Шрифт:
Я спакойна адказаў яму:
— На гэты раз вы мусіце ўсё-такі гэта зрабіць. Інакш вы не выйдзеце з гэтага пакоя.
Пры гэтых словах я сунуў руку ў кішэню — рэвальвера ў мяне не было. Але ён здрыгануўся. Я зрабіў крок да яго і паглядзеў яму ў вочы.
— Паслухайце, што я вам скажу… каб пазбегнуць крайнасці. Маё жыццё мне зусім абыякавае… чужое — таксама… я дайшоў ужо да такой мяжы… Адзінае, чаго я хачу, — выканаць сваё абяцанне і зберагчы ў тайне прычыну гэтай смерці… Слухайце: даю вам чэснае слова — калі вы падпішаце пасведчанне, што смерць выклікана… якою-небудзь выпадковасцю, то я праз некалькі дзён пакіну горад, Індыю… а калі вы гэтага патрабуеце, то і застрэлюся, як толькі труну апусцяць у зямлю і я буду ўпэўнены, што ніхто… вы разумееце — ніхто не зможа болей расследаваць справу. Гэта вас задаволіць — павінна задаволіць.
У маім голасе было, мусіць, нешта пагрозлівае, небяспечнае, бо, калі я міжвольна зрабіў крок да яго, ён адскочыў з тым выразам жаху на твары, з якім… ну, з якім людзі ратуюцца ад чалавека, гнанага амокам, калі ён імчыцца і размахвае крысам… І ён адразу стаў другі… нейкі паніклы і нясмелы… ад яго ўпэўненага тону не засталося і следу. Як апошняе слабае супраціўленне ён прамармытаў толькі:
— Не было выпадку ў маім жыцці, каб я падпісаў фальшывае пасведчанне… але тым не менш што-небудзь прыдумаем… ці мала што бывае… Але не мог жа я вось гэтак, адразу…
— Канечне, не маглі, — паспяшаўся я падтакнуць яму («Толькі хутчэй! Толькі хутчэй!» — стукала ў мяне ў скронях), — але цяпер, калі вы ведаеце, што толькі зрабілі б балюча жывому і бязлітасна абышліся б з нябожчыцай, вы, канечне, не станеце вагацца.
Ён кіўнуў. Мы падышлі да стала. Праз некалькі хвілін пасведчанне было гатова (яго змясцілі потым у газетах, і яно зусім праўдападобна апісвала карціну паралічу сэрца). Пасля гэтага ён устаў з месца і паглядзеў на мяне:
— Вы паедзеце на гэтым тыдні, праўда?
— Даю вам слова.
Ён зноў паглядзеў на мяне. Я заўважыў, што ён хоча здавацца строгім і дзелавітым.
— Я зараз жа закажу труну, — сказаў ён, каб схаваць збянтэжанасць. Але штосьці, відаць, было ўва мне, нейкая бязмерная пакута: ён раптам працягнуў мне руку і з нечаканаю сардэчнасцю патрос яе. — Жадаю вам справіцца з гэтым, — сказаў ён, — і я не зразумеў, што ён мае на ўвазе. Ці быў я хворы? Ці… звар’яцеў? Я праводзіў яго да дзвярэй, адамкнуў іх і, зрабіўшы над сабою апошняе намаганне, зноў зачыніў іх. Потым у мяне моцна застукала ў скронях, усё захісталася перад вачамі, і каля самага яе ложка я паваліўся на падлогу… як… як валіцца ў знямозе ў канцы свайго шалёнага бегу чалавек, гнаны амокам.
Ён змоўк. Мне было зябка — можа, таму, што першы парыў ранішняга ветру хваляю прабягаў па караблі? Але на змучаным твары, які ўжо даволі ясна быў відаць у ранішнім змроку, яшчэ раз адбілася намаганне волі, і ён загаварыў зноў:
— Не ведаю, як доўга праляжаў я гэтак на цыноўцы. Раптам нехта дакрануўся да маіх плячэй. Я здрыгануўся. Гэта быў бой, які з баязлівым і пачцівым выглядам стаяў перада мною і трывожна ўглядаўся мне ў вочы.
— Сюды хочуць увайсці… хочуць бачыць яе…
— Не ўпускаць нікога!
— Гэта так… але…
У яго вачах быў спалох. Ён хацеў штосьці сказаць і не адважваўся. Яго яўна нешта мучыла.
— Хто гэта?
Ён, дрыжучы, паглядзеў на мяне, быццам чакаў удару. Потым сказаў — ён не назваў прозвішча… адкуль бярэцца раптам у такой першабытнай істоты столькі разумення? Чаму ў пэўныя моманты незвычайную чуйнасць праяўляюць зусім цёмныя людзі?.. Потым ён сказаў… зусім, зусім ціха і баязліва…
— Гэта ён.
Я ўскочыў з месца, я адразу зразумеў, і мною авалодала пякучае, нецярплівае жаданне ўбачыць гэтага незнаёмага. Бачыце, справа ў тым, што, як гэта ні дзіўна… але сярод усіх пакут, сярод ліхаманкавага хвалявання, страху і сумятні я зусім забыўся пра яго… Забыўся, што тут замешаны яшчэ адзін чалавек — той, каго кахала гэтая жанчына, каму яна ў парыве пачуцця аддала тое, у чым адмовіла мне… Дванаццаць гадзін, суткі таму назад я ненавідзеў бы гэтага чалавека, мог бы разарваць яго на кавалкі… Але цяпер… Я не магу, не магу перадаць вам, як я прагнуў убачыць яго… палюбіць яго за тое, што яна яго кахала.
Адным скачком я апынуўся каля дзвярэй. Там стаяў юны, зусім юны афіцэр, светлавалосы, вельмі збянтэжаны, вельмі тонкі, вельмі бледны. Ён быў падобны на дзіця, такі… такі пяшчотна малады ён быў, і невыказна ўразіла мяне, як ён стараўся быць мужчынам, паказаць вытрымку… схаваць хваляванне. Я адразу заўважыў, што ў яго дрыжыць рука, калі ён паднёс яе да фуражкі… Мне хацелася абняць яго… бо ён быў менавіта такі, якім я хацеў бачыць чалавека, блізкага з гэтаю жанчынаю… не спакуснік, не ганарлівец… Не, паўдзіцяці, чыстаму, пяшчотнаму стварэнню падарыла яна сябе.
Перада мною стаяў моцна збянтэжаны малады чалавек. Мой прагны позірк і парывістыя рухі яшчэ болей усхвалявалі яго; вусікі над губою пачалі па-здрадніцку ўздрыгваць… гэты юны афіцэр, гэты хлопчык ледзь стрымліваўся, каб не заплакаць.
— Прабачце, — сказаў ён нарэшце, — я хацеў бы яшчэ раз… пабачыць… пані.
Міжвольна, сам таго не заўважаючы, я абняў яго, чужога чалавека, за плечы і павёў, як вядуць хворага. Ён паглядзеў на мяне здзіўленым і бясконца ўдзячным позіркам… ужо ў гэты момант паміж намі ўзнікла адчуванне нейкай агульнасці. Мы падышлі да нябожчыцы… Яна ляжала, белая на белых прасцінах — я адчуў, што мая прысутнасць усё яшчэ гняце яго, і таму адышоў убок, каб пакінуць яго сам-насам з ёю. Ён паволі наблізіўся да ложка… няўпэўнена, ён валачыў ногі… па тым, як уздрыгвалі плечы, я бачыў, які боль ірве яго сэрца… ён ішоў… як ідзе чалавек насустрач жахлівай буры… І раптам ён укленчыў перад ложкам… гэтак жа, як раней укленчыў я.