Шрифт:
Чыпола ўстаў і, хістаючыся, зрабіў два крокі да рампы.
— Гляньце ж! — прамовіў ён са зласлівай сардэчнасцю. — Даўні знаёмы. Юнак, у якога што наўме, тое на языку! (Ён сказаў «sulla linguaccia», што азначае «абкладзены язык» — зноў выбух рогату.) — Я на вас надзівіўся, цяпер у мяне інтэрас да гэтага паборцы гонару con questo torregiano di Venere, гэтага ахоўцы вежы Венеры, які несумненна наперад смакуе ўзнагароду за сваю адданасць.
— Ah, nonscherziamo! [24] Пагамонім сур’ёзна! — ускінуўся хлопец, вочы ў яго бліснулі, і ён нават зрабіў такі рух, быццам хацеў скінуць пінжак і ад слоў перайсці да дзеяння.
24
Ах, годзе жартаваць! (іт.).
Чыпола прыняў гэта даволі спакойна. Ён не мы (мы трывожна пераглянуліся), кабальерэ быў сярод суайчыннікаў, адчуваў пад нагамі родную глебу. Ён заставаўся халодны, паказаўшы гэтым сваю поўную перавагу. Насмешлівым кіўком у бок маладога пеўніка і красамоўным позіркам ён запрасіў публіку пасмяяцца разам з ім з баявітасці свайго апанента, якая сведчыла пра дурнаватую абмежаванасць таго. І тут сталася нешта дзівоснае, што асвятліла гэтую перавагу вусцішным святлом і ганебным, незразумелым чынам абярнула ваяўнічае напружанне ўсёй сцэны ў нешта смеху вартае.
Чыпола яшчэ бліжэй падышоў да хлопца і неяк адмыслова паглядзеў таму ў вочы. Фокуснік нават напалову сышоў з лесвічкі, якая злева ад нас вяла ў залу, так што стаяў толькі ледзь-ледзь вышэй і амаль перад самым ваяром. Плётка вісела ў яго на руцэ.
— Значыцца, ты не схільны жартаваць, сынку, — сказаў ён. — Яно і зразумела, кожнаму ж відаць, што ты нездаровы. І язык твой — шчыра скажам, не вельмі чысты, — сведчыў пра непарадак у страўніку. Не трэба хадзіць на прадстаўленні, калі адчуваеш сябе так блага; ты і сам, я ведаю, вагаўся, думаў, ці не лепш будзе легчы ў ложак і зрабіць сабе гарачы кампрэс на жывот. Недаравальнае легкадумства было піць пасля абеду столькі белага віна — і хай бы ж добрага, а то абы-што, кіслоцце. І вось цяпер у цябе колікі, і ты ледзьве не курчышся ад болю. А ты не саромейся! Дай волі свайму целу, сагніся, гэта заўсёды дае палёгку пры кішэчных курчах.
Пакуль Чыпола гаварыў гэтую прамову спакойна і настойліва, з нейкім суровым спачуваннем, вочы ягоныя свідравалі хлопца, нібы зрабіліся сухія і гарачыя, — гэта былі незвычайныя вочы, і рабілася зразумела, што яго праціўнік не толькі з мужчынскага самалюбства не мог адвесці ад іх позірку. Ды і ўвогуле на смуглым твары Джаваноты хутка не засталося і следу ранейшай самаўпэўненасці. Ён глядзеў на кавальерэ, крыху раззявіўшы рот, і рот ягоны крывіўся вінаватай і жаласлівай усмешкай.
— Дай сабе волі, сагніся! — зноў паўтарыў Чыпола. Нічога іншага ў цябе няма! Пры такіх рэзях заўсёды курчацца. Ты ж не будзеш упірацца натуральнаму руху толькі таму, што табе гэта раяць.
Хлопец павольна падняў рукі і яшчэ да таго, як крыж-накрыж абхапіў імі жывот, пачаў нагінацца, паварочваючы корпус і нахіляючыся наперад усё ніжэй і ніжэй, пакуль, нарэшце, са стуленымі каленямі, расставіўшы пяты, амаль не сеў на кукішкі — жывая карціна болю, які курчыць чалавека, Чыпола даў яму пастаяць у гэтай позе з хвіліну, потым ляснуў у паветры плёткай і паклыпаў да круглага століка, дзе зноў выпіў каньяку.
— Il boit beacucоup [25] , — сказала дама за намі.
25
Ён шмат п’е (фр.).
Няўжо гэта было адзінае, што яе здзівіла? Нам усё яшчэ было няясна, ці дастаткова публіка разабралася ў тым, што адбываецца. Хлопец ужо выпрастаўся і стаяў, збянтэжана ўсміхаючыся, быццам толкам не ведаў, што з ім адбылося. Усе сачылі за гэтай сцэнай з палкай цікавасцю і цяпер заапладыравалі, закрычалі: «Брава, Чыпола!», «Брава, Джаванота!». Мабыць, гледачы не ўспрынялі выніку спрэчкі як асабістую няўдачу хлопца і падбадзёрвалі яго, як актора, які выдатна выканаў ролю смешнага і нікчэмнага персанажа. І праўда ж, ён вельмі пераканаўча і нават ці не занадта натуральна, нібы з разлікам на галёрку, курчыўся ад болю, паказаўшы, так сказаць, сапраўдны акторскі талент. Зрэшты, я не ўпэўнены, што трэба прыпісаць адносінам залы: ці тое такту, якім жыхары поўдня заўсёды далікатнейшыя за нас, ці тое сапраўднаму заглыбленню ў сутнасць справы.
Падмацаваўшыся, кавальерэ запаліў новую цыгарэту. Можна было зноў вярнуцца да арыфметычнага вопыту. У заднім радзе лёгка знайшоўся малады чалавек, што згадзіўся запісваць лічбы, якія яму будуць называць. Яго мы таксама ведалі; тут было столькі знаёмых твараў, што прадстаўленне рабілася нейкім як бы нават свойскім. Малады чалавек служыў на галоўнай вуліцы ў лаўцы, дзе гандлявалі садавінай і каланіяльнымі таварамі, ён шмат разоў абслугоўваў нас, вельмі ветліва і ўважліва. Пакуль ён спрытна, як прыказчык, пісаў крэйдай, Чыпола спусціўся да нас у партэр і, як раскарака, пахаджаў сярод публікі, звяртаўся то да аднаго, то да другога і прасіў назваць яму, на свой выбар, двух-, трох— альбо чатырохзначную лічбу, якую, як толькі яна злятала з вуснаў апытванага, паўтараў маладому бакалейніку, а той запісваў на дошцы ў слупок. Усё гэта з узаемнай згоды было разлічана на забаву, жарты, аратарскія адступленні. Вядома, здаралася, што артыст натыкаўся на іншаземцаў, якія не маглі ўправіцца з лічбамі на чужой мове; з імі Чыпола доўга, з падкрэслена рыцарскай галантнасцю, біўся пад стрыманыя смяшкі мясцовых, якіх ён, у сваю чаргу, бянтэжыў, просячы перакладаць яму лічбы, сказаныя па-англійску альбо па-французску. Некаторыя называлі лічбы, якія паказвалі на вялікія даты ў італьянскай гісторыі. Чыпола момантам гэта ўлоўліваў і карыстаўся выпадкам, каб мімаходзь прыпрэгчы якую-небудзь патрыятычную развагу. Нехта сказаў: «Нуль!» — і кавальерэ, як заўсёды глыбока пакрыўджаны спробай пажартаваць з яго, кінуў цераз плячук, што гэта не двухзначная лічба, на што іншы дасціпнік крыкнуў: «Два нулі!!» — і гэта спрычыніла агульную весялосць, якую на поўдні заўсёды выклікае любы намёк на натуральную патрэбу. Толькі адзін кавальерэ трымаўся пагардліва-асуджальна, хоць сам і справакаваў двухсэнсіцу; аднак, перасмыкнуўшы плячыма, ён сказаў бакалейніку запісаць і два нулі.
Калі на дошцы набралася каля пятнаццаці розных лічбаў, Чыпола папрасіў гледачоў скласці іх. Спрактыкаваныя ў матэматычных вылічэннях хай палічаць у памяці проста з дошкі, але нікому не забаранялася карыстацца алоўкам і паперай. Пакуль усе працавалі, Чыпола сядзеў каля дошкі і,крывячыся, курыў з самазадаволенай мінай, уласцівай калекам. Хуценька падбілі вынік — пяцізначны лік. Нехта назваў суму, другі пацвердзіў, у трэцяга вынік не зусім супадаў, у чацвёртага ўсё сыходзілася. Чыпола ўстаў, страсянуў попел з каптана, крыху падняў ліст паперы у правым верхнім куце дошкі, адкрыў тое, што было напісана. Там стаяла якраз гэтая самая сума, нешта каля мільёна. Ён напісаў яе загадзя.