Шрифт:
Агульнае здзіўленне і гром воплескаў. Дзеці нават раты раззявілі. Як гэта ён так дапяў, прыставалі яны да нас. Нялёгка растлумачыць гэтую штуку, адказвалі мы, на тое Чыпола і штукар. Цяпер яны ведалі, што такое прадстаўленне фокусніка. Ну проста здорава: як рыбаку раптам забалеў жывот, а цяпер вось гатовы вынік на дошцы, — і мы ўжо з трывогай прадбачылі, што нягледзячы на запаленыя вочы і позні час, амаль палову адзінаццатай, будзе вельмі нялёгка вывесці іх адгэтуль. Без слёз тут не абыдзецца. А між тым зусім жа відавочна, што гарбач не ўжывае ніякіх маніпуляцый — у сэнсе спрыту рук, і ўсё гэта зусім не на дзяцей. Не ведаю, што пра ўсё гэта думала публіка, але з выбарам складнікоў «па сваёй волі» ўсё было яўна нячыста; вядома, не выключана, што той альбо іншы з апытаных адказваў па сваім выбары, але адно несумненна: Чыпола выбіраў сабе людзей, і ўвесь ход доследу, скіраванага на тое, каб атрымаць вызначаны наперад вынік, быў падпарадкаваны ягонай волі; аднак нельга было не захапляцца яго матэматычнымі здольнасцямі, хоць усё астатняе чамусьці не выклікала захаплення. У дадатак ягоны ўра-патрыятызм і бясконцая самазадаволенасць — суайчыннікі кавальерэ, магчыма, і адчувалі сябе ў сваёй стыхіі і здольныя былі яшчэ жартаваць, але чалавека збоку ўсё разам узятае прыгнятала.
Зрэшты, Чыпола сам спрыяў таму, каб у людзей, якія хоць трошкі нешта петрылі, не заставалася сумненняў, што да прыроды яго майстэрства, хоць ні разу, вядома, не вымавіў ніводнага тэрміна і нічога сваім назовам не назваў. Аднак жа ён гаварыў пра гэта — ён увесь час гаварыў, — але ў туманных, самаўпэўненых выразах, якія выстаўлялі яго выключнасць.
Яшчэ нейкі час ён вёў тыя самыя практыкоўкі, але спачатку ўскладняў іншымі арыфметычнымі дзеяннямі, а потым усё спрасціў, каб паказаць, як гэта робіцца. Казаў проста «адгадваць» лічбы, якія папярэдне запісваў пад аркушам паперы на дошцы. Нехта прызнаўся, што спачатку хацеў назваць іншую лічбу, але менавіта ў гэты момант перад ім свіснула ў паветры плётка кавальерэ, і ў яго зляцела з вуснаў тая самая, што напісана на дошцы. Чыпола бязгучна засмяяўся аднымі плячыма. Кожны раз ён прыкідваўся здзіўленым празорлівасцю апытанага; але ў кампліментах ягоных чулася нешта іранічнае і абразлівае, не думаю, каб яны падабаліся паддоследным, хоць тыя і ўсміхаліся і ў пэўнай меры не былі супроць таго, каб прыпісаць апладысменты сабе. Мне здаецца таксама, што артыст не здабыў прыхільнасці ў публікі. У яе адносінах да яго, бадай, адчувалася непрыхаваная непрыязь і непакорлівасць; але, нават калі адкінуць проста ветлівасць, якая стрымлівала такія пачуцці, майстэрства Чыполы, яго бясконцая самаўпэўненасць не маглі не падабацца, і нават плётка, здавалася, спрыяла таму, каб бунт не вырваўся вонкі.
Ад фокусаў з лічбамі Чыпола перайшоў да картаў. Ён дастаў з кішэні дзве калоды, і, памятаю, сутнасць эксперыменту была ў тым, што ён браў з адной калоды, не гледзячы, тры карты, хаваў іх ва ўнутраную кішэню каптана, працягваў другую каму-небудзь з гледачоў, каб той выцягнуў менавіта гэтыя тры карты, прычым фокус не кожнага разу ўдаваўся зусім бездакорна; часам супадалі толькі дзве карты, але часцей за ўсё, адкрыўшы свае тры карты, Чыпола перамагаў і лёгкім паклонам дзякаваў публіцы за апладысменты, якімі яна, хоч не хоч, а прызнавала яго магутнасць. Малады хлопец у пярэднім радзе справа ад нас, італьянец з гордым тварам, падняў руку і сказаў, што рашыў выбіраць выключна па сваёй волі і свядома супраціўляцца любому пабочнаму ўплыву. Які ў такім разе будзе вынік, на думку Чыполы?
— Вы толькі, і можа, крыху ўскладніце мне задачу, — адказаў кавальерэ. — Але, як бы вы ні ўпіраліся, вынік будзе той самы. Існуе свабода, існуе і воля, але свабоды волі няма, бо воля, якая імкнецца толькі да сваёй свабоды, правальваецца ў пустату. Вы вольныя цягнуць альбо не цягнуць карты з калоды. Але пацягнеце, дык выцягнеце правільна, і з тым большай пэўнасцю, чым упарцей будзеце супраціўляцца.
Трэба прызнацца, што ён не мог прыдумаць нічога лепшага, каб напусціць туману і пасеяць разгубленасць у хлопцавай душы. Той упарта не рашаўся працягнуць руку да калоды. А ўзяўшы адну карту, ён тут жа захацеў, каб яму на праверку паказалі схаваныя.
— Але навошта? — здзівіўся Чыпола. — Ці не лепей ужо ўсе разам?
Але як што ўпарцісты хлопец стаяў на сваім, на такой папярэдняй пробе, фігляр з нечаканай для яго лакейскай дагодлівасцю сказаў: «E servito!» [26] — і, не гледзячы, веерам адкрыў свае тры карты. Крайняя левая была якраз тая, што выцягнуў хлопец.
Змагар за свабоду волі злосна сеў на сваё месца пад воплескі гледачоў. У якой меры Чыпола на дапамогу свайму прыроднаму дару заклікаў розныя механічныя трукі і спрыт рук — чорт яго ведае. Але калі нават дапусціць такі сплаў, усе, хто з прагнай цікаўнасцю сачылі за незвычайным прадстаўленнем, шчыра цешыліся і прызнавалі бясспрэчнае майстэрства артыста. «Lavora bene!» [27] — чулася то тут то там непадалёк ад нас, а гэта азначала перамогу аб’ектыўнай справядлівасці над асабістай антыпатыяй і маўклівым абурэннем.
26
Да паслугаў! (іт.).
27
Чыстая праца! (іт.).
За апошнім, хай няпоўным, затое асабліва ўражлівым поспехам Чыпола спачатку зноў падмацаваўся віном. Ён і праўда «шмат піў», і глядзець на гэта было не дужа прыемна. Відаць, яму патрэбны былі спіртное і тытунь, каб падтрымліваць і ўзнаўляць сваю жыццёвую сілу, да якое, як ён сам намякнуў, у многіх адносінах ставіліся вялікія патрабаванні. Часам ён сапраўды выглядаў зусім дрэнна — запалыя вочы, аселы твар. А чарачка зноў усё ўводзіла ў норму, і мова ў яго пасля таго зноў цякла, уперамешку з шэрымі струмянямі дыму, жвава і плаўна. Я добра памятаю, што ад картачных фокусаў ён перайшоў да тых салонных гульняў, якія грунтуюцца на звыш— ці падсвядомых уласцівасцях чалавечай натуры — на інтуіцыі і «магнетычным» умаўленні, — словам, на ніжэйшай форме празорлівасці. Толькі ўнутраную сувязь і паслядоўнасць я не запамятаў. Дый не буду дакучаць вам апісаннем гэтых вопытаў, яны вядомыя ўсім: усе вы хоць раз удзельнічалі ў іх — у пошуках якога-небудзь схаванага прадмета, паслухмяным выкананні якіх-небудзь наперад задуманых дзеянняў, імпульс да якіх невытлумачальным шляхам перадаецца ад арганізма да арганізма. І пры гэтым кожны, пакручваючы галавой, кідаў цікаўна-гідлівыя позіркі ў двухсэнсава-нячыстыя і цёмныя нетры акультызму, які ад чалавечай слабасці яго адэптаў увесь час хіліцца да таго, каб, дурачы людзей, змешвацца з містыфікацыяй і шахрайствам, аднак і дамешка зусім не абвяргае натуральнасці іншых складнікоў гэтай дзівоснай амальгамы. Я хачу толькі адзначыць, што ўздзеянне ўзрастае і ўражанні паглыбляюцца, калі такі вось Чыпола выступае рэжысёрам і галоўнай дзейнай асобай у гэтай цёмнай гульні. Ён сядзеў спінай да публікі ў глыбіні эстрады і курыў. Пакуль дзе-небудзь у зале нішкам не дамаўляліся, прыдумваючы яму заданне, і з рук у рукі перадавалі прадмет, які яму трэба будзе знайсці і з ім нешта зрабіць. Потым, трымаючы за руку прысвечанага ў задачу павадыра з публікі, якому сказана было ісці трошкі ззаду і толькі ў думках засяродзіцца на задуманым. Чыпола, адкінуўшы галаву назад і выцягнуўшы наперад руку, улукаткі ішоў па зале, гэтаксама, як рухаюцца ў такіх вопытах усе — то памыкаючыся наперад, быццам яго нешта штурхала, то няўпэўнена, вобмацкам, нібы прыслухоўваючыся, то зноў заходзячы ў тупік і раптам паварочваючы. Здавалася, ролі памяняліся, флюід ішоў назад, і артыст, не перастаючы гаварыць, на гэта ўказваў. Цяпер пасіўным бокам, які ўспрымае, слухаецца, быў ён, яго ўласная воля выключана, ён толькі выконвае маўклівую, разлітую ў паветры агульную волю гледачоў, а да гэтага часу толькі ён адзін хацеў і загадваў; але Чыпола падкрэсліваў, што гэта, па сутнасці, тое ж самае. Здольнасць адасобіцца ад свайго «я», зрабіцца проста прыладай, пераконваў ён, — гэта другі бок здольнасці хацець і загадваць; гэта ўсё тая самая здольнасць, валадаранне і падпарадкавальнасць разам узятыя ўяўляюць адзін прынцып, адно непарыўнае адзінства; хто ўмее падначальвацца, той умее і загадваць, і наадварот, адно паняцце ўжо ёсць у другім, непарыўна з ім звязана, як непарыўна звязаныя правадыр і народ, але затое напружанне, нязмернае, стомнае напружанне цалкам выпадае на яго долю, кіраўніка і выканаўцу ў адной асобе, у якой воля робіцца паслушэнствам, а паслушэнства — воляй, ён спараджае і тое і другое, і таму яму даводзіцца асабліва цяжка. Артыст не раз падкрэсліваў, што яму вельмі-вельмі цяжка, мабыць, каб растлумачыць, чаму яму трэба ўвесь час падмацоўвацца чарачкай. Чыпола рухаўся навобмацак, як у трансе, нібы яго скіроўвала і вяла агульная тайная воля ўсёй залы. Ён дастаў упрыгожаную камянямі шпільку з тyфлі англічанкі, куды яе схавалі, і панёс, то няўпэўнена запавольваючы крок, то з парывам наперад, другой даме — сіньёры Анджальеры, — устаў на калені і падаў ёй з умоўленымі словамі; яны, праўда ў самы раз пасавалі да нагоды, але адгадаць іх было зусім няпроста — фразу склалі па-французску. «Прыміце гэты дарунак на знак майго пакланення!» — належала яму сказаць, і нам здавалася, што ў цяжкасці задачы хаваўся пэўны злы намысел і адбіўся разлад паміж прагай цудоўнага, якая даймала публіку, і жаданнем, каб фанабэрысты Чыпола нарэшце праваліўся. Вельмі цікава было назіраць, як ён, укленчыўшы перад сіньёрай Анджальеры, спрабаваў і так і гэтак знайсці патрэбную яму фразу.
— Я павінен нешта сказаць, — прамовіў ён, — і ясна адчуваю, што менавіта павінен сказаць. А тым часам адчуваю, што вымавіць гэта будзе памылкай. Не, прашу, ні ў якім разе не падказваць! Не памагайце мне ні словам ні жэстам! — усклікнуў ён, хоць… а можа, якраз таму, што менавіта на гэта і спадзяваўся. — Pensez tres fort! [28] — раптам крыкнуў ён на дрэннай французскай і тут выпаліў патрэбную фразу, праўда, па-італьянску, але так, што апошняе і галоўнае слова нечакана вырвалася ў яго на, пэўна, зусім яму незнаёмай, але блізкай мове — ён вымавіў замест «veneracione» «еnеration» [29] з жахлівым насавым гукам у канцы слова — частковы поспех, які пасля ўсяго ўжо выкананага — пошукаў шпількі, выбару той, каму трэба было яе аддаць, укленчання, — зрабіў, бадай што, нават большы эфект, чым зрабіла б поўная перамога, і выклікаў буру захаплення.
28
Моцна думайце! (фр.).
29
Пакланенне (іт. і фр.).
Устаючы з каленяў, Чыпола абцёр з ілба пот. Вы разумееце, што, расказваючы пра шпільку, я толькі прыводжу ўзор яго працы, што мне асабліва запомнілася. Але Чыпола ўвесь час уразнастайваў гэтую асноўную форму і да таго ж пераплятаў свае доследы з такога ж роду імправізацыямі, якія забіралі шмат часу і на якія яго на кожным кроку штурхалі зносіны з публікай. Больш за іншых, здавалася, натхняла яго наша гаспадыня; яна справакавала яго на дзівоснае шчыраванне.
— Ад мяне не ўнікла, сіньёра, — звярнуўся ён да яе, — што ў вашым жыцці былі незвычайныя, яркія старонкі. Хто ўмее бачыць, той разгледзіць над вашым мілым ілбом ззянне, якое, калі я не памыляюся, колісь было ярчэйшае, чым сёння, — ззянне, якое спакваля атухае…Ні слова! Не падказвайце мне! Поплеч з вамі сядзіць ваш муж, праўда ж? — павярнуўся ён да ціхмянага сіньёра Анджальеры. — Вы муж гэтай дамы,і шлюб ваш шчаслівы. Але ў гэтае шчасце ўрываюцца ўспаміны… каралеўскія ўспаміны… Мінулае, сіньёра, здаецца мне, грае ў вашым жыцці вялікую ролю. Вы ведалі караля… скажыце, у мінулыя дні на вашай жыццёвай дарозе сустракаўся вам кароль?