Вход/Регистрация
Навелы
вернуться

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

На другі дзень пасля пахавання барон паспешна пакінуў горад: вельмі ўжо нязносныя былі яму цяпер твары знаёмых, на якіх сярод выказванняў спачування ён лавіў (ці мо яму гэта толькі мроілася?) нейкі дзіўна пільны, падазроны, як у інквізітара, выраз. І нават нежывыя рэчы глядзелі злосна і з папрокам: уся мэбля ў кватэры і асабліва ў спальні, дзе, здавалася, яшчэ не вытхнуўся саладкаваты пах газу, гнала яго прэч, ледзь толькі ён спрабаваў прачыніць дзверы. Але самым пакутлівым кашмарам, у сне і наяве, была для яго халодная, непарушная абыякавасць былой даверанай, якая хадзіла па апусцелым доме, быццам нічога і не здарылася. З той хвіліны, як стрыечны брат на вакзале назваў яе імя, барон страшэнна баяўся сустрэцца з ёю. Варта яму было пачуць яе крокі, як ён бянтэжыўся: ён не мог яе болей бачыць, не мог выносіць вялага шаркання яе хады, яе халоднага, нямога спакою. Яго нудзіла ад адной толькі думкі аб Крэсчэнцы, аб яе скрыпучым голасе, тлустых валасах, аб яе тупой, жывёльнай, бязлітаснай бяздушнасці, і, калі ён злаваўся на яе, то адначасова злаваўся і на самога сябе за тое, што яму не хапае сілы разарваць гэтыя ланцугі, скінуць пятлю, якая душыла яго за горла. Ён бачыў толькі адно выйсце: уцячы. Тайком, не сказаўшы Крэсчэнцы ні слова, ён сабраў чамаданы, а ёй пакінуў наспех напісаную запіску, што ён паехаў да сяброў у Карынтыю.

Барон адсутнічаў усё лета. Толькі адзін раз ён мусіў тэрмінова вярнуцца на некалькі дзён у Вену, каб уладзіць спадчынныя справы; але ён палічыў за лепшае спыніцца ў гатэлі і нават не паведаміў пра свой прыезд Крэсчэнцы, якая, як крумкач, сядзела і чакала яго дома. Яна так і не даведалася, што ён у горадзе, бо ні з кім не размаўляла. Панурая, яна, як сыч, дзень за днём нерухома сядзела на кухні і нічога не рабіла; два разы на тыдні хадзіла ў царкву, а не раз, як раней; атрымлівала праз баронавага паверанага распараджэнні і грошы на выдаткі; пра яго самога яна не чула нічога. Ён не пісаў, нічога не прасіў ёй перадаць. І яна моўчкі чакала; твар у яе змарнеў, рухі зноў сталі нязграбныя; і так яна чакала і чакала, тыдзень за тыднем, у нейкім дзіўным акасцяненні.

Увосень неадкладныя справы не дазволілі барону болей зацягваць свой адпачынак — ён мусіў вярнуцца дадому. На парозе дома барон нерашуча спыніўся. За два месяцы, якія ён правёў сярод блізкіх сяброў, шмат што амаль забылася; але цяпер, калі ён мусіў яшчэ раз сутыкнуцца са сваім кашмарам, а можа, і сваёю хаўрусніцаю, ён зноў адчуў тую ж моташную сутаргавую цяжкасць у грудзях. Паволі падымаўся ён па лесвіцы, і з кожным крокам нябачная рука ўсё бліжэй падбіралася да горла. А калі ён дайшоў да сваіх дзвярэй, яму патрабавалася ўся яго воля, каб прымусіць анямелыя пальцы павярнуць ключ у замку.

Крэсчэнца, як толькі пачула шчоўканне замка, здзіўленая выбегла з кухні. Убачыўшы барона, яна збялела і застыла на месцы, але ў тую ж хвіліну, як бы хочучы схаваць твар, нагнулася за чамаданам. Прывітацца з ім яна забылася. Ён таксама не сказаў ні слова. Моўчкі занесла яна яго чамадан, моўчкі ішоў за ёю следам і ён. Моўчкі чакаў, гледзячы ў акно, пакуль яна не выйшла з пакоя. Потым паспешна замкнуў дзверы.

Так яны сустрэліся пасля двухмесячнай адсутнасці барона.

Крэсчэнца чакала. Чакаў і барон — ці пройдзе пачуццё халоднага жаху, якое авалодвала ім пры яе з’яўленні. Але яно не праходзіла. Ён яшчэ не бачыў яе, толькі чуў крокі ў калідоры, а яму ўжо рабілася пагана. Раніцаю, не дакрануўшыся да снедання, ён паспешна ўцякаў з дому і вяртаўся позна ўвечары — толькі б не бачыцца з ёю. Два, тры даручэнні, без якіх нельга было абысціся, ён даваў, адвярнуўшы твар убок. Яму было пакутліва дыхаць адным паветрам з гэтым злавесным прывідам.

Крэсчэнца моўчкі сядзела ўвесь дзень на кухні на драўляным табурэце. Сабе яна болей не гатавала нічога. Есці ёй не хацелася, людзей яна пазбягала. Яна адно сядзела і пакорна чакала, быццам пабіты сабака, які ведае, што ён зрабіў нядобра, і чакае, калі гаспадар зноў свісне. Яе неразвіты розум дакладна не ўсведамляў, што адбылося; пакутавала яна моцна толькі таму, што гаспадар, яе бог, пазбягаў яе, не хацеў яе паслуг.

На трэці дзень пасля баронавага звароту ў дзвярах пазванілі. На парозе стаяў сівы паважны мужчына, гладка паголены, з чамаданам у руцэ. Крэсчэнца хацела выправадзіць яго. Але незнаёмы настойліва патрабаваў, каб яна паведаміла пра яго гаспадару, і растлумачыў, што ён новы слуга і што пан барон загадаў яму прыйсці ў дзесяць гадзін. Крэсчэнца збялела як крэйда і на хвіліну знерухомела на месцы; рука з растапыранымі пальцамі засталася ў паветры. Потым рука ўпала, як падстрэленая птушка.

— Ідзіце самі, — буркнула яна здзіўленаму госцю і пайшла на кухню, грукнуўшы дзвярамі.

Новы слуга застаўся. Цяпер барон мог не гаварыць Крэсчэнцы ні слова, усе распараджэнні ён аддаваў ёй праз спакойнага, пажылога камердынера. Пра тое, што рабілася ў доме, яна не ведала, усё кацілася паверх яе, як халодная хваля цераз камень.

Так прайшло два тыдні. За гэты час Крэсчэнца зачахла, як ад цяжкай хваробы: шчокі ўваліліся, валасы на скронях ураз пасівелі. Яна быццам скамянела. Амаль заўсёды сядзела яна, як статуя, на сваім табурэце, утаропіўшы пусты позірк у пустое акно; калі ж бралася за работу, то рабіла ўсё з такою лютасцю, нібы спаганяла на кімсьці сваю злосць.

Але праз два тыдні неяк раніцаю камердынер увайшоў у пакой барона, і той, па сціплай чакальнай позе слугі, адразу зразумеў, што ён жадае паведаміць яму нешта важнае. Камердынер ужо і раней скардзіўся на няўжыўчывы характар «цірольскага цельпука», як ён пагардліва зваў Крэсчэнцу, і прапаноўваў звольніць яе. Тады гэтыя словы чамусьці непрыемна ўразілі барона, ён прапусціў іх міма вушэй, і камердынер з паклонам пайшоў. Але на гэты раз ён упарта настойваў на сваім і нарэшце, неяк дзіўна, амаль збянтэжана, запінаючыся, прызнаўся: хай пан барон не смяецца з яго… але ён не ведае… як гэта інакш сказаць… ён баіцца яе. Гэтая замкнутая злосніца проста нязносная, і пан барон нават не падазрае, якога небяспечнага чалавека трымае ў сваім доме.

Барон міжвольна ўздрыгнуў і спытаўся, што ён мае на ўвазе і што хоча гэтым сказаць. Камердынер адказаў унікліва: нічога пэўнага ён сказаць не можа, але перакананы, што гэтая асоба — шалёны звер, ад якога ўсяго можна чакаць. Учора, калі ён павярнуўся да яе, каб аддаць распараджэнне, ён выпадкова перахапіў яе позірк… канечне, пра позірк шмат чаго не скажаш, але яму здалося, што яна гатова была ўчапіцца яму ў горла. І з таго часу ён баіцца яе, баіцца дакрануцца да ежы, якую яна гатуе.

— Пан барон не ведае, які гэта небяспечны чалавек, — сказаў ён у заключэнне. — Яна ўсё маўчыць, нічога не гаворыць, але, паверце мне, — такая і забіць можа.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: