала, быццам ён зваліўся пад стол. Кроў кінулася яму ў твар, камяк падступіў да горла, дыхаць стала цяжка. З усё большай горыччу думаў ён пра сваё бяссілле. Значыцца, ён павінен спакойна сядзець і глядзець, як мама адбірае ў яго сябра — адзінага чалавека, якога ён любіў, — і ён нічога не можа зрабіць супраць, акрамя як маўчаць. Яму хацелася ўстаць з крэсла і стукнуць кулакамі па стале — хоць бы дзеля таго, каб напомніць ім аб сабе. Але ён стрымаўся, адно адклаў убок нож і відэлец і не дакрануўся болей да яды. Аднак і гэта доўга заставалася незаўважаным, і толькі калі прынеслі апошнюю страву, мама звярнула ўвагу, што ён нічога не есць, і папыталася, ці не хворы ён. «Агідна, — падумаў ён, — у яе толькі адно ў галаве, ці не хворы я, усё астатняе ёй усё роўна». Ён буркнуў, што яму не хочацца есці, і яна гэтым задаволілася. Нічым, абсалютна нічым не мог ён прыцягнуць да сябе ўвагі. Барон быццам зусім забыўся пра яго, прынамсі, ён не сказаў яму ні слова. Слёзы пяклі Эдгару вочы, і ён нават ужыў дзіцячую хітрасць — засланіўся сурвэткаю, каб ніхто не ўбачыў, як гэтыя праклятыя дзіцячыя слёзы цякуць па твары, пакідаюць на губах салёны прысмак. Нарэшце абед скончыўся, і ён уздыхнуў з палёгкаю.
У час абеду мама прапанавала разам з’ездзіць у Марыя-Шуц. Пачуўшы гэта, Эдгар закусіў губу. Ні на хвіліну не пакіне яна яго сам-насам з сябрам. Але як жа ён узненавідзеў яе, калі яна сказала, устаючы з-за стала:
— Эдгар, ты забудзеш усё, што вывучаў у школе, табе лепш пасядзець дома і пазаймацца.
Эдгар сціснуў маленькія кулачкі. Зноў яна зневажае яго перад сябрам, зноў напамінае адкрыта, што ён яшчэ дзіця, што павінен хадзіць у школу і што яго толькі церпяць сярод дарослых. Але гэтым разам яе намер быў занадта відавочны, — ён нават не адказаў і павярнуўся да яе спінаю.
— Ну вось, зноў ты пакрыўдзіўся, — сказала яна з усмешкаю і звярнулася да барона: — Няўжо так цяжка пасядзець з гадзінку над урокамі?
І тут — хлопчыкава сэрца быццам застыла і анямела — барон, які зваў сябе ягоным сябрам, барон, які смяяўся над тым, што ён любіць сядзець у пакоі, сказаў:
— Пазаймацца гадзінку-другую, думаю, не пашкодзіла б.
Што гэта — змова? Няўжо яны сапраўды ў саюзе супраць яго? Хлопчыкавы вочы ўспыхнулі ад гневу.
— Тата забараніў мне займацца. Тата хоча, каб я тут паправіўся, — кінуў ён, як бы горды сваёю хваробаю, роспачна чапляючыся за татаў аўтарытэт. Гэта прагучала як пагроза. І што дзіўна: ягоныя словы сапраўды збянтэжылі абаіх. Мама адвярнулася і нервова забарабаніла пальцамі па стале. Настала няёмкае маўчанне.
— Як хочаш, Эдзі, — прагаварыў нарэшце барон, вымушана ўсміхаючыся. — Мне экзаменаў не здаваць, я даўно праваліўся па ўсіх прадметах.
Але Эдгар не ўсміхнуўся баронаваму жарту, а паглядзеў на яго такім дапытлівым, пільным позіркам, быццам хацеў зазірнуць яму ў самую душу. Што здарылася? Штосьці перамянілася ў іх адносінах, і хлопчык не мог зразумець прычыны. Ён адвёў вочы. У яго сэрцы хутка і дробна стукаў малаточак — першае падазрэнне.
Пякучая таямніца
«Што з імі? — думаў хлопчык, седзячы насупраць іх у калясцы, якая хуценька кацілася па дарозе. — Чаму яны са мною не такія, як раней? Чаму мама не глядзіць мне ў вочы? Чаму ён увесь час жартуе са мною і крыўляецца? Яны больш не гавораць са мною так, як учора і заўчора. У іх і твары як быццам нейкія другія. У мамы сёння такія чырвоныя губы — пэўна, нафарбавала. Гэтага я ў яе яшчэ ніколі не бачыў. А ён усё моршчыць лоб, быццам яго пакрыўдзілі. Я ім нічога не зрабіў, не сказаў ніводнага крыўднага слова. Не, не ва мне рэч, яны самі не такія адно з адным, як раней. Быццам натварылі нечага і баяцца пра гэта гаварыць, не балбочуць, як учора, не смяюцца, ім быццам сорамна, яны нешта хаваюць. У іх ёсць таямніца, якую яны не хочуць мне выдаць. Я павінен раскрыць гэтую таямніцу чаго б яно ні каштавала. Я ведаю — гэта, мусіць, тое ж самае, з-за чаго дарослыя заўсёды зачыняюць дзверы перада мною, пра што пішуць у кніжках і спяваюць у операх, калі жанчыны і мужчыны працягваюць адно аднаму рукі, абдымаюцца, а потым адштурхваюцца. Мусіць, гэта накшталт таго, што было з маёю францужанкай, калі яна дрэнна паводзіла сябе з татам і яе адаслалі. Усё гэта, па-мойму, адно і тое самае, толькі я не ведаю чаму. Каб жа даведацца, даведацца, нарэшце, пра гэтую таямніцу, авалодаць ключом, які адчыніць усе дзверы, перастаць быць дзіцём, ад якога ўсё хаваюць і ўтойваюць, не даваць болей сябе падманваць! Цяпер або ніколі! Я вырву ў іх гэтую таямніцу!»
На лбе ў яго прарэзалася маршчына. Худзенькі дванаццацігадовы хлопчык, які знерухомеў у глыбокім роздуме, выглядаў старым; ні разу не зірнуў на расквечаны яркімі фарбамі краявід, на горы, якія зелянелі свежай хвояй саснякоў, на даліны ў яшчэ нясмелым ззянні запозненай вясны. Ён бачыў толькі сваю маму і барона, якія сядзелі на заднім сядзенні каляскі, ён як бы спрабаваў сваім гарачым позіркам, як вудаю, вылавіць таямніцу з бліскучых глыбінь іх вачэй. Нішто гэтак не адточвае розум, як пакутлівае падазрэнне, нішто з такою сілаю не заахвочвае працу нясталага розуму, як след, які губляецца ў змроку. Часам толькі тоненькія дзверы аддзяляюць дзяцей ад свету, які мы завём рэальным, і выпадковы парыў ветру можа расчыніць іх перад імі.
Эдгар раптам адчуў, што ён яшчэ ніколі так блізка не падыходзіў да невядомага, да вялікай таямніцы; яна была тут, перад ім, пакуль што не раскрытая, не разгаданая, але зусім, зусім блізка да яго. Гэта хвалявала і рабіла яго незвычайна, урачыста сур’ёзным. Бо ён падсвядома ўгадваў, што стаіць на рубяжы свайго дзяцінства.
Эдгарава маці і барон адчулі нейкае глухое супраціўленне, не падазраючы, што яно ідзе ад хлопчыка. Ім было цесна і няёмка ўтраіх у калясцы. Цёмныя Эдгаравы вочы, якія гарэлі неспакойным агнём, моцна трывожылі іх. Яны не адважваліся гаварыць, не адважваліся глядзець адно на аднаго. Да ранейшай лёгкай свецкай размовы шлях быў адрэзаны, яны вельмі ўжо ўцягнуліся ў тон іншасказаў, пад якімі хаваецца тайнае дрыготкае чаканне няскромных жаданняў. Размова не ладзілася; яны раз-пораз змаўкалі, быццам спатыкаліся аб перашкоду, потым пачыналі зноў і зноў змаўкалі, прыгнечаныя ўпартым хлопчыкавым маўчаннем.