Вход/Регистрация
Навелы
вернуться

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

Цяпер я ўжо зусім не ведаў, што рабіць у гэтым чужым горадзе, дзе вуліцы, здавалася, пяклі мне падэшвы… Раптам у мяне бліснула думка; у той самы момант я паклікаў каляску, паехаў да таго самага віцэ-рэзідэнта, якому я калісьці дапамог, і папрасіў далажыць пра мяне… У маім выглядзе было, відаць, штосьці дзіўнае, бо ён паглядзеў на мяне неяк спалохана, і праз яго ветлівасць праглядвала трывога… можа, ён тады ўжо ўгадаў ува мне чалавека, якога гоніць амок… Я рашуча заявіў яму, што прашу перавесці мяне ў горад, бо не магу болей вытрымаць на маім пасту… я павінен пераехаць неадкладна… Ён зірнуў на мяне… не магу вам перадаць, як ён на мяне зірнуў… ну, прыкладна гэтак, як глядзіць урач на хворага…

— У вас здалі нервы, мілы доктар, — сказаў ён, — я гэта вельмі добра разумею. Ну, гэта можна будзе як-небудзь уладзіць; пачакайце толькі крышку… скажам, тыдні чатыры… мне трэба спачатку знайсці вам замену.

— Не магу чакаць ніводнага дня, — адказаў я.

Ён зноў кінуў на мяне дзіўны позірк.

— Трэба пацярпець, доктар, — сур’ёзна сказаў ён, — мы не можам пакінуць пост без урача. Але абяцаю вам, што сёння ж займуся гэтым.

Я стаяў перад ім, сціснуўшы зубы, і першы раз выразна адчуваў, што я прададзены чалавек, раб. У мяне ўжо закіпала абурэнне, але ён са свецкаю ветлівасцю апярэдзіў мяне:

— Вы адвыклі ад людзей, доктар, а гэта таксама, зрэшты, хвароба. Мы тут усе здзіўляліся, чаму вы ніколі не прыязджаеце, ніколі не бераце адпачынку. Вам трэба бываць на людзях, забаўляцца. Прыходзьце, скажам, сёння ўвечары — сёння прыём у губернатара, там будзе ўся наша калонія. Многія даўно ўжо хочуць пазнаёміцца з вамі, пытаюцца пра вас і выказваюць пажаданне, каб вы перабраліся сюды.

Апошнія яго словы ўразілі мяне. Пытаюцца пра мяне? Ці не яна? Я адразу быццам перарадзіўся, падзякаваў віцэ-рэзідэнту самымі ветлівымі словамі за запрашэнне і паабяцаў быць без спазнення. І прыйшоў дакладна ў прызначаны час, нават болей, чым дакладна. Ці трэба казаць, што, гнаны нецярпеннем, я першы з’явіўся ў вялізнай зале ўрадавага будынка; маўклівыя жаўтаскурыя слугі мітусіліся навокал, мякка ступаючы босымі нагамі, і, як здалося майму азмрочанаму розуму, пасміхаліся за маёю спінаю. Чвэрць гадзіны я быў адзін сярод гэтага бясшумнага натоўпу і настолькі адзінокі, што чуў ціканне гадзінніка ў кішэні камізэлькі. Нарэшце прыйшлі два-тры чыноўнікі з сем’ямі, а потым з’явіўся і сам губернатар, які пачаў са мною працяглую размову; я ўважліва слухаў і, як мне здавалася, трапна адказваў, пакуль… пакуль мною не авалодала нейкае незразумелае нервовае хваляванне; я страціў дасціпнасць і пачаў адказваць неўпапад. Я стаяў спінаю да дзвярэй залы, але адразу адчуў, што ўвайшла яна, што яна ўжо тут; я не мог бы растлумачыць вам, чаму ўзнікла гэтае перакананне, якое збянтэжыла мяне, але, размаўляючы з губернатарам і прыслухоўваючыся да яго слоў, я ў той час адчуваў дзесьці за сабою яе прысутнасць. На шчасце, губернатар неўзабаве скончыў размову — мне здаецца, калі б ён не адпусціў мяне, я ўсё роўна, не зважаючы на ветлівасць, павярнуўся б, такая моцная была гэтая дзіўная напружанасць маіх нерваў, такая пакутлівая была гэтая патрэба. І сапраўды, ледзь толькі я павярнуўся, як убачыў яе на тым самым месцы, дзе ў думках уяўляў сабе. На ёй была жоўтая бальная сукенка, матава, як слановая косць, паблісквалі яе цудоўныя вузкія плечы; яна размаўляла, акружаная купкаю гасцей. Яна ўсміхалася, але я ўлавіў на яе твары нейкую напружанасць. Я падышоў бліжэй — яна не бачыла ці не хацела мяне бачыць — і ўгледзеўся ў гэтую ўсмешку, прыязную і халодна-ветлівую, якая гуляла на тонкіх вуснах. І яе ўсмешка зноў ап’яніла мяне, бо яна… бо я ведаў, што яна падман, крывадушнасць, віртуознае ўменне прыкідвацца. Сёння серада, мільганула ў мяне ў галаве, у суботу прыходзіць параход, на якім едзе яе муж… Як можа яна так усміхацца, так… так упэўнена, так бесклапотна ўсміхацца і нядбайна гуляць веерам, замест таго каб камячыць яго ад хвалявання? Я… я, чужы… я ўжо два дні дрыжу, чакаючы той гадзіны… я, чужы, пакутліва перажываю за яе страх, яе роспач… а яна прыйшла на баль і ўсміхаецца, усміхаецца, усміхаецца…

Дзесьці ззаду зайграла музыка. Пачаліся танцы. Пажылы афіцэр запрасіў яе; яна папрасіла прабачэння ў сваіх субяседнікаў і прайшла поплеч з ім міма мяне ў другую залу. Калі яна заўважыла мяне, раптоўная сутарга прабегла па яе твары — але толькі на хвілінку, потым яна ветліва кіўнула мне, як выпадковаму знаёмаму, сказала «добры вечар, доктар!» — і знікла, перш чым я паспеў вырашыць, павітацца з ёю ці не. Ніхто не мог бы разгадаць, што хавалася ў позірку гэтых шэра-зялёных вачэй, і я, я сам гэтага не ведаў. Чаму яна прывіталася… чаму раптам пазнала мяне?.. Было гэта самаабаронай, ці крокам да прымірэння, ці проста збянтэжанасцю? Не магу вам выказаць, як я быў узрушаны, ува мне ўсё ўскалыхнулася і гатова было вырвацца наверх. Я глядзеў на яе, як яна спакойна вальсавала ў абдымках афіцэра, з бесклапотным і халодным выразам на твары, а я ж ведаў, што яна… што яна гэтак жа, як і я, думае толькі аб адным… толькі аб адным… што толькі нам дваім у гэтым натоўпе вядома жахлівая таямніца… а яна танцавала… У гэтыя хвіліны мае пакуты, маё імкненне памагчы ёй і захапленне дасягнулі апагею. Не ведаю, ці сачыў хто-небудзь за мною, але, бясспрэчна, я сваімі паводзінамі мог выдаць тое, што гэтак умела ўтойвала яна, — я не мог прымусіць сябе глядзець у другі бок, я павінен быў… так, павінен быў глядзець на яе, я еў яе вачамі, здалёку ўтаропліваўся ў яе замкнёны твар — можа, маска спадзе хоць на момант. Яна, мусіць, адчувала на сабе гэты ўпарты позірк, і ён прыгнятаў яе. Вяртаючыся поплеч са сваім кавалерам, яна бліснула на мяне вачамі ўладна, быццам загадвала знікнуць; ужо знаёмая мне маршчына высакамернага гневу зноў прарэзала яе лоб.

Але… але… я ўжо гаварыў вам… мяне гнаў амок, я не глядзеў ні направа, ні налева. Я імгненна зразумеў яе — гэты позірк гаварыў: «Не прыцягвай увагі! Вазьмі сябе ў рукі!» Я ведаў, што яна… як бы гэта сказаць?.. што яна патрабуе ад мяне стрыманасці тут, у гэтай зале… я разумеў, што пайдзі я цяпер дадому, я мог бы заўтра з упэўненасцю разлічваць на тое, што яна прыме мяне… Яна хацела толькі пазбавіцца ад маёй дакучлівасці тут… я ведаў, што яна — а для гэтага я даваў ёй поўную падставу — баіцца якой-небудзь маёй дзіўнай выхадкі… Вы бачыце… я ведаў усё, я зразумеў гэты катэгарычны шэры позірк, але… але гэта было звыш маіх сіл, я мусіў гаварыць з ёю. Дык вось я паплёўся да купкі гасцей, сярод якіх яна стаяла і размаўляла, далучыўся да іх, хоць ведаў толькі нямногіх. Я падышоў зусім блізка, бо хацеў чуць, як яна гаворыць, але кожны раз сціскаўся, нібы пабіты сабака, пад яе позіркам, які зрэдку холадна слізгаў па мне, быццам я быў палатнянай парцьерай, да якой прыхінуўся, ці паветрам, якое лёгенька гэтую парцьеру калыхала. Але я стаяў і чакаў слова ад яе, якога-небудзь знака прымірэння, стаяў як слуп і не зводзіў з яе вачэй у агульнай размове. Безумоўна, на гэта ўжо звярнулі ўвагу, безумоўна, бо ніхто не сказаў мне ні слова; і яна, мусіць, пакутавала ад маіх недарэчных паводзін.

Як доўга я прастаяў бы, не ведаю… можа, цэлую вечнасць… я не мог вызваліцца ад чараў, якія скавалі маю волю. Мяне быццам паралізавала шалёная ўпартасць… Але яна не вытрымала… З уласціваю ёй чароўнаю прастатою яна раптам сказала, звяртаючыся да мужчын, якія стаялі навокал:

— Я крыху стамілася… хачу сёння раней легчы спаць… Добрай ночы!

І вось яна ўжо прайшла міма мяне, па-свецку холадна кіўнуўшы галавою… Я яшчэ паспеў заўважыць маршчыну на яе лбе, а потым бачыў ужо толькі спіну, белую, халодную, голую спіну. Прайшла нейкая хвіліна, перш чым я зразумеў, што яна пайшла… што я болей не ўбачу яе, не змагу гаварыць з ёю ў гэты вечар, у гэты апошні вечар, калі магчыма выратаванне… і гэтак я стаяў нейкі момант, знерухомеўшы на месцы, пакуль не ўсвядоміў гэтага… а потым… потым…

Але пачакайце… пачакайце… Гэтак вы не зразумееце ўсёй недарэчнасці, усяго глупства майго ўчынку… спачатку я павінен апісаць вам месца дзеяння… Гэта было ў вялікай зале ўрадавага будынка, у вялізнай зале, залітай святлом і амаль пустой… пары пайшлі танцаваць, мужчыны — гуляць у карты… толькі па кутках размаўлялі невялічкія купкі гасцей… Дык вось, зала была пустая, самы нязначны рух кідаўся ў вочы ў яркім святле… і яна павольнаю лёгкаю хадою ішла па прасторнай зале, узняўшы плечы, зрэдку адказваючы на паклоны… ішла з тым цудоўным высакамерным непарушным спакоем, які так захапляў мяне ў ёй… Я… я заставаўся на месцы, як я вам ужо казаў; я быў быццам паралізаваны, пакуль не зразумеў, што яна пайшла… а калі я гэта зразумеў, яна была ўжо ў другім канцы залы каля самага выхаду… Тут… о, дагэтуль мне сорамна ўспамінаць пра гэта… тут нешта раптам штурханула мяне, і я пабег… я не пайшоў, а пабег услед за ёю, і грук маіх абцасаў гучна адбіваўся ад сценаў залы… Я чуў свае крокі, бачыў здзіўленыя позіркі, звернутыя на мяне… я згараў ад сораму… я ўжо ў час бегу разумеў, што я вар’ят… але не мог… не мог спыніцца… Я дагнаў яе каля дзвярэй… Яна павярнулася… яе вочы шэраю сталлю ўпіліся ў мяне, ноздры задрыжалі ад гневу… Я толькі быў разявіў рот… як яна… раптам гучна засмяялася… звонкім, бесклапотным, шчырым смехам і сказала… гучна, каб усе чулі:

— Ах, доктар, толькі цяпер вы ўспомнілі пра рэцэпт для майго хлопчыка… ах, ужо мне гэтыя вучоныя…

Госці, якія стаялі паблізу, дабрадушна засмяяліся… я зразумеў, я быў моцна ўражаны, як па-майстэрску выратавала яна сітуацыю… Я хуценька вырваў з блакнота чысты лісток… яна спакойна ўзяла яго і… пайшла… падзякаваўшы халоднаю ўсмешкаю… У першы момант я абрадаваўся… я бачыў, што яна ўмела загладзіла мой недарэчны ўчынак, выратавала становішча… але я тут жа зразумеў, што для мяне ўсё страчана, што гэтая жанчына ненавідзіць мяне за маю шалёную гарачнасць… ненавідзіць мацней за смерць… зразумеў, што магу сотні разоў падыходзіць да яе дзвярэй, і яна будзе сотні разоў праганяць мяне, як сабаку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: