Вход/Регистрация
Навелы
вернуться

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

Але гэта дапамагала толькі на хвіліну. Адзін мужчына, чырвоны як рак, ужо разы тры ўскокваў з-за стала, і яго жонцы толькі з вялікім намаганнем удавалася супакоіць яго; карацей, яшчэ некалькі хвілін — і наша дыскусія скончылася б бойкаю, калі б місіс К. раптам не праліла алею на бурныя хвалі нашай спрэчкі.

Місіс К., паважаная, пажылая ангелька, з беласнежнымі валасамі, па маўклівай дамоўленасці была ганаровы старшыня нашага стала. Яна трымалася вельмі прама, была аднолькава ветлівая з усімі, гаварыла мала, але з прыемнаю ўвагаю прыслухоўвалася да ўсяго, што гаварылася навокал — ужо адно яе аблічча ўздзейнічала на ўсіх дабратворна: ад яе павявала спакоем і арыстакратычнаю стрыманасцю. Яна ні з кім блізка не сыходзілася і ў той жа час выказвала кожнаму знакі ўвагі; пераважна яна сядзела з кнігаю ў садзе, часам іграла на раялі і толькі зрэдку далучалася да кампаніі або ўдзельнічала ў жывой гутарцы. Яе прысутнасць амаль не заўважалася, і, аднак, мы ўсе міжволі падпарадкоўваліся ёй. І цяпер, як толькі яна загаварыла, нам стала вельмі сорамна, што мы так шумна і нястрымана паводзім сябе.

Місіс К. скарыстала паўзу, якая настала пасля таго, як немец рэзка ўскочыў і тут жа, пасля жончыных угавораў пакорліва сеў на сваё месца. Яна раптам падняла свае ясныя шэрыя вочы, неяк нерашуча паглядзела на мяне і потым дзелавіта і выразна па-свойму ўдакладніла тэму нашай спрэчкі:

— Значыцца, калі я правільна зразумела вас, вы лічыце, што мадам Анрыэт… што жанчыну можна ўцягнуць у нечаканую авантуру, што яна можа рабіць учынкі, якія за гадзіну да гэтага ёй самой здаліся б немагчымымі і за якія яе нельга вінаваціць?

— Я ў гэтым перакананы, васпані.

— У такім разе вы адмаўляеце ўсякі крытэрый маралі, і любое парушэнне маралі можна будзе апраўдаць. Калі вы сапраўды лічыце, што crime passionnel [56] , як кажуць французы, не злачынства, то выходзіць, што дзяржаўнае правасуддзе наогул лішняе. Тады без вялікіх намаганняў — а вы з душою абараняеце сваю справу, — дадала яна з усмешкаю, — можна знайсці пачуццё ў кожным злачынстве і апраўдаць яго гэтым пачуццём.

Яна гаварыла спакойна, амаль весела, і гэта так спадабалася мне, што я міжволі пераняў яе дзелавіты тон і адказаў паўжартам-напаўсур’ёзна:

56

Злачынства, выкліканае пачуццём (фр.).

— Дзяржаўнае правасуддзе вырашае такія пытанні, бясспрэчна, стражэй, чым я: яго доўг — ахоўваць грамадскую мараль і добрапрыстойнасць, і гэта вымушае яго асуджаць, замест таго каб апраўдваць. Я ж, як прыватная асоба, не лічу патрэбным браць на сябе ролю пракурора: я аддаю перавагу прафесіі абаронцы. Мне асабіста больш прыемна разумець людзей, чым судзіць іх.

Ясныя шэрыя вочы місіс К. з хвіліну не адрываліся ад мяне; яна марудзіла з адказам. Я падумаў, што яна не ўсё зразумела, і ўжо сабраўся паўтарыць ёй свае словы па-ангельску, але яна зноў стала задаваць пытанні з дзіўнаю сур’ёзнасцю, быццам экзаменавала мяне.

— Няўжо, па-вашаму, не ганебна, не агідна, калі жанчына пакідае мужа і двух дзяцей, каб пайсці ўслед за першым стрэчным, не ведаючы нават, ці варты ён яе кахання? Няўжо вы сапраўды можаце апраўдаць такія легкадумныя і бесклапотныя паводзіны ўжо не вельмі маладой жанчыны, якой хоць бы дзеля дзяцей належала паводзіць сябе з большаю годнасцю?

— Паўтараю, васпані, — адказаў я, — што я адмаўляюся тут судзіць або асуджаць. Вам я магу шчыра прызнацца, што я крыху перабольшыныў — бедная мадам Анрыэт, канечне, не гераіня, нават не шукальніца прыгод, і менш за ўсё смелая, палкая натура. Наколькі я яе ведаю, яна ўсяго толькі пасрэдная слабая жанчына, да якой я адчуваю пэўную павагу за тое, што яна знайшла ў сабе мужнасць аддацца свайму жаданню, але яшчэ болей я адчуваю да яе жаль, бо не сёння-заўтра яна будзе вельмі няшчасная. Тое, што яна зрабіла, было, можа, неразумна і, бясспрэчна, неабдумана, але ні ў якім разе нельга назваць яе ўчынак нізкім і подлым. Вось чаму я настойваю на тым, што ніхто не мае права пагарджаць гэтай беднай няшчаснай жанчынай.

— А вы самі? Вы ўсё гэтак жа паважаеце яе? Вы не робіце адрознення паміж прыстойнай жанчынай, з якою вы гаварылі пазаўчора, і тою, другою, якая ўчора ўцякла з першым стрэчным?

— Аніякага. Так, аніякага, абсалютна аніякага.

— Is that so? [57] — міжволі вырвалася ў яе па-ангельску; відаць, размова надзвычайна яе цікавіла.

Пасля кароткага роздуму яна зноў запытальна паглядзела на мяне сваімі яснымі вачамі.

— А калі б заўтра вы сустрэлі мадам Анрыэт, скажам, у Ніцы, пад руку з гэтым маладым чалавекам, прывіталіся б вы з ёю?

57

Ці так гэта? (англ.).

— Канечне.

— І загаварылі б з ёю?

— Канечне.

— А калі… калі б вы былі жанатыя, вы пазнаёмілі б такую жанчыну са сваёю жонкаю, як быццам нічога і не адбылося?

— Канечне.

— Would you really? [58] — зноў спыталася яна па-ангельску, і ў яе голасе прагучаў недавер і здзіўленне.

— Surely I would [59] , — адказаў я ёй таксама па-ангельску.

Місіс К. маўчала. Здавалася, яна напружана думала. Раптам, і як бы здзіўленая сваёй смеласцю, яна сказала, зірнуўшы на мяне:

58

Сапраўды? (англ.).

59

Канечне, так (англ.).

— I don’t know, if I would. Perhaps I might do it also [60] .

І з той дзіўнай натуральнасцю, з якою толькі ангельцы ўмеюць далікатна, але рашуча абарваць размову, яна ўстала і па-сяброўску працягнула мне руку. Яе ўмяшанне прынесла супакаенне, і ў глыбіні душы ўсе мы, нядаўнія ворагі, былі ўдзячны ёй за тое, што пагрозліва згусцелая атмасфера разрадзілася; мы перакінуліся бяскрыўднымі жартамі, ветліва развіталіся і разышліся.

Хоць наша спрэчка і скончылася па-джэнтльменскі, але пасля той гарачай перапалкі паміж мною і маімі праціўнікамі з’явілася адчужанасць. Нямецкая пара трымалася холадна, а італійцы забаўляліся тым, што штодня з’едліва пыталіся ў мяне, ці не чуў я чаго-небудзь пра «cara sognora Henrietta» [61] .

60

Не ведаю, як бы я зрабіла, можа, гэтаксама (англ.).

61

Дарагую сіньёру Энрыэту (іт.).

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: