Шрифт:
— І вось цяпер для яе настаў канец — але не для мяне. Я быў адзін з трупам — адзін у чужым доме, адзін у горадзе, які не церпіць таямніц, а я… я мусіў захоўваць таямніцу… Так, уявіце сабе маё становішча: жанчына з вышэйшых колаў калоніі, зусім здаровая, якая напярэдадні танцавала на балі ў губернатара, ляжыць мёртвая ў сваім ложку… Каля яе чужы ўрач, якога нібыта паклікаў яе слуга… ніхто ў доме не бачыў, калі і адкуль ён прыйшоў… Ноччу яе прынеслі на насілках і потым замкнулі дзверы… а раніцаю яна ўжо мёртвая… Тады толькі клічуць слуг, і ўвесь дом раптам напаўняецца крыкамі… Імгненна пра гэта даведваюцца суседзі, увесь горад… і толькі адзін чалавек можа ўсё гэта растлумачыць… гэта я, чужы чалавек, урач з далёкага паста… Прыемнае становішча, праўда?..
Я ведаў, што мяне чакае. На шчасце, побач са мною быў бой, надзейны слуга, які чытаў самае нязначнае жаданне ў маіх вачах; нават гэты жаўтаскуры паўдзікун разумеў, што барацьба тут яшчэ не скончана. Я сказаў яму толькі: «Пані жадае, каб ніхто не даведаўся, што адбылося». Ён паглядзеў мне ў вочы вільготным, адданым, але разам з тым рашучым позіркам: «Yes, sir» [52] .
Болей ён нічога не сказаў. Але ён выцер з падлогі сляды крыві, прывёў усё ў поўны парадак — рашучасць, з якою ён гэта рабіў, вярнула самавалоданне і мне.
52
Так, сэр (англ.).
Ніколі ў жыцці не праяўляў я такой энергіі і ўжо, канечне, ніколі болей не праяўлю. Калі чалавек страціў усё, то за апошняе ён змагаецца роспачна — і гэтым апошнім было яе завяшчанне, яе таямніца. Я зусім спакойна прымаў людзей, расказваў ім усім адну і тую ж гісторыю, пра тое, як пасланы за ўрачом бой выпадкова сустрэў мяне па дарозе. Але ў той час, як я з прытворным спакоем расказваў усё гэта, я чакаў… чакаў рашучай хвіліны… чакаў медыцынскага агляду цела, без чаго нельга было палажыць у труну яе — і разам з ёю яе таямніцу… Не забудзьце, быў ужо чацвер, а ў суботу павінен быў прыехаць яе муж.
У дзевяць гадзін мне нарэшце сказалі, што прыйшоў гарадскі ўрач. Я пасылаў за ім — ён быў маім начальнікам і ў той жа час сапернікам, — той самы ўрач, аб якім яна гэтак пагардліва адзывалася і якому, відаць, была ўжо вядома мая просьба аб пераводзе. Я адчуў гэта, ледзь толькі ён зірнуў на мяне, — ён быў маім ворагам. Але менавіта гэта і давала мне сілы.
Ужо ў пярэднім пакоі ён спытаўся:
— Калі памерла пані…? — ён назваў яе прозвішча.
— У шэсць гадзін раніцы.
— Калі яна паслала па вас?
— У адзінаццаць гадзін вечара.
— Вы ведалі, што я яе ўрач?
— Так, але марудзіць было нельга… а потым… нябожчыца пажадала, каб прыйшоў менавіта я. Яна забараніла клікаць другога ўрача.
Ён утаропіўся ў мяне; чырвань выступіла на яго бледным, крыху азызлым твары, — я адчуў, што яго гонар быў абражаны. Але мне толькі гэта і трэба было — я з усяе сілы імкнуўся да хуткай развязкі, бо ведаў, што доўга мае нервы не вытрымаюць. Ён хацеў адказаць, падпусціць шпільку, але перадумаў і зняважліва кінуў:
— Ну што ж, калі вы лічыце, што можаце абысціся без мяне… Але ўсё-такі мой службовы абавязак — засведчыць смерць і… як яна наступіла.
Я нічога не адказаў і прапусціў яго ўперад. Потым павярнуўся да дзвярэй, замкнуў іх і паклаў ключ на стол.
Ён здзіўлена падняў бровы:
— Што гэта значыць?
Я спакойна стаў насупраць яго.
— Гаворка ідзе не пра тое, каб вызначыць прычыну смерці, а пра тое, каб утоіць яе, знайсці другую прычыну. Гэтая жанчына звярнулася да мяне пасля… пасля няўдалага ўмяшання… Я ўжо не мог яе выратаваць, але паабяцаў выратаваць яе гонар і выканаю сваё абяцанне. І я прашу вас дапамагчы мне.
Ён шырока раскрыў вочы ад здзіўлення.
— Вы прапануеце мне, калі я вас правільна зразумеў, — сказаў ён запінаючыся, — мне, службовай асобе, утоіць злачынства?
— Так, прапаную, я вымушаны гэта зрабіць.
— Каб я за ваша злачынства…
— Я ўжо сказаў вам, што я і не дакранаўся да гэтай жанчыны, бо… бо я тады не стаяў бы перад вамі і даўно б ужо пакончыў з сабою. Яна загладзіла свой грэх — калі хочаце, назавём гэта так, — і свет нічога не павінен ведаць. І я не дазволю, каб гонар гэтай жанчыны быў заплямлены.
Мой рашучы тон выклікаў у яго яшчэ большае раздражненне.
— Вы не дазволіце! Вось як… Ну, вы ж мой начальнік… ці, прынамсі, збіраецеся стаць ім… Паспрабуйце толькі загадваць мне!.. Я адразу падумаў, што тут нейкая брудная гісторыя, калі вас выклікаюць з вашага глухога кутка… Добрай жа практыкай вы тут займаецеся, добры прыклад паказваеце… Але цяпер я пачну агляд, я сам, і вы можаце быць упэўнены, што ў пасведчанні, пад якім я пастаўлю сваё прозвішча, будзе адна толькі праўда. Я не падпішуся пад хлуснёю.