Шрифт:
Але пачакайце, так вам не зразумець, што я зрабіў… што сказаў… мне трэба спачатку растлумачыць вам, як… як зарадзілася ўва мне… гэтая… вар’яцкая думка…
Зноў ціхенька бразнула ў цемры чарка. І голас працягваў з яшчэ большым узбуджэннем:
— Не думайце, што я хачу зменшыць сваю віну, апраўдацца, абяліць сябе… Але вы без гэтага не зразумееце… Не ведаю, ці быў я калі-небудзь добрым чалавекам… але, здаецца, дапамагаў я заўсёды ахвотна… А там, у маім сабачым жыцці гэта была ж адзіная радасць: карыстаючыся жменькаю ведаў, увагнаных у мозг, зберагчы жыццё жывой істоце… Я адчуваў сябе тады госпадам богам… Далібог, гэта былі мае лепшыя хвіліны, калі прыходзіў вось такі жоўты хлапчына, пасінелы ад страху, са змяіным укусам на добра распухлай назе і, плачучы, маліў не адразаць яму нагу, і я ўмудраўся яшчэ выратаваць яго. Я ездзіў у самыя далёкія мясціны памагаць жанчыне, якую трэсла ліхаманка; выпадала рабіць і тое, чаго чакала ад мяне мая сённяшняя наведніца — такое здаралася яшчэ ў Эўропе, у клініцы. Але тады я адчуваў, што камусьці патрэбны, тады я ведаў, што выратоўваю кагосьці ад смерці ці роспачы, а гэта патрэбна і самому выратавальніку — усведамляць, што ты патрэбны другому.
Але гэтая жанчына — не ведаю, ці здолею я растлумачыць вам, — яна ўзбуджала, раздражняла мяне з той хвіліны, як увайшла, нібыта выпадкова, у мой дом. Сваёю ганарыстасцю яна выклікала ў мяне супраціўленне, абудзіла ўсё… як бы гэта сказаць… абудзіла ўсё прыглушанае, усё схаванае, усё злоснае. Мяне збівала з панталыку, што яна разыгрывала перада мною ледзі і з халоднаю абыякавасцю прапаноўвала здзелку, у той час як справа ішла пра жыццё і смерць… І потым… потым… зрэшты, ад гульні ў гольф не нараджаюцца дзеці… я ведаў… лепей будзе сказаць, я раптам з жахліваю выразнасцю падумаў — гэта і была тая думка, — з жахліваю выразнасцю падумаў, што гэтая спакойная, гэтая фанабэрыстая, гэтая халодная жанчына, якая пагардліва падняла бровы над стальнымі вачамі, прачытаўшы ў маім позірку адмову… амаль абурэнне, — што яна два-тры месяцы назад ляжала ў ложку з мужчынам і, можа, стагнала ад асалоды, голая, як жывёліна, і іхнія целы ўпіваліся адно ў адно, як вусны ў пацалунку… Вось гэта і была думка, якая пранізала мяне, калі яна паглядзела на мяне з такою ганарыстасцю, з такою пыхлівай халоднасцю, нібы ангельскі афіцэр… і тады, тады ў мяне ўсё напружылася… я як бы ашалеў ад жадання ўнізіць яе… З гэтага моманту я бачыў праз сукенку яе голае цела… з гэтага моманту я толькі і жыў думкаю авалодаць ёю, вырваць стогн з яе жорсткіх вуснаў, бачыць гэтую халодную, гэтую ганарыстую жанчыну ў экстазе пачуццяў, як той, другі, каго я не ведаў. Гэта… гэта я і хацеў вам растлумачыць… як я ні апусціўся, аднак ніколі яшчэ не злоўжываў сваім становішчам урача… але тут не было прагнай цягі, не было нічога сексуальнага, пажадлівага, паверце мне… я не стаў бы адпірацца… толькі моцнае жаданне перасіліць яе гордасць… перасіліць як мужчына… Я, здаецца, ужо казаў вам, што вонкава халодныя жанчыны заўсёды мелі нада мною асаблівую ўладу… але цяпер, цяпер да гэтага дадалося яшчэ і тое, што я ўжо сем гадоў не быў блізкі з белаю жанчынаю, што я не ведаў супраціўлення… Бо тутэйшыя жанчыны, гэтыя мілыя істоты-шчабятухі, з радасным хваляваннем аддаюцца беламу чалавеку, «пану»… Яны ціхмяныя і пакорныя, заўсёды даступныя, заўсёды гатовыя дагаджаць вам з ціхім, гартанным смехам… Але якраз з-за гэтай пакоры, з-за гэтай рабскай дагодлівасці праходзіць асалода, і ты адчуваеш сябе свіннёю… Разумееце цяпер, разумееце, як ашаламляльна ўздзейнічала на мяне раптоўнае з’яўленне гэтай жанчыны, поўнай пагарды і нянавісці, наглуха замкнёнай, якая адначасова і дражніла сваёю таямніцаю, і напамінала аб нядаўняй страсці… калі яна дзёрзка ўвайшла ў клетку такога мужчыны, як я, такога адзінокага, згаладалага, адрэзанага ад усяго свету паўчалавека, паўзвера… Гэта… вось гэта я хацеў вам сказаць, каб вы зразумелі ўсё астатняе… зразумелі тое, што адбылося потым. Дык вось… перапоўнены нейкім злосным жаданнем, атручаны думкаю пра яе, голую, жаданую, якая аддаецца мне, я ўнутры ўвесь падцягнуўся і разыграў абыякавасць. Я холадна вымавіў:
— Дванаццаць тысяч гульдэнаў?.. Не, на гэта я не згодны.
Яна зірнула на мяне, крыху збялелая. Відаць, яна ўжо здагадалася, што маё супраціўленне выклікана не прагнасцю. І ўсё ж яна спыталася:
— Колькі ж вы хочаце?
Але я не хацеў працягваць размову ў такім прытворна халодным тоне.
— Давайце не будзем гуляць у хованкі. Я не дзячок… не бедны аптэкар з «Рамеа і Джульеты», які прадае атруту за corruptes gold [49] … можа, я менш за ўсё дзялок… гэтым спосабам вы нічога не даб’ецеся.
49
Нікчэмны метал (англ.).
— Дык вы не хочаце?
— За грошы — не.
На момант паміж намі ўсталявалася цішыня. Было так ціха, што я першы раз пачуў яе дыханне.
— Чаго ж вы яшчэ можаце хацець?
Тут я не мог болей трымацца:
— Перш за ўсё я хачу, каб вы… каб вы не звярталіся да мяне як да гандляра, а як да чалавека… Каб вы, калі вам трэба дапамога, не… лезлі адразу ж з вашымі гнюснымі грашамі… а папрасілі… мяне як чалавека, дапамагчы вам як чалавеку… Я не толькі ўрач, у мяне не толькі прыёмныя гадзіны… у мяне бываюць і другія гадзіны… можа, вы прыйшлі якраз у такую гадзіну…
Яна хвіліну маўчыць. Потым яе вусны злёгку крывяцца, дрыжаць, і яна хутка пытаецца:
— Значыцца, каб я вас… папрасіла… тады б вы гэта зрабілі?
— Вось вы ўжо зноў таргуецеся! Вы згодны прасіць толькі ў тым выпадку, калі я спачатку паабяцаю. Спачатку вы павінны мяне папрасіць, тады я вам адкажу.
Яна ўзнімае галаву, як наравісты конь. З гневам глядзіць на мяне.
— Не, я не буду вас прасіць. Лепш загінуць!
Тут мною авалодвае гнеў, нястрымны, шалёны гнеў.
— Тады буду патрабаваць я, калі вы не хочаце прасіць. Я думаю, мне трэба выказацца больш ясна — вы ведаеце, чаго я ад вас хачу. Тады… тады я вам памагу.
Нейкі момант яна здзіўлена глядзела на мяне. Потым — о, я не магу, не магу выказаць, як жахліва гэта было, — твар яе раптоўна знерухомеў, а потым… потым яна нечакана зарагатала… з неапісальнаю пагардаю зарагатала мне ў твар… з пагардаю, якая знішчыла мяне… і разам з тым яшчэ болей ап’яніла… Гэта было падобна на выбух, раптоўны, раскацісты, магутны… Такая вялізная сіла адчувалася ў гэтым пагардлівым рогаце, што я… так, я гатовы быў упасці перад ёю ніцма і цалаваць ёй ногі. Гэта цягнулася ўсяго імгненне… нібы маланка абпаліла мяне… Раптам яна павярнулася і хуценька падалася да дзвярэй.
Я міжвольна кінуўся ўслед… хацеў папрасіць прабачэння… маліць яе… бо мая сіла была зламана канчаткова… але яна яшчэ раз павярнулася да мяне і сказала… не, загадала:
— Асмельцеся толькі пайсці ўслед ці сачыць за мною… Пашкадуеце!
У той самы момант за ёю з трэскам зачыніліся дзверы.
Зноў паўза. Зноў маўчанне… Зноў толькі шалясценне, быццам струменілася месячнае святло. І нарэшце зноў яго голас:
— Дзверы з трэскам зачыніліся… але я стаяў нерухома на месцы… Я быў нібы загіпнатызаваны яе загадам… Я чуў, як яна спускалася па лесвіцы, як зачыніліся дзверы… я чуў усё і ўсёю істотаю рваўся да яе… каб яе… не ведаю што… каб вярнуць яе, ці ўдарыць, ці задушыць… але толькі бегчы ўслед за ёю… за ёю… Але я не мог гэтага зрабіць, не мог паварушыцца, мяне быццам паралізавала электрычным токам… мяне ўразіла, уразіла ў самае сэрца знішчальная маланка яе позірку… Я ведаю, што гэтага не растлумачыць і не расказаць… Гэта можа здацца смешным, але я ўсё стаяў і стаяў… Прайшло некалькі хвілін, можа, пяць, можа, дзесяць, перш чым я змог адарваць нагу ад падлогі…
Але як толькі я ступіў з месца, я ўжо ўвесь гарэў і гатовы быў бегчы… Умомант я зляцеў па лесвіцы ўніз… У яе няма другой дарогі, як толькі па вуліцы да станцыі… Я кідаюся ў хляўчук па веласіпед, бачу, што забыўся ўзяць ключ, зрываю засаўку, бамбук трашчыць і разлятаецца на кавалкі… і вось я ўжо на веласіпедзе і імчуся за ёю ўслед… Я павінен… я павінен дагнаць яе, перш чым яна сядзе ў аўтамабіль… Я павінен пагаварыць з ёю…
Я нясуся па пыльнай вуліцы, цяпер толькі бачу, як доўга я прастаяў у здранцвенні… Але вось… на паваротцы ў лесе, перад самай станцыяй, я бачу яе, яна ідзе шпаркім цвёрдым крокам у суправаджэнні боя… Але і яна, відаць, заўважыла мяне, бо гаворыць нешта бою, і той спыняецца, а яна ідзе далей адна… Што яна хоча рабіць? Чаму хоча быць адна?.. Можа, яна хоча пагаварыць са мною сам-насам, каб ён не чуў?.. Шалёна націскаю на педалі… Раптам нехта кідаецца мне наперарэз на дарогу… яе бой… Я ледзь паспяваю рвануць веласіпед убок і лячу на зямлю…