Вход/Регистрация
Навелы
вернуться

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

Зноў голас абарваўся. І калі ён потым прадоўжыў расказ, то ўжо не гаварыў, а хутчэй рыдаў.

— Я… я намацваў дарогу… і там… там, на бруднай цыноўцы… сагнутая ад болю… ляжала і стагнала чалавечая істота… там ляжала яна…

Я не бачыў яе твару… Мае вочы яшчэ не прывыклі да цемры… вобмацкам я знайшоў яе руку… гарачую… як агонь… У яе была гарачка, моцная гарачка… і я здрыгануўся… я адразу зразумеў усё… Яна збегла сюды ад мяне… дала скалечыць сябе… першай сустрэчнай бруднай старой кітаянцы, толькі таму, што баялася агалоскі… дала нейкай вядзьмарцы забіць сябе, каб толькі не даверыцца мне… Толькі таму, што я, вар’ят… не злітаваўся з яе, з яе гонару, не дапамог ёй адразу… таму што смерці яна баялася меней, чым мяне…

Я крыкнуў, каб прынеслі святло. Бой ускочыў; агідная старая дрыготкімі рукамі прынесла закураную газавую лямпу… Я ледзь стрымаўся, каб не ўчапіцца жаўтатварай карзе ў горла… Лямпу паставілі на стол… жоўтае святло ўпала на змардаванае цела… І раптам… раптам з мяне як рукою зняло ўсё маё замарачэнне і злосць, увесь гэты нячысты накіп пачуццяў… цяпер я быў толькі ўрач, чалавек, які памагаў, аглядаў, быў узброены ведамі… Я забыўся пра сябе… мой розум праясніўся, і я пачаў змагацца з надыходзячым жахам… Голае цела, пра якое я марыў так моцна, я ўспрымаў цяпер толькі як… ну, як бы гэта сказаць… як матэрыю, як арганізм… я не адчуваў, што гэта яна, я бачыў толькі жыццё, якое змагалася са смерцю, чалавека, які курчыўся ў жахлівых пакутах… Яе кроў, яе гарачая свяшчэнная кроў цякла па маіх руках, але я не адчуваў ні хвалявання, ні жаху… я быў толькі ўрач… я бачыў толькі пакуты… і ўбачыў…

І ўбачыў адразу, што ўсё марна, што толькі цуд можа выратаваць яе… Яна была скалечана няўмелаю, злачыннаю рукою і сплывала крывёю… а ў мяне ў гэтым гнюсным прытоне не было нічога, каб спыніць кроў, не было нават чыстай вады… Усё, да чаго я дакранаўся, было бруднае…

— Трэба зараз жа ў бальніцу, — сказаў я. Але не паспеў я скончыць, як хворая сутаргавым намаганнем прыўзнялася на цыноўцы.

— Не… не… лепш памерці… каб ніхто не даведаўся… ніхто не даведаўся… Дадому… дадому!..

Я зразумеў… толькі за сваю таямніцу, за свой гонар змагалася яна… не за жыццё… І я падпарадкаваўся… Бой прынёс насілкі… мы паклалі яе, знясіленую, у гарачцы… і як… труп панеслі праз начную цемру… дадому. Не сталі адказваць на спалоханыя пытанні разгубленых слуг… як зладзеі, прайшлі ў яе пакой і замкнулі дзверы… А потым… потым пачалася барацьба, доўгая барацьба са смерцю…

Раптам у маё плячо сутаргава ўчапілася рука, і я ледзь не ўскрыкнуў ад спалоху і болю. Яго твар раптам нечакана наблізіўся да майго, я ўбачыў белыя ашчэраныя зубы і шкельцы акуляраў, якія зіхацелі ў водбліску месячнага святла, быццам пара вялізных кашэчых вачэй. І ён ужо не гаварыў — ён крычаў у прыпадку нястрымнага гневу:

— Ці ведаеце вы, вы, чужы чалавек, які спакойна сядзіць тут у крэсле, падарожнічае па свеце, ці ведаеце вы, што гэта такое, калі памірае чалавек? Ці былі вы калі-небудзь пры гэтым, ці бачылі вы, як курчыцца цела, як пасінелыя пазногці ўпіваюцца ў пустату, як хрыпіць гартань, як кожны член супраціўляецца, кожны палец змагаецца з жахлівым прывідам, як вочы вылазяць з арбіт ад страху, які не выказаць словамі? Ці прыходзілася вам перажываць гэта, вам, гуляшчаму чалавеку, турысту, вам, які разважае пра абавязак дапамагаць блізкаму? Я часта бачыў усё гэта, назіраў як урач… Гэта былі для мяне клінічныя выпадкі, штосьці фактычнае… я, так сказаць, вывучаў гэта — але перажыў толькі адзін раз… Я разам з паміраючай перажываў гэта і паміраў разам з ёю ў тую ноч… у тую жахлівую ноч, калі сядзеў побач з ёю і мучыў свой мозг, спрабуючы знайсці, прыдумаць, вынайсці што-небудзь, каб спыніць кроў, якая ўсё лілася і лілася, зменшыць гарачку, якая спальвала гэтую жанчыну на маіх вачах… адвесці смерць, якая ўсё набліжалася і набліжалася і якую я не мог адагнаць ад ложка. Ці разумееце вы, што гэта такое — быць урачом, ведаць усё пра ўсе хваробы, адчуваць на сабе абавязак дапамагчы, як вы гэтак разумна заўважылі, і ўсё-такі сядзець без усякай карысці побач з паміраючай, ведаць і быць бяссільным… ведаць толькі адно, толькі жахлівую праўду, што дапамагчы нельга… нават калі разрэзаць сабе ўсе вены… Бачыць, як бездапаможна сплывае крывёю любімае цела, як яго мучыць боль, лічыць пульс, часты і перарывісты… які затухае ў цябе пад пальцамі… быць урачом і не ведаць нічога, нічога, нічога… толькі сядзець і то мармытаць малітвы, як старэнькая бабулька, то гразіць кулаком нікчэмнаму богу, пра якога ты ведаеш, што яго няма… Ці разумееце вы гэта? Разумееце?.. Я… я толькі аднаго не разумею, як… як можна не памерці ў такія хвіліны… як можна спаць і прачнуцца раніцаю, чысціць зубы, завязваць гальштук… як можна жыць пасля таго, што я перажыў; адчуваць, што гэтае жывое дыханне, што гэты першы і адзіны чалавек, за якога я так змагаўся, якога хацеў утрымаць усімі сіламі сваёй душы, выслізгвае ад мяне кудысьці ў невядомае, выслізгвае ўсё хутчэй з кожнай хвілінай, і я нічога не знаходжу ў сваім запаленым мозгу, што магло б утрымаць гэтага чалавека…

І да таго ж яшчэ, каб падвоіць мае пакуты, яшчэ вось гэта… Калі я сядзеў каля яе ложка — я даў ёй морфію, каб зменшыць боль, і глядзеў, як яна ляжыць з гарачымі шчокамі, гарачая і бледная, — так… калі я так сядзеў, я ўвесь час адчуваў ззаду чыйсьці позірк, скіраваны на мяне з жудасным напружаннем… Гэта бой сядзеў там на дыбачках, на падлозе, і шаптаў нейкія малітвы… Калі нашы позіркі сустракаліся, я чытаў у яго вачах… не, я не магу вам апісаць… чытаў такую просьбу, такую ўдзячнасць, і ў гэтыя хвіліны ён працягваў да мяне рукі, быццам заклінаў мяне выратаваць яе, вы разумееце — да мяне, да мяне працягваў рукі, як да бога… да мяне… а я ведаў, што я бяссільны, ведаў, што ўсё прапала і што я тут гэтак жа патрэбны, як мурашка, якая поўзае па падлозе… Ах, гэты позірк, як ён мяне мучыў, гэтая фанатычная, сляпая вера ў маё майстэрства… Мне хацелася крыкнуць на яго, ударыць нагою, так балюча рабіў ён мне… і ўсё-такі я адчуваў, што мы абодва звязаны нашым каханнем да яе… і таямніцай… Як звер, які прытаіўся для скачка, сядзеў ён, сціснуты ў клубок, за маёю спінаю… Варта мне было сказаць слова, як ён ускокваў з месца і, бясшумна ступаючы босымі нагамі, прыносіў патрэбнае, а потым, поўны надзеі, падаваў мне яго дрыготкімі рукамі, як быццам у гэтым была дапамога… выратаванне… Я ведаю, ён разрэзаў бы сабе вены, каб ёй дапамагчы… такою была гэтая жанчына, такую ўладу мела яна над людзьмі, а я… у мяне не было ўлады выратаваць кроплю яе крыві… О, гэтая ноч, гэтая жудасная, бясконцая ноч паміж жыццём і смерцю!

Пад раніцу яна яшчэ раз апрытомнела… расплюшчыла вочы… цяпер у іх не было ні пагарды, ні халоднасці… яны гарэлі вільготным, ліхаманкавым бляскам, і яна са здзіўленнем аглядвала пакой. Потым зірнула на мяне; здавалася, яна задумалася, намагалася ўспомніць, дзе бачыла мой твар… і раптам… я ўбачыў… яна ўспомніла… Нейкі спалох, абурэнне… штосьці… штосьці варожае, гнеўнае перакрывіла яе рысы… яна пачала варушыць рукамі, быццам хацела ўцякаць… прэч, прэч ад мяне… Я бачыў, што яна думае аб той… аб той гадзіне, калі я… Але потым яна прыйшла да памяці, спакойней зірнула на мяне, але дыхала цяжка… Я адчуваў, што яна хоча штосьці сказаць… зноў яе рукі заварушыліся… яна хацела прыўзняцца, але была занадта слабая… Я пачаў супакойваць, нахіліўся над ёю… тут яна паглядзела на мяне доўгім, пакутлівым позіркам… вусны ціха зварухнуліся… гэта згасалі яе апошнія гукі… Яна сказала:

— Ніхто не даведаецца?.. Ніхто?

— Ніхто, — адказаў я з усёю сілаю пераканаўчасці, — абяцаю вам.

Але ў яе ў вачах усё яшчэ быў непакой… Невыразна, з намаганнем яна ледзь-ледзь выціснула з гарачкавых вуснаў:

— Прысягніце мне… што ніхто не даведаецца… прысягніце!

Я падняў руку, як на прысягу. Яна глядзела на мяне… неперадавальным позіркам… ласкавым, цёплым, удзячным… так, сапраўды, сапраўды ўдзячным… яна хацела яшчэ штосьці сказаць, але ёй было занадта цяжка. Доўга ляжала яна, знясіленая, з заплюшчанымі вачамі. Потым пачалося жахлівае… жахлівае… яшчэ доўгую пакутлівую гадзіну змагалася яна; толькі пад раніцу настаў канец…

Ён доўга маўчаў. Я заўважыў гэта толькі тады, калі ў цішыні з сярэдняй палубы пачуўся звон — адзін, два, тры моцныя ўдары — тры гадзіны. Месячнае святло пацямнела, але ў паветры ўжо дрыжала нейкая новая жаўцізна, і зрэдку далятаў, як брыз, лёгкі ветрык. Яшчэ паўгадзіны, гадзіна, і надыдзе дзень, і ўвесь гэты кашмар знікне ў яркім святле. Цяпер я выразней бачыў яго рысы, бо цень быў ужо не такі густы і чорны ў нашым кутку; ён зняў шапачку, і я ўбачыў голы чэрап і змучаны твар, які здаўся мне яшчэ болей жахлівым. Але вось бліскучыя шкельцы акуляраў зноў павярнуліся да мяне, ён выпрастаўся, і ў яго голасе загучалі рэзкія, з’едлівыя ноткі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: