Шрифт:
Хістаючыся, ішоў я па зале… і адчуваў, што на мяне глядзяць людзі… у мяне быў, відаць, вельмі дзіўны выгляд… Я пайшоў у буфет, выпіў запар дзве, тры, чатыры чаркі каньяку… гэта выратавала мяне ад непрытомнасці… нервы болей не вытрымлівалі, яны быццам абарваліся… Потым я выбраўся цераз бакавы выхад, тайком, як злачынца… Ні за якія багацці на свеце не прайшоў бы я зноў па той зале; дзе сцены яшчэ хавалі водгук яе смеху… Я пайшоў… дакладна не ведаю, куды я пайшоў… у нейкія шынкі — і напіўся… напіўся, як чалавек, які хоча ўсё забыць… але… але мне не ўдалося адурманіць сябе… яе смех гучаў ува мне, рэзкі і злосны… гэты пракляты смех я ніяк не мог заглушыць… Потым я блукаў па беразе каля гавані… рэвальвер я пакінуў у гатэлі, а то абавязкова застрэліўся б. Я болей ні аб чым не думаў і з адною гэтаю думкаю пайшоў да сябе… з думкаю аб левай шуфлядцы камоды, дзе ляжаў мой рэвальвер… толькі з адною гэтаю думкаю.
Калі я тады не застрэліўся… прысягаю вам, гэта была не баязлівасць… было б збавеннем спусціць ужо ўзведзены курок… але, як бы растлумачыць гэта вам… я адчуваў, што на мне яшчэ ляжыць абавязак… так, той самы абавязак… Мяне збівала з панталыку думка, што я магу яшчэ быць ёй карысны, патрэбны ёй… бо была ўжо раніца ў чацвер, а ў суботу… я ж казаў вам… У суботу павінен быў прыйсці параход, і я ведаў, што гэтая жанчына, гэтая гордая жанчына не перажыве свайго ўніжэння перад мужам і перад светам… О, як мучылі мяне думкі аб неразумна страчаным каштоўным часе, аб маёй шалёнай неразважлівасці, якая зрабіла немагчымай своечасовую дапамогу… гадзінамі, прысягаю вам, гадзінамі хадзіў я ўзад і ўперад па пакоі і ламаў галаву, намагаўся знайсці спосаб наблізіцца да яе, выправіць сваю памылку, дапамагчы ёй… Што яна болей не дапусціць мяне да сябе, было мне зусім ясна… я ўсімі сваімі нервамі адчуваў яшчэ яе смех і гнеўнае ўздрыгванне ноздраў… Гадзінамі, гадзінамі бегаў я ў трох метрах майго цеснага пакоя… быў ужо дзень, час набліжаўся да поўдня…
І раптам мяне штурханула да стала… я схапіў пачак паштовай паперы і пачаў пісаць ёй… я ўсё напісаў… я скуголіў, як пабіты сабака, я прасіў у яе прабачэння, называў сябе вар’ятам, злачынцам… умольваў даверыцца мне… Я абяцаў знікнуць адразу ж з горада, з калоніі, памерці, пажадай яна гэтага… толькі б яна прабачыла мне, і паверыла, і дазволіла дапамагчы ёй у гэтую апошнюю, самую апошнюю гадзіну… Я спісаў дваццаць старонак… Мусіць, гэта быў шалёны, дзіўны ліст, падобны на гарачкавае трызненне, бо, калі я ўстаў з-за стала, я абліваўся потам… пакой плыў перад вачамі, я мусіў выпіць шклянку вады… Я паспрабаваў перачытаць ліст, але мне стала страшна пасля першых слоў… дрыготкімі рукамі склаў я яго і хацеў ужо сунуць у канверт… і раптам мне прыйшла новая думка, я знайшоў патрэбнае, рашаючае слова. Яшчэ раз схапіў я пяро і напісаў на апошнім лістку: «Чакаю тут, у Странд-гатэлі, вашага прабачэння. Калі да сямі гадзін не атрымаю адказу, я застрэлюся».
Пасля гэтага я выклікаў званком боя і загадаў яму аднесці ліст. Нарэшце-такі я сказаў ёй усё!
Побач з намі штосьці зазвінела і пакацілася, — неасцярожным рухам ён перакуліў пляшку з віскі. Я чуў, як яго рука мацала па палубе і нарэшце схапіла пустую пляшку; моцна размахнуўшыся, ён кінуў яе ў мора. Некалькі хвілін ён маўчаў, потым загаварыў яшчэ больш гарачкава, яшчэ больш узбуджана і хапатліва.
— Я болей не веру ў бога… у мяне няма ні неба, ні пекла… а калі і ёсць пекла, то я яго не баюся — яно не можа быць страшней за гадзіны, якія я перажыў у тую раніцу, у той дзень… Уявіце сабе маленькі пакойчык, нагрэты сонцам, у якім робіцца ўсё гарачэй ад паўдзённай спёкі… пакойчык, дзе толькі стол, крэсла і ложак… На гэтым стале нічога, акрамя гадзінніка і рэвальвера, а каля стала — чалавек… чалавек, які не зводзіць вачэй з секунднай стрэлкі… чалавек, які не есць, не п’е, не курыць, не рухаецца з месца… які ўвесь час… чуеце, увесь час, тры гадзіны запар… глядзіць на белы круг цыферблата і на стрэлку, якая з ціканнем бяжыць па гэтым крузе… Так… так правёў я гэты дзень, толькі чакаў, чакаў, чакаў… але чакаў як… як робіць усё чалавек, гнаны амокам, — неўсвядомлена, тупа, з шалёнаю, прамалінейнаю ўпартасцю.
Ну… не буду апісваць вам гэтых гадзін… гэта не паддаецца апісанню… я і сам жа не разумею цяпер, як можна было гэта перажыць і не… не звар’яцець… І… у дваццаць дзве хвіліны чацвёртай… я ведаю дакладна, бо глядзеў жа на гадзіннік… пачуўся раптоўны стук у дзверы… Я ўсхопліваюся з месца… усхопліваюся, як тыгр, які кідаецца на здабычу, адным скачком я ўжо каля дзвярэй, расчыняю іх… у калідоры маленькі кітаёнак нясмела працягвае мне запіску. Я выхопліваю ў яго з рук складзеную паперку, і ён знікае.
Разгортваю запіску, хачу прачытаць… і не магу… перад вачамі чырвоныя кругі… Уявіце сабе мае мукі… нарэшце, нарэшце я атрымаў ад яе адказ… а тут усё дрыжыць і скача ў вачах… Я акунаю галаву ў ваду… робіцца лепей… Зноў бяруся за запіску і чытаю:
«Позна! Але чакайце дома. Можа, я вас яшчэ паклічу».
Подпісу няма. Паперка скамячаная, адарваная ад нейкага старога праспекта… словы надрапаны алоўкам паспешна, сяк-так, не яе звычайным почыркам… Я сам не ведаю, чаму запіска гэтак узрушыла мяне… Нешта жахлівае, нешта таямнічае было ў гэтых радках, напісаных як бы ў час уцёкаў, стоячы дзе-небудзь каля падаконніка ці седзячы ў калясцы ў дарозе… Нейкім неапісальным жахам і холадам павеяла на мяне ад гэтай тайнай запіскі… і ўсё-такі… і ўсё-такі я быў шчаслівы — яна напісала мне, мне не трэба яшчэ паміраць, яна дазволіла, каб я дапамог ёй… можа… я мог бы…..о, я адразу перапоўніўся самымі нязбытнымі надзеямі і марамі… Сотні, тысячы разоў перачытваў я маленькую запіску, цалаваў яе… разглядваў, шукаў якое-небудзь забытае, незаўважанае слова… Усё смялей, усё блытаней рабіліся мае мары, гэта быў нейкі гарачкавы сон наяве… нейкае здранцвенне, тупое і разам з тым напружанае, паміж дрымотаю і няспаннем, якое цягнулася ці то чвэрць гадзіны, ці то цэлыя гадзіны…
Раптам я страпянуўся… Як быццам пастукалі?.. Я затоіў дыханне… хвіліна, дзве хвіліны мёртвай цішыні… А потым зноў ціхі, як бы мышыны шорах, ціхі, але настойлівы стук… Я ўскочыў — галава ў мяне кружылася, — ірвануў дзверы, за імі стаяў бой, яе бой, той, якога я тады пабіў… Яго карычневы твар быў попельна-бледны, яго трывожны позірк сведчыў аб няшчасці… Мною авалодаў жах…
— Што… што здарылася? — з цяжкасцю выціснуў я з сябе.
— Come quickly [51] , — адказаў ён… і больш нічога…
51
Ідзіце хутчэй (англ.).
Я адразу кінуўся ўніз па лесвіцы, ён за мною… Унізе стаяла «садо», маленькая каляска, мы селі…
— Што здарылася? — яшчэ раз спытаўся я…
Ён моўчкі зірнуў на мяне, увесь дрыжучы, сціснуўшы зубы… Я паўтарыў пытанне, але ён усё маўчаў і маўчаў… Я ахвотна яшчэ раз пабіў бы яго, але… мяне кранала яго сабачая адданасць ёй… і я не стаў болей пытацца… Каляска так хутка імчалася па ажыўленых вуліцах, што прахожыя з лаянкаю адскоквалі ўбок. Мы праехалі эўрапейскі квартал, берагам падаліся ў ніжні горад і ўляцелі ў шумную мітусяніну кітайскага квартала… Нарэшце мы звярнулі ў вузкую вулічку, дзесьці наводшыбе… спыніліся перад нізкаю халупаю… Домік быў брудны, урослы ў зямлю, з боку вуліцы — крамка, асветленая свечкаю з лою… адна з тых крамак, за якімі хаваюцца курыльні опіуму і публічныя дамы, зладзейскія прытоны і склады крадзеных рэчаў… Бой паспешна пастукаў у дзверы… Дзверы прачыніліся, са шчыліны пачуўся сіпаты голас… ён пытаўся і пытаўся… Я не вытрымаў, саскочыў з каляскі, штуршком адчыніў дзверы… Старая кітаянка спалохана ўскрыкнула і ўцякла… Бой увайшоў за мною, правёў мяне вузкім калідорам… адчыніў другія дзверы… дзверы ў цёмны пакой, дзе пахла гарэлкаю і згуслаю крывёю… Адтуль чуваць быў стогн… Я вобмацкам пачаў прабірацца наперад…