Шрифт:
Ён увайшоў імклівай паходкай, у якой бачылася жаданне дагадзіць публіцы і якая робіць падманлівае ўражанне, быццам той, хто ўвайшоў, каб хутчэй явіцца на вочы гледачам, прайшоў у такім самым тэмпе добры адцінак дарогі, тым часам як ён проста стаяў за кулісамі. Вопратка Чыполы мацавала ўражанне, што ён прыйшоў якраз з вуліцы. Няпэўнага ўзросту, але, прынамсі, чалавек зусім не малады, з рэзкімі рысамі прапітага твару, пранізлівымі вочкамі, моцна сціснутымі тонкімі губамі, падмазанымі чорнымі вускамі і так званай мушкай у далінцы паміж ніжняй губай і падбародкам, апрануты нейк даволі мудрагеліста. На ім быў шырокі чорны плашч без рукавоў з аксамітным каўняром і падбітай атласам палярынай — фокуснік падтрымліваў яго спераду рукамі ў белых пальчатках, — на шыі белы шалік, а на галаве насунуты на адно брыво выгнуты цыліндр. Мусіць, у Італіі, больш чым дзе б тое ні было, жыве яшчэ васемнаццатае стагоддзе, а ў ім і тым шарлатана кірмашовага бірыча — прадаўца-зельніка, што такі характэрны той эпосе і адносна добра захаваныя экземпляры якога толькі ў Італіі яшчэ і можна сустрэць. У абліччы Чыполы было многа ад гэтай гістарычнай постаці, а ўражанне блазенскай крыклівасці і эксцэнтрызму, якія так уласцівыя ёй, дасягалася тым, што прэтэнцыёзная вопратка фокусніка вельмі дзіўна сядзела на ім ці, правільней, вісела, дзе прылягаючы не на месцы, дзе ападаючы няправільнымі складкамі: нешта з яго фігурай было не тое, не гэтае і спераду і ззаду — пазней усё стала яшчэ больш прыкметна. Але я павінен падкрэсліць, што ні пра якую жартаўлівасць, а тым болей блазнаватасць, ні ў яго руках, ні ў міміцы, ні ў манеры трымацца і гаворкі быць не магло: бадай, наадварот, у іх праяўляліся крайняя сур’ёзнасць, адмова ад гумару, часам нават змрочная ганарыстасць, а таксама некаторыя, уласцівыя калекам важнасць і самазадаволенасць, — усё яно, аднак, не заважала таму, што ягоныя паводзіны напачатку выклікалі ў розных месцах залы смех.
Цяпер у ягонай манеры трымацца ўжо не было нізвання дагодлівасці; імклівы выхад быў усяго толькі выявай унутранай энергіі, у якой паслужлівасць не грала ніякай ролі. Стоячы каля рампы і нядбала сцягваючы пальчаткі з доўгіх жаўтлявых пальцаў — на адным быў пярсцёнак з вялікай пячаткай з ляпіс-лазуру, — ён маленькімі строгімі вочкамі з прыпухлымі пад імі мяшэчкамі аглядаў залу, няспешна, то тут, то там выпрабавальна-фанабэрыста затрымліваючыся на чыім-небудзь твары — і ўсё гэта з’едліва сцяўшы губы і не кажучы ні слова. Скамячаныя ў клубок пальчаткі ён з дзівосным і, напэўна ж, прывычным спрытам кінуў з вялікай адлегласці ў шклянку на круглым століку, потым, усё гэтак жа моўчкі азіраючы залу, дастаў з нейкай унутранай кішэні цыгарэты, мяркуючы па пачку, самыя танныя, акуратна выняў адну і не гледзячы прыкурыў ад запальнічкі, якая ўспыхнула імгненна. Глыбока зацягнуўся і з грымасай выкліку, шырока расцягнуўшы губы і ціхенька пастукваючы наском чаравіка па падлозе, выпусціў шэры струменьчык дыму спаміж з’едзеных зубоў. Публіка разглядвала яго не меней пільна, чым ён яе. У моладзі ў бакавых праходах бровы насупленыя, і прыдзірлівы пагляд толькі і чакаў хібы, якую гэты самаўпэўнены штукар канечне ж дасць. Але той не хібіў. Даставанне пачка цыгарэт і запальнічкі і потым вяртанне іх на месца было даволі складаным, перашкаджала вопратка: давялося расхінуць плашч, і тут выявілася, што на пятлі, накінутай на левую руку, у яго чамусьці вісіць плётка з сярэбраным тронкам у выглядзе кіпцюрастай лапы. Потым звярнулі ўвагу на тое, што ён у сурдуце, а не ў фраку, і як Чыпола расшпіліў сурдут, адкрылася павязаная вакол яго торсу, напалавіну пад камізэлькай, шырокая каляровая стужка, якую гледачы, што сядзелі за намі і абменьваліся ўражаннямі, прынялі за знак яго кавалерскай годнасці. Ці так яно, не ведаю, бо ніколі не чуў, каб тытулу кавальерэ адпавядала такая адзнака. Магчыма, стужка была чыстым блефам, як і маўклівая нерухомасць штукара, які на вачаў у публікі спаважна і спакойна курыў цыгарэту.
Як я ўжо згадваў, у зале смяяліся, а калі голас з партэрнай «галёркі» раптам зычна і суха сказаў «Buona sera!» [14] , грымнуў дружны рогат.
Чыпола схамянуўся.
— Хто гэта? — спытаўся ён, быццам кінуўшыся ў атаку. — Хто гэта сказаў? Ану? То такі смелы, а то адразу пад ложак? Paura, eh? [15] — Голас у фокусніка быў даволі тонкі, крыху астматычны, але з металам. Ён чакаў.
— Ну, я, — прамовіў у цішыні малады чалавек непадалёк ад нас, які ўчуў у словах Чыполы выклік і замах на свой гонар, — прыгожы хлапчына ў паркалёвай кашулі з перакінутым цераз плячо пінжаком. Яго чорныя цвёрдыя і кучаравыя валасы былі па прынятай у «абуджанай Італіі» модзе зачасаныя ўгору і стаялі дыбарам, што зусім яго не псавала і дадавала яму нечагась афрыканскага. — Ве… [16] Ну, хай я. Увогуле павітацца было след вам, але я на гэта не зважаю.
14
Добры вечар! (іт.).
15
Спалохаўся, га? (іт.).
16
Ну… (іт.).
Зноў стала весела. З хлопцам і сабака не збрэшацца. «Ha sciolto lo scilinguagnolo» [17] , — сказаў нехта каля нас. Урок ветлівасці, калі ўжо на тое, быў тут дарэчы.
— Брава! — адказаў Чыпола. — Ты мне падабаешся, Джаванота. Вер не вер, я цябе даўно змеціў. У мяне свая сімпатыя да такіх, як ты, яны могуць мне спатрэбіцца. Відаць, што ты малайчына. Робіш, як і што табе заўгодна. Альбо ж табе ўжо калі выпадала рабіць тое, xаго не хочацца? Альбо чаго хочацца не табе? Паслухай, дружа, а што калі ўзяць ды павесяліцца, узяць ды скінуць маску малайца, які бярэ на сябе і тое і другое: і хаценне і рабленне. Увесці, нарэшце, нейкі падзел працы — sistema аmericano, sa? [18] Вось, напрыклад, ці не хочаш ты паказаць язык высокашаноўнай публіцы, якая тут сабралася, увесь язык да самага кораня?
17
Ён слоў не шукае ў кішэні (іт.).
18
Амэрыканская сістэма, ведаеш? (іт.).
— Не, — варожа адсек хлопец, — не хачу. Гэта даказала б, што я дрэнна выхаваны.
— Анічога не даказала б, — адказаў Чыпола, — бо ты зробіш гэта насуперак свайму хаценню. Хай ты добра выхаваны, але цяпер, перш чым я палічу да трох, ты павернешся направа да публікі і высалапіш язык, такі доўгі, якога ты і не думаў, што маеш.
Чыпола паглядзеў на хлопца, пранозлівыя вочкі яго, здавалася, яшчэ глыбей запалі ў вачніцы.
— Uno! [19] — сказаў ён і, спусціўшы з локця пятлю плёткі, што якое там сумненне — даўжэйшых не бывае! Потым прыняў ранейшую позу, і на твары нічога не адбілася.
19
Раз! (іт.).
— «Ну, я…» — перадражніў Чыпола, падміргваючы і паказваючы на хлопца. — «Бе… Ну, я сказаў». — Пасля даўшы публіцы самой разабрацца ў сваіх уражаннях, падышоў да століка, наліў сабе з графінчыка, у якім, відаць, быў каньяк, поўную чарку і звычным рухам кульнуў у рот.
Дзеці ад душы смяяліся. Яны мала чаго зразумелі з гэтай перапалкі; але тое, што праміж дзівакаватым чалавекам там на сцэне і кімсьці з публікі адразу разыгралася такая пацешная сцэна, іх вельмі пазабавіла, а як што яны не дужа сабе ўяўлялі, з чаго павінна складацца праграма абяцанага афішай вечара, дык гатовыя былі лічыць такі пачатак выдатным. Што да нас, дык мы пераглянуліся, і, памятаю, я міжволі паўтарыў губамі гук, з якім Чыполава плётка рассекла паветра. Зрэшты, было ясна, што гледачы не ведалі, як паставіцца да такога неверагоднага пачатку прадстаўлення, ды так як след і не ўцямілі, што ж раптам прымусіла Джаваноту, які, можна сказаць, выступаў ад іх імя, абярнуць свой запал супроць іх, супроць публікі. Якое дзіцячае блазнаванне! І, выкінуўшы яго з галавы, гледачы засяродзіліся на артысце, які тым часам ад століка з падмацункам вярнуўся на авансцэну і сказаў:
— Паважанае спадарства, — прамовіў ён астматычна-металёвым голасам. — Вы толькі што бачылі, як мяне крыху забрала ад таго ўроку, які спрабаваў падаць мне гэты небезнадзейны малады лінгвіст («questo linguista di belle speranze»), — каламбур выклікаў смех. Я чалавек не без самалюбства, і з гэтым вам давядзецца лічыцца! Я не люблю, калі мне без сур’ёзнасці і павагі зычаць добрага вечара — бо інакш рабіць і сэнсу няма ніякага. Калі вы зычыце мне добрага вечара, вы тым самым зычыце таго самага і сабе, бо публіка толькі тады добра забавіць вечар, калі ён удасца мне, а таму гэты кумір усіх паненак Торэ-дзі-Вэнэрэ (ён усё яшчэ калоў хлопца) выдатна зрабіў, даўшы жывы доказ таго, што вечар сёння ў мяне будзе ўдалы і я, такім чынам, магу абысціся без ягоных узычак. Магу пахваліцца, што ўсе вечары ў мяне добрыя. Здараецца, выпадае каторы і менш удалы, але рэдка. Прафесія ў мяне цяжкая, і здароўе не дужа моцнае — невялікая цялесная пахіба, якая перашкодзіла мне ўзяць удзел у змаганні за веліч нашай радзімы. Але сілай розуму і духу адольваю я жыццё, што зноў-такі найперш азначае: адолець сябе, і цешу сябе надзеяй, што сваёй працай заслужыўся на прыхільную ўвагу адукаванай публікі. Сталічная прэса ацаніла маю працу. «Cоrriere della sera» [20] зрабіў вельмі слушна, калі назваў феноменам, а ў Рыме родны брат зрабіў мне гонар асабістай прысутнасцю на прадстаўленні. І калі ў такіх бліскучых і высокіх сферах Рыма дабраволілі засланяць вочы на некаторыя мае прызвычайкі, я не палічыў патрэбным ад іх адмаўляцца ў параўнаўча меней значным горадзе, якім усё-такі з’яўляецца Торэ-дзі-Вэнэрэ (тут публіка пасмяялася з жалю вартага Торэ), і цярпець, каб асобы, хоць бы і спешчаныя ўвагаю прыгожага полу, нешта мне ўказвалі.
20
«Вячэрні веснік» (іт.).
Зноў перапала хлопцу, якога Чыпола не пераставаў выстаўляць у ролі donnainolo [21] і саматужнага донжуана. Прычым упартае раздражненне і варожасць, з якімі фокуснік зноў і зноў накідваўся на яго, ніяк не стасаваліся з самаўпэўненасцю кавалтьерэ і свецкімі поспехамі, якімі ён хваліўся. Вядома, хлопец павінен быў служыць мішэнню для Чыполавых досціпаў, мішэнню, якую той у кожным прадстаўленні выбіраў сабе з публікі і па кім праязджаўся. Аднак у ягоных асцюках была і сапраўдная зласлівасць, прычына якое рабілася па-чалавечы зразумелай пры першым жа позірку на фізічны склад таго і другога, нават калі б гарбач увесь час не намякаў на поспех прыгожага хлопца ў жанчын.
21
Залётнік (іт.).