Шрифт:
Занядбанне сораму, у якім мы вінаватыя, — так было нам сказана, — тым болей вартае асуды, што яно з’яўляецца, па сутнасці, няўдзячнасцю і абразлівым злоўжываннем гасціннасцю Італіі. Мы злачынна здратавалі не толькі дух і літару правілаў грамадскага купання, але і гонар ягонай краіны і, абараняючы гэты гонар, ён, панок у фраку, ужо ж такі дасць сабе клопату патурбавацца, каб нам гэтага за так не прапусціць.
Слухаючы ягонае словаблуддзе, мы цярпелі і толькі глыбокадумна ківалі. Пярэчыць разгарачанаму панку азначала б толькі зрабіць новую прамашку. Доўга ў нас круцілася на языку, напрыклад, што не ўсё тут настолькі добра, каб лічыць слова «гасціннасць» у сапраўдным яго значэнні, і што мы, калі ўжо казаць без прыхарошвання, госці не так Італіі, як сіньёры Анджальеры, якая ў свой час змяніла род заняткаў — з даверанай Дузе яна зрабілася гаспадыняй пансіёна. Не цярпелася нам таксама запярэчыць, што мы не ўяўлялі сабе, як нізка ўпала маральнасць у гэтай цудоўнай краіне, калі спатрэбілася вярнуцца да такіх ханжаскіх строгасцяў. Аднак мы запэўнілі іх, што і ў галаве не мелі паводзіць сябе дзёрзка і непаважліва, і перапрашаліся спасылкамі на юны ўзрост і фізічную няразвітасць малалетняй парушальніцы закона. Усё марна. Нашыя довады былі адхілены як беспадстаўныя і непраўдзівыя, аб’яўлены нікчэмнымі, і, каб іншыя наперад нічога такога сабе наўме не мелі, рашылі даць нам навукі. Мусіць, па тэлефоне паведамілі ў паліцыю, бо на пляжы паявіўся прадстаўнік улады, назваў інцыдэнт даволі сур’ёзным, «molto grave», і прапанаваў нам ісці за ім на «пляцца». У муніцыпалітэт, дзе больш высокі ранг пацвердзіў папярэдні вердыкт «molto grave» і, ужываючы тыя самыя, што і панок у кацялку, відаць, узвычаеныя тут дыдактызмы, размазаўся даўжэзнай натацыяй з прычыны нашага злачынства і пакараў нас штрафам у пяцьдзесят лір. Мы палічылі нашую прыгоду вартай такога ахвяравання ў дзяржаўную скарбніцу, заплацілі і пайшлі. Магчыма, нам след было адразу ж і з’ехаць?
Чаму мы так не зрабілі? Мы ж бы пазбеглі тады сустрэчы з фатальным Чыполам; але, бачыце, многае збеглася так, каб змусіць нас зацягнуць ад’езд. Нехта з паэтаў сказаў, што адна лянота трымае нас у непрыемнай абстаноўцы — можна было б скарыстацца гэтым досціпам, каб патлумачыць нашую ўпартасць. Да таго ж пасля такіх сутычак мы не дужа любілі пакідаць поле бою; каму ахвота прызнавацца, што абсудобіўся, асабліва калі спагада збоку мацуе тваю баявітасць. У віле «Элеанора» не было дзвюх думак наконт учыненай нам несправядлівасці. Знаёмыя італьянцы, нашыя пасляабедзеныя субяседнікі, лічылі, што гісторыя гэтая аніяк не спрыяе добрай славе краіны, і мерыліся, на правах суайчыннікаў, зыскаць з панка ў фраку тлумачэнні. Але той ужо на другі дзень знік з пляжа. Разам з кампаніяй — не праз нас, зразумела, але ж не выключана, што менавіта скоры ад’езд якраз і дадаў яму адвагі і рызыкі, — так ці інакш, але ягонае знікненне дало нам палёгку. А калі ўжо гаварыць шчырую праўду, дык мы засталіся яшчэ і таму, што ў тутэйшай абстаноўцы было нешта нязвыклае, а нязвыклае само па сабе ўжо каштоўнае незалежна ад таго, прыемнае яно ці не. Ці варта капітуляваць і ўцякаць ад перажыванняў, калі яны не клічуць вас да радасці ці непрыемнасці? Ці трэба «з’язджаць», калі жыццё робіцца трывожным і не зусім бяспечным альбо ж нават крыху цяжкім і засмучальным? Не, трэба застацца, трэба ўсё пабачыць і ўсё зведаць, тут якраз і можна чагось навучыцца. І мы засталіся і, як страшэнную ўзнагароду за нашую выстаяласць, перажылі злашчаснае выступленне Чыполы.
Я не згадаў, што прыкладна падчас учыненага над намі адміністрацыйнага гвалту прыспеў канец сезону. Руплівец маральнасці ў кацялку, які данёс на нас, быў не адзіны, хто пакінуў курорт; італьянцы ад’язджалі гуртамі, і мноства ручных вазкоў і тачак рушыла да станцыі. Пляж страціў свой адмыслова нацыянальны характар, жыццё ў Торэ, у кавярнях, у прысадах сасновага гайку пачалося больш простае, больш еўрапейскае; мабыць, цяпер нас нават пусцілі б на зашклёную веранду «Гранд-гатэля», але мы туды не рваліся, мы пачуваліся добра і за сталом у сіньёры Анджальеры — калі ўвогуле можна было лічыць наша адчуванне добрым, з той папраўкаю, якую рабіў злы дух, які тут лунаў у паветры. Аднак з такой дабратворнай, як мы думалі, пераменай, рэзка змянілася надвор’е, так сказаць, у поўнай згодзе з графікам адпачынкаў. Неба завалаклося, нельга сказаць, што стала халадней, але недвухсэнсоўная спёка, што панавала тут тры тыдні (а бадай, яшчэ й задоўга да нашага прыезду), змянілася на млосную задуху сірока, і час ад часу слабенькі дожджык крапіў аксамітную арэну, на якой мы бавілі нашыя раніцы. Да таго ж трэба зазначыць, што дзве траціны тэрміну, выдзеленага намі на Торэ, ужо мінула; соннае мора з вялымі медузамі, што ледзь калыхаліся на яго пляскатай роўнядзі, было нам усё-такі новым, і смех было б сумаваць па сонцы, якое, калі яно валадарыла манапольна, выціскала з нас столькі ўздыхаў.
У гэтую якраз пару і з’явіўся Чыпола. Кавальерэ Чыпола, як ён фігураваў у афішах, што аднаго разу замільгалі ўсюды, таксама і ў сталовай пансіёна «Элеанора», — гастрольны віртуоз, артыст у жанры забаў, forzatore, illusionista, prestidigitatore [11] , які меў намер пазнаёміць высокашаноўную публіку Торэ-дзі-Вэнэрэ з некаторымі экстравагантнымі з’явішчамі таямнічага і загадкавага характару. Фокуснік-штукар! Аб’явы было дастаткова, каб затлуміць галаву нашым малым. Яны зроду не бачылі нічога такога, канікулы падораць ім нязведаныя ўражанні. З таго часу яны даймалі нас просьбамі ўзяць білеты на штукара, і хоць нас адразу збянтэжыў позні час пачатку імпрэзы, — яна была назначана на дзевяць вечара, — мы саступілі, падумаўшы, што, збольшага пазнаёміўшыся з, відаць, досыць сціплымі талентамі Чыполы, выправімся дахаты, а дзеці на раніцу — ну што ж, тае бяды, — паспяць крыху больш, і купілі ў самой сіньёры Анджальеры, якая ўзяла на камісію дастаткова добрых месцаў на сваіх пастойнікаў, чатыры білеты. Паручыцца за якасць паказу яна не бралася, ды мы і не чакалі нічога незвычайнага; нам і самім не лішне было крыху рассеяцца, апрача ж таго нас заразіла цікаўнасць дзяцей.
11
Заклінач, ілюзіяніст, штукар (іт.).
У памяшканні, дзе кавальерэ меўся выступіць, у разгар сезону штотыдня давалі новую кінакарціну. Мы там ні разу не былі. Дарога туды ляжала міма palazzo — руінаў, у якіх захаваліся абрысы сярэдневяковага замка і, дарэчы, яны прадаваліся, — па галоўнай вуліцы, з аптэкай, цырульняй, крамамі, якая як бы вяла ад свету феадальнага праз буржуазны да свету працы, бо канчалася сярод гаротных рыбацкіх халупняжын, дзе старыя жанчыны, седзячы ў парозе, ладзілі мярэжы, і вось тут, ужо ў самай гушчыні народу, была sala, па сутнасці, ёмістая дашчаная стадола; падобны на браму ўваход у яе з двух бакоў аздаблялі каляровыя плакаты, наклееныя адзін над адным. І вось, у пазначаны дзень, паабедаўшы і без спеху сабраўшыся, мы выправіліся туды ўжо ў поўнай цемры, дзеці, святочна адзетыя, шчаслівыя, што ім столькі патураюць. Як і ўсе апошнія дні, было душна, час ад часу палыхалі заранкі і накрапваў дождж. Мы ішлі пад парасонамі. Ісці да залы было чвэрць гадзіны.
У дзвярах праверылі нашы білеты, але месцы свае мы ўжо шукалі самі. Яны былі ў трэцім радзе злева; сеўшы, мы ўстанавілі, што з даволі познім часам, на які было назначана прадстаўленне, не дужа тут лічацца: курортная публіка лянотна, быццам каб наўмысна прыйсці са спазненнем, запаўняла партэр, а як што — ніякіх ложаў тут не было, дык гэта і была глядзельная зала. Такая няспешнасць нас крыху затрывожыла. Ужо цяпер шчокі ў дзяцей ад чакання і стомы гарэлі ліхаманкавым румянцам. Толькі адведзеныя пад стаячыя месцы бакавыя праходы і канец залы пры нашым праходзе былі бітком, там стаялі, з голымі па локаць рукамі крыж-накрыж на паласатых цяльняшках, прадстаўнікі мужчынскай палавіны карэннага насельніцтва Торэ: рыбакі, маладыя хлопцы, якія задзірыста азіраліся па баках, і калі нас парадавала прысутнасць у зале мясцовага працоўнага люду, які адзін толькі і здольны надаць такога роду відовішчам маляўнічасць і гумар, дык дзеці былі проста ў захапленні. У іх былі сябры сярод мясцовых, яны знаёміліся падчас вечаровых шпацыровак на далёкія пляжы. Часта, калі сонца, змардаваўшыся ад тытанічнай працы, скочвалася ў мора, фарбуючы шумавінне прыбою залатым пунсом, мы па дарозе дамоў сустракалі арцелі босых рыбакоў; цугам, упіраючыся нагамі і напружваючы рукі, яны з доўгімі крыкамі выцягвалі сеткі і збіралі свой часцей за ўсё небагаты ўлоў frutti di mare [12] , а нашыя малыя праглядзелі ўсе вочы, на іх гледзячы, пускалі ў абыход тыя некалькі італьянскіх слоў, якія ведалі, пасаблялі цягнуць сеткі, заводзілі сяброўства. І зараз дзеці абменьваліся вітаннямі з гледачамі стаячых месцаў; вунь там стаіць Гіскарда, вунь там Антоніё, дзеці ведалі іх паіменна, махалі рукой і напаўголасу аклікалі, у адказ атрымліваючы ківок ці ўсмешку, якая адкрывала рад моцных белых зубоў. А вунь прыйшоў нават Марыё з «Эсквізіта», той самы Марыё, які падае нам на стол шакалад! Яму таксама зарупіла падзівіцца на штукарствы, і, мабыць, ён прыйшоў загадзя, бо стаіць амаль наперадзе, але і выгляду не падае, што змеціў нас, такая ўжо мода ў яго, дарма што толькі малодшы афіцыянт. Затое мы махаем лодачніку, які выдае на пляжы лодкі напракат, і ён там стаіць, але ззаду, каля самай сцяны.
12
Плады мора (іт.).
Чвэрць на дзесятую… амаль палова… Вы разумееце наша хваляванне? Калі ж мы пакладзем дзяцей спаць? Ясна, не варта было прыводзіць іх сюды, бо адарваць іх ад абяцанага прадстаўлення, ледзь толькі яно пачнецца, будзе проста жорстка. Спакваля партэр запоўніўся: можна сказаць, тут сабраўся ўвесь Торэ; пастойнікі з «Гранд-гатэля», пастойнікі з вілы «Элеанора» і іншых пансіёнаў, усе знаёмыя па пляжы твары. Навокал англійская і нямецкая мовы. І тая французская, на якой румыны звычайна размаўляюць з італьянцамі. За намі праз два рады сядзела сама сіньёра Анджальеры поплеч са сваім рахманым і лысым сужэнцам, які пагладжваў вусы ўказальным і сярэднім пальцамі правай рукі. Усе прыйшлі са спазненнем, але ніхто не спазніўся. Чыпола хацеў, каб яго чакалі.
І прымушаў у літаральным сэнсе. Зацягваючы выхад, ён наўмысна ўзмацняў напружанасць. Можна было зразумець гэты ягоны прыём, але ж усё мае свой край. Каля паловы дзесятай публіка пачала пляскаць — ветлівая форма законнай нецярплівасці, бо яна адначасова гаворыць і за гатоўнасць апладзіраваць. Нашыя малышы ўсе далонькі сабе паадплясквалі, гэта ўжо была ім як бы частка праграмы. Усе дзеці любяць ладкі. З бакавых праходаў і з глыбіні залы пачуліся рашучыя воклічы: «Pronti» i «Cоminciano!» [13] . І што ж, пачаць прадстаўленне, выяўляецца, можна, і ніхто гэтаму не замінае. Ударыў гонг, усе стаячыя павіталі гэты гук шматгалосым «Га-а-а!», і заслона раз’ехалася набакі. Адкрыўся памост, які сваім убранствам больш нагадваў класны пакой, чым сцэну; гэтае ўражанне рабіла чорная аспідная дошка, пастаўленая на падстаўцы на авансцэне злева. Акрамя таго, мы ўбачылі самую звычайную жоўтую вешалку, два сялянскія саламяныя крэслы і ў глыбіні круглы столік, на якім стаяў графін з вадою і шклянка, а на асобным падносіку графінчык меншы з нейкай светлажоўтай вадкасцю і лікёрная чарка. Нам былі дадзены дзве секунды, каб добра разгледзець гэты рэквізіт. Потым, пры незацененай зале, на эстрадзе паявіўся кавальерэ Чыпола.
13
Хутчэй! Пачынай! (іт.).