Шрифт:
Тады ж Крэсчэнца атрымала новае імя. Вясёлая баронава сяброўка, якая якраз у тыя дні развучвала партыю Эльвіры і жартам называла свайго палюбоўніка Дон Жуанам, аднаго разу з усмешкаю сказала яму: «Пакліч сюды сваю Лепарэлу!» Гэтае імя насмяшыла барона — бо яно ніяк не пасавала да сухарлявай ціролькі, — і з гэтага часу ён інакш не зваў яе, як Лепарэла. Крэсчэнца, упершыню пачуўшы непрывычнае слова, неўразумела падняла вочы, але, захопленая мілагучнасцю гэтага, хоць і незразумелага ёй імя, успрыняла перайменаванне з гордасцю, быццам ёй надалі ганаровае званне: кожны раз, калі барон весела клікаў яе новым імем, яе вузкія губы рассоўваліся, адкрываючы жоўтыя конскія зубы, і яна лісліва, быццам сабака, падыходзіла да свайго літасцівага ўладара, каб выслухаць яго загады.
Імя далі жартам, але будучая прымадона і не падазравала, як беспамылкова трапна яна ахрысціла баронаву служанку і як надзвычай дакладна гэтае імя вызначала дзіўную істоту, бо высахлая векавуха, якая не знала кахання, — падобна супольніку Дон Жуана Дапонтэ [66] , знаходзіла нейкую незразумелую радасць у прыгодах свайго гаспадара.
Ці радавалася яна, што кожнае раніцы бачыла ложак ненавіснай гаспадыні раскінуты і зганьбаваны то адным, то другім маладым целам, ці ў ёй самой абуджаліся таемныя жаданні, але гэтая набожная, непрыступная старая векавуха з нейкаю шалёнаю гатоўнасцю памагала барону ў яго любоўных прыгодах. Сама яна, змардаваная дзесяцігоддзямі цяжкай працы, даўно стала істотаю бясполаю і цяпер грэлася каля чужога агню, з пажадлівасцю зводніцы праводзячы позіркам да дзвярэй спальні спачатку першую, потым другую, а потым і трэцюю госцю: нібы пратрава, уздзейнічала на яе дрымотную свядомасць гэтая ўзбуджальная вострая атмасфера, гэтае далучэнне да баронавых любоўных уцех. Крэсчэнца сапраўды ператварылася ў Лепарэлу і стала такою ж разбітною, жваваю і кемліваю, як і яе жыццярадасны цёзка; у яе з’явіліся зусім новыя, нечаканыя рысы, як быццам яны выраслі ў гарачай атмасферы руплівага саўдзельніцтва, — мноства маленькіх хітрыкаў, знаходлівасць, нешта пранырлівае, цікаўнае, насцярожанае і дзёрзкае. Яна падслухоўвала каля дзвярэй, заглядвала ў замочную шчыліну, абшнарвала пакоі і ложкі; учуўшы новую дзічыну, падштурхнутая дзіўным узбуджэннем, яна насілася ўгору і ўніз па лесвіцы, і мала-памалу гэтая вострая цікаўнасць, гэтае прагнае саўдзельніцтва ператварылі неадчувальную статую, якою яна здавалася дагэтуль, у нешта накшталт жывога чалавека. На здзіўленне ўсім суседзям, Крэсчэнца раптам зрабілася гаваркою: яна балбатала з пакаёўкамі, няўклюдна жартавала з паштальёнам, на рынку ўступала ў размову з гандляркамі, а аднаго разу ўвечары, калі на дварэ ўжо патухлі ліхтары, служанкі ў доме насупраць пачулі дзіўнае мурлыканне, якое даносілася са звычайна маўклівага акна: няўмела, скрыпучым голасам Крэсчэнца напявала адну з тых песенек, якія ўвечары спяваюць цірольскія пастушкі на альпійскіх пашах; нязладжана, цяжка, быццам спатыкаючыся, вырывалася няхітрая мелодыя з неспрактыкаваных вуснаў, і ўсё-такі ў ёй чуваць было нешта замілаванае і далёкае. Упершыню з часу дзяцінства Крэсчэнца спрабавала спяваць, і гэтыя няўпэўненыя гукі, якія з цяжкасцю прабіваліся на святло з цемры страчаных гадоў, міжвольна бралі за сэрца. Менш за ўсіх заўважаў перамену ў Крэсчэнцы барон — ненаўмысны віноўнік гэтага дзівоснага пераўтварэння, бо хто ж аглядваецца на свой цень? Ведаеш, што ён увесь час бясшумна ідзе за табою па пятах, калі-нікалі забягае наперад, быццам яшчэ неўсвядомленае жаданне, але як рэдка чалавек прыглядаецца да яго і спрабуе пазнаць самога сябе ў гэтым недарэчна перакручаным абліччы! Барон нічога не бачыў у Крэсчэнцы, акрамя таго, што яна заўсёды была гатовая да паслуг, маўклівая, надзейная і самазабыўна адданая. Ён асабліва цаніў якраз гэтую маўклівую заўсёдную пачцівасць у самых рызыкоўных сітуацыях; часам спагадліва, быццам гладзіў сабаку, кідаў прыветлівае слова, іншы раз дазваляў сабе пажартаваць з ёю, нават гулліва тузаў за вуха, а то і дарыў крэдытку ці білет у тэатр — яму драбяза, якую ён, не раздумваючы, выцягваў з кішэні камізэлькі, а ёй — рэліквіі, якія яна свята захоўвала ў сваёй скрыначцы. Паступова ён прывык думаць услых пры Крэсчэнцы, даваў ёй усё больш складаныя даручэнні; і чым больш ён давяраў ёй, тым больш старанна і ўдзячна яна служыла яму. У яе ўсё мацней развіваўся нейкі дзіўны інстынкт, нешта падобнае на нюх ганчака — яна ўвесь час вынюхвала, высочвала і вышуквала самыя нязначныя баронавы жаданні і не толькі выконвала, але нават і папярэджвала іх; усё яе жыццё, уласныя планы і надзеі быццам перайшлі ў барона; яна на ўсё глядзела яго вачамі, слухала яго вушамі, дзяліла яго прыгоды і радасці ў нейкім амаль ненармальным натхненні. Яна ўся ззяла, калі гаспадар прыводзіў яшчэ адну новую жанчыну, і з яўным расчараваннем, амаль з крыўдаю ад няспраўджаных надзей сустракала яго, калі ён вяртаўся дадому без каханкі — яе калісьці сонны розум працаваў цяпер гэтак жа спрытна і імкліва, як раней працавалі толькі рукі, а ў вачах гарэў жывы, дапытлівы агеньчык. У загнанай, змардаванай цяжкаю працаю клячы абудзіўся чалавек, але чалавек цёмны, скрытны, хітры і небяспечны, поўны каварных намераў і гатовы на любыя інтрыгі.
66
Аўтар лібрэта оперы «Дон Жуан» Моцарта.
Аднаго разу барон вярнуўся дадому раней звычайнага і са здзіўленнем спыніўся ў пярэдняй: што ён чуе? З кухні, дзе звычайна заўсёды панавала мёртвая цішыня, даносіліся цяпер дзіўныя галасы і смех. І вось ужо ў прачыненых дзвярах паказалася Лепарэла, збянтэжана і разам з тым задзірліва перабіраючы фартух.
— Прабачце, паночку, — сказала яна, утаропіўшы вочы ў падлогу, — у мяне тут сядзіць кандытарава дачка, прыгожая дзяўчына… яна так хоча з вамі пазнаёміцца.
Барон неўразумела паглядзеў на Крэсчэнцу, не ведаючы, ці злавацца яму на такое бессаромнае зводніцтва, ці пасмяяцца з яе празмернай стараннасці. Але мужчынская цікаўнасць перамагла, і ён сказаў:
— Ну добра, давай паглядзім на яе.
Дзяўчына — свежая шаснаццацігадовая бландзінка, якую Крэсчэнца паступова прывучыла да сябе ліслівымі словамі і ўгаворамі, — сапраўды часта паглядвала з паўдзіцячым захапленнем на элегантнага франта: уся чырвоная ад збянтэжанасці, так што Крэсчэнцы ўвесь час прыходзілася падштурхоўваць яе ззаду, яна выйшла ў прыхожую і з сарамлівым хіхіканнем спынілася перад баронам. Той убачыў, што яна прыгожая, і прапанаваў разам выпіць гарбаты ў яго пакоі. Дзяўчына не адважылася адразу пайсці ў пакой і азірнулася на Крэсчэнцу, але тая з незвычайнаю хуткасцю ўжо знікла на кухні, і ўцягнутай у прыгоду, счырванелай і ўсхваляванай дзяўчыне нічога не заставалася рабіць як прыняць небяспечнае запрашэнне.
Але прырода не робіць скачкоў: хоць пад уздзеяннем недарэчна скажонага пачуцця ў гэтай закасцянелай атупелай істоце і абудзілася нешта падобнае на духоўнае жыццё, усё-такі не прывучанае да працы мысленне не ўмела глядзець у будучыню і, як у жывёл з іх недальнабачным інстынктам, адгукалася толькі на непасрэдныя раздражняльнікі. Замураваная ў сваім імкненні ва ўсім служыць абагаўлёнаму гаспадару, Крэсчэнца зусім забылася пра баранесу. Тым жахлівей было абуджэнне: як гром сярод яснага неба прагучалі словы барона аднаго разу раніцаю, калі ён, хмурны і сярдзіты, трымаючы ў руцэ пісьмо, змрочна аб’явіў ёй, каб яна прыбрала ў кватэры, бо заўтра яго жонка вяртаецца з санаторыя. Крэсчэнца збялела і застыла на месцы з раззяўленым ротам: страшная навіна як нажом разанула па сэрцы. Яна нічога не магла сказаць і толькі вытарашчыла вочы, быццам не зразумела барона. І такі моцны страх, такая роспач былі напісаны ў яе на твары, што барон палічыў патрэбным крыху супакоіць яе:
— Ты, я бачу, таксама не вельмі радая, Чэнці, — сказаў ён. — Але тут ужо нічога не зробіш.
На акамянелым твары з’явіліся адзнакі жыцця, было відаць, што нешта падымалася з самых глыбінь яе істоты, з неймаверным намаганнем прабівалася наверх, паволі, быццам выштурхнутае страшэннаю спазмаю сэрца, падступала да горла. Змярцвелыя шчокі афарбаваліся ў барвовы колер. Нарэшце кадык сутаргава задрыжаў, і праз сціснутыя зубы глуха вырвалася:
— А можна было б… было б… што-небудзь і зрабіць.
Быццам смяротны стрэл выбухнулі гэтыя словы. І такою злосцю, такою хмурнаю рашучасцю перакрывіўся твар Крэсчэнцы, што барон здрыгануўся і міжвольна, здзіўлены, зрабіў крок назад. Але Крэсчэнца ўжо павярнулася да яго спінаю і пачала з такою сутаргаваю стараннасцю шараваць медную ступку, нібы хацела пераламаць сабе ўсе пальцы.
Пасля прыезду баранесы ў доме зноў паднялася бура — грукалі дзверы, па пакоях быццам гуляў вецер, праганяў узніклы тут у адсутнасць гаспадыні дух мірнай утульнасці і любоўных уцех. Відаць, ашуканая жанчына даведалася ад суседзяў ці з ананімных пісем, як бессаромна барон злоўжыў правам гаспадара дома, а мо яе пакрыўдзілі непрытоеная прыкрасць і раздражненне, з якімі ён яе сустрэў, — так ці інакш, але двухмесячнае лячэнне ў санаторыі, здавалася, мала памагло яе звышнапружаным нервам, бо, як і раней, істэрычныя прыпадкі рэгулярна змяняліся пагрозамі і агіднымі сцэнамі. З кожным днём адносіны паміж мужам і жонкаю пагаршаліся. Некалькі тыдняў барон яшчэ стойка вытрымліваў люты націск папрокаў, адбіваў яго выпрабаванаю зброяю: як толькі жонка пачынала пагражаць разводам або абяцала напісаць пра ўсё бацькам, ён рабіўся вытанчана-ветлівым і даваў няпэўныя абяцанні. Але яго бяздушная халодная абыякавасць толькі павялічвала хваравітую нервовасць адзінокай жанчыны, якая ўвесь час адчувала затоеную варожасць акружэння.
Крэсчэнца зноў замкнулася ў каменным маўчанні. Але цяпер гэтае маўчанне было агрэсіўным і небяспечным. У дзень прыезду баранесы яна ўпарта не выходзіла з кухні, а калі тая сама паклікала яе да сябе, то Крэсчэнца нават не прывіталася з гаспадыняю. Уцягнуўшы галаву ў прыўзнятыя плечы, яна стаяла як статуя і так сярдзіта адказвала на пытанні, што баранеса нарэшце страціла цярплівасць і адвярнулася; яна не бачыла, што Крэсчэнца кінула ёй у спіну шалёны позірк, поўны лютай нянавісці, якая сабралася за ўвесь час. Зварот гаспадыні пазбавіў яе ўсіх набытых правоў, яна адчувала сябе абакрадзенаю ў найлепшых пачуццях, несправядліва ўніжанаю; пасля радаснага самаадданага служэння гаспадару яе зноў спіхнулі на кухню, да пліты, пазбавілі такога блізкага імя «Лепарэла». Барон прадбачліва асцерагаўся выказваць пры жонцы сваю прыхільнасць да Крэсчэнцы. Але часам, знясілены ад чарговай сямейнай сцэны, адчуваючы патрэбнасць адвесці душу, ён у пошуках спачування ўпотай прабіраўся да яе на кухню, садзіўся на драўляны табурэт і са стогнам казаў: