Шрифт:
Барон уздрыгнуў і спалохана паглядзеў на абвінаваўцу. Няўжо ён ведае што-небудзь дакладна? Няўжо хто-небудзь падзяліўся з ім падазрэннем? Ён адчуў, як задрыжалі пальцы, і паспешна адклаў убок цыгару, каб трапяткі струмень дыму не выдаў яго хвалявання. Але на твары старога слугі ён не прачытаў ніякай задняй думкі, ён нічога не ведае. Барон марудзіў з адказам. Нарэшце, набраўшыся смеласці і паддаючыся нявыказанаму жаданню, ён сказаў:
— Пачакай яшчэ крышку. Але калі яна зноў няветліва абыдзецца з табою, ты проста скажы ёй ад майго імя, што яна звольнена.
Камердынер пакланіўся і выйшаў з пакоя, а барон, з палёгкаю ўздыхнуўшы, адкінуўся на спінку крэсла. Усякі ўспамін аб гэтай таемна-небяспечнай істоце псаваў яму настрой на цэлы дзень. Лепш за ўсё будзе, разважаў ён, расстацца з ёю, калі яго не будзе дома, скажам, на Каляды — адна толькі думка пра жаданае збавенне выклікала ў яго непадробнае задавальненне. Так, так, лепш за ўсё на Каляды, калі мяне не будзе дома, — казаў ён самому сабе.
Але ўжо назаўтра, ледзь толькі ён устаў з-за стала і вярнуўся ў свой пакой, у дзверы пастукалі. Рассеяна адарваўшы вочы ад газеты, ён прабурчаў: «Заходзьце!» І вось пачулася цяжкае шарканне ненавісных крокаў, якія ўвесь час сніліся яму. Калі Крэсчэнца, худая, уся ў чорным, увайшла ў пакой, барон жахнуўся: на яго глядзеў абцягнуты скураю, бледны як палатно твар, хутчэй падобны на гіпсавую маску нябожчыка. Убачыўшы, што яна пакорліва спынілася на краі дывана, барон, разам са страхам, адчуў і нешта накшталт жалю да гэтай душэўна растаптанай істоты. І каб схаваць міжвольную збянтэжанасць, ён прыкінуўся, што нічога не ведае.
— Ну, што табе, Крэсчэнца? — спытаўся ён.
Аднак, наперакор яго намеру, бадзёрага, сардэчнага тону не атрымалася, пытанне прагучала холадна і злосна.
Але Крэсчэнца стаяла нерухома, утаропіўшы вочы ў падлогу. Нарэшце яна прагаварыла адрывіста, быццам нагою штосьці адштурхоўвала ад сябе:
— Камердынер звольніў мяне. Ён сказаў, што вы распарадзіліся даць мне разлік.
Барон, непрыемна ўражаны, устаў з места. Ён не чакаў, што гэта здарыцца так хутка. Не ведаючы, што адказаць, ён пачаў заіклівым голасам гаварыць наўгад першае, што яму прыйшло ў галаву: што ўсё было крыху перавялічана, што ёй трэба лепш ладзіць з другімі слугамі, і таму падобнае глупства.
Але Крэсчэнца нерухома стаяла перад ім, не адводзячы вачэй ад дывана. Са злоснаю ўпартасцю, з прыўзнятымі плячамі і нізка апушчанаю галавою, быццам бык з настаўленымі рагамі, яна як бы не чула прымірэнчых баронавых слоў і чакала аднаго слова — але гэтага слова не было. І калі ён стомлена змоўк, адчуваючы прыкрасць ад таго, што яму прыходзіцца разыгрываць непрывабную ролю ашуканца перад служанкаю, Крэсчэнца зацята маўчала. Нарэшце яна вымавіла з намаганнем:
— Я толькі хацела ведаць: пан барон сам даў даручэнне Антону звольніць мяне?
Пытанне прагучала жорстка, раздражнёна, груба. Барон, і так ужо расхваляваны ў глыбіні душы, адхіснуўся, нібы яго штурхнулі ў грудзі. Што гэта — пагроза? Яна кідае яму выклік? І адразу ўся яго маладушнасць, увесь яго жаль як рукою зняло. Агіда і нянавісць, якія доўга збіраліся ў ім, прарваліся ў гарачым жаданні раз і назаўсёды пакласці ўсяму гэтаму канец. Ён раптам крута перамяніў тон і з тою дзелавітаю халоднасцю, да якой яго прывучыла служба ў міністэрстве, суха пацвердзіў: так, так, зусім правільна, ён сапраўды дазволіў камердынеру самастойна вырашаць усе гаспадарчыя справы. Ён асабіста, вядома, жадае ёй дабра і нават паспрабуе адмяніць звальненне. Але калі яна і далей будзе ўпарціцца і не хоча жыць у згодзе з Антонам, то ён, так, ён вымушаны адмовіцца ад яе паслуг.
Барон змоўк і, сабраўшы ўсю сваю волю, утаропіў у Крэсчэнцу строгі, рашучы позірк з цвёрдым намерам не даць сябе запалохаць якім-небудзь скрытым намёкам ці фамільярным словам.
Але ў вачах Крэсчэнцы, якія яна нясмела падняла на барона, не было і ценю пагрозы: так глядзіць смяротна паранены звер, калі на яго з-за кустоў кідаецца зграя ганчакоў.
— Дзякуй… — сказала яна ледзь чутна. — Я пайду… я не буду болей дакучаць пану барону…
І, згорбленая, не аглядваючыся і цяжка цягнучы нягнуткія нязграбныя ногі, яна павольна выйшла з пакоя.
Увечары, прыйшоўшы з тэатра, барон падышоў да пісьмовага стала, каб прагледзець пошту, і раптам заўважыў нейкі незнаёмы чатырохвугольны прадмет. Ён запаліў лямпу і ў яе святле пазнаў драўляную шкатулку, якія робяць вясковыя майстры. Яна не была замкнёная, і барон адчыніў яе: там, у бездакорным парадку, ляжалі несамавітыя падарункі, якія Крэсчэнца атрымала ад яго за ўвесь час: некалькі паштовак, пасланых з палявання, два білеты ў тэатр, сярэбраны пярсцёнак, крэдыткі, складзеныя акуратным прамавугольнікам, і маментальная фатаграфія, зробленая ў Ціролі дваццаць гадоў назад; Крэсчэнцу, відаць, спалохала ўспышка магнію, і на здымку позірк у яе быў такі ж змучаны і пабіты, як сёння ў час іх развітання.
Крыху азадачаны, барон адсунуў убок шкатулку і выйшаў у калідор, каб спытацца ў камердынера, чаго гэта рэчы Крэсчэнцы апынуліся ў яго на стале. Камердынер ахвотна пайшоў за сваім ворагам, каб атрымаць патрэбныя тлумачэнні. Але Крэсчэнцы не было ні на кухні, ні ў пакоях. І толькі назаўтра, калі ў рубрыцы здарэнняў ранішняй газеты з’явілася паведамленне, што жанчына гадоў пад сорак кінулася ў ваду з моста цераз Дунайскі канал і пакончыла жыццё самагубствам, яны абодва зразумелі, што не трэба болей пытацца, куды дзелася Лепарэла.